692-гі дзень вайны. Расія скінула бомбы на ўкраінскі Нью-Ёрк

Сабралі галоўныя звесткі за апошнія суткі ва Украіне, якая працягвае супрацьстаяць расійскай ваеннай агрэсіі.

Фота: t.me/VadimFilashkin_donoda

Фота: t.me/VadimFilashkin_donoda

Увечары ў панядзелак, 15 студзеня, расійскія захопніцкія войскі атакавалі авіяцыйнымі бомбамі і ракетай пасёлак Нью-Ёрк у Данецкай вобласці. Пра гэта паведаміў начальнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзім Філашкін у сваім тэлеграм-канале. Паводле яго слоў, расійскія акупанты скінулі на пасёлак дзве кіраваныя авіябомбы і патрапілі ракетай у трохпавярховы дом.

У выніку ўдару абваліўся пад'езд дома, пад заваламі апынуліся пяць чалавек. На месцы працавалі прадстаўнікі ўлады, ратавальнікі і паліцэйскія. Паведамлялася пра трох чалавек, якія атрымалі раненні.

«Гэта чарговая цынічная атака расійцаў па грамадзянскім насельніцтве. Яе дакладныя наступствы будуць вядомы пазней», — дадаў Філашкін, апублікаваўшы фатаграфіі наступстваў расійскага ўдару.

Пазней стала вядома, што ад расійскай атакі ў Нью-Ёрку ніхто не загінуў.


Калаж unian.net

Калаж unian.net

Ноччу расійскі горад Варонеж атакавалі дроны. Мяркуецца, што цэллю гэтай атакі быў ваенны аэрадром Шылава. Як паведамляюць расСМІ, усе восем украінскіх БПЛА ляцелі ў яго бок, пяць былі збіты, а тры падушаныя сродкамі РЭБ. «Аскепкі дронаў упалі ў раёне вуліц Цяплічнай і Астрагожскай. Пашкоджаны восем шматпавярховак і як мінімум 35 кватэр. Усюды выбіта шкло, у адным доме пашкоджаны электракабель», — напісаў тэлеграм-канал «Mash».

Найбольшыя разбурэнні ў першым пад'ездзе дома 6А на вуліцы Цяплічнай — пашкоджанні атрымалі 23 кватэры. У адной з іх абломкамі БПЛА параніла дзевяцігадовую дзяўчынку ў нагу.


Фота: t.me/osirskiy

Фота: t.me/osirskiy

Сухапутныя войскі Узброеных сіл Украіны цяпер знаходзяцца ў «актыўнай абароне» і сканцэнтраваны на ўтрыманні пазіцый уздоўж усходняга ўчастка фронту працягласцю 1000 км.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю «Reuters» камандуючы сухапутнымі войскамі УСУ Аляксандр Сырскі, дадаўшы, што вайскоўцаў не варта скідаць з рахункаў як наступальную сілу. Ён падкрэсліў, што ўкраінскія абаронцы праводзяць невялікія контратакі, трымаючы суперніка напагатове, шукаючы магчымасці для ўдару, у той час як вораг спрабуе аднавіць ініцыятыву.

«Нашы мэты застаюцца нязменнымі: утрыманне нашых пазіцый, знясіленне праціўніка шляхам нанясення максімальных страт», — патлумачыў камандуючы сухапутнымі войскамі УСУ.

У той жа час расійскія акупацыйныя войскі, паводле слоў камандуючага, апошнім часам спрабавалі перахапіць ініцыятыву напярэдадні другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.

«Яны наступалі на некалькіх кірунках уздоўж усходняга фронту з мэтай атрымаць поўны кантроль над прамысловымі раёнамі Данбаса, нягледзячы на вялікія страты ў жывой сіле і боепрыпасах», — сказаў Сырскі, адзначыўшы, што вораг таксама спрабуе вярнуць пазіцыі на поўдні Херсонскай і Запарожскай абласцей.


Фота УСУ

Фота УСУ

За мінулыя суткі адбыліся 94 баявыя сутыкненні. Больш за ўсё расійцы ціснулі на аўдзееўскім кірунку. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Адзначаецца, што на северскім і слабажанскім напрамках праціўнік захоўвае ваенную прысутнасць у прыгранічных раёнах, праводзіць актыўную дыверсійную дзейнасць з мэтай недапушчэння перакідання ўкраінскіх войскаў на пагрозлівыя напрамкі, нарошчвае шчыльнасць мінна-выбуховых загарод уздоўж дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці.

На купянскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі дзве атакі каля Сінькоўкі Харкаўскай вобласці.

На ліманскім кірунку адбіта 13 нападаў ворага паблізу Цернаў, Ямпалоўкі, Торскага Данецкай вобласці і яшчэ 19 — у раёнах Серабранскага лясніцтва, Белагораўкі Луганскай вобласці і Грыгораўкі, Верхнякаменскага, Вясёлага Данецкай вобласці.

На бахмуцкім напрамку УСУ адбілі 7 атак праціўніка непадалёк Іванаўскага, Кляшчыеўкі і Андрэеўкі.

На аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. Паведамляецца, што УСУ стойка трымаюць абарону, наносячы акупантам значныя страты. Так, сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 18 нападаў захопнікаў у раёнах Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ 16 нападаў — каля Северскага, Першамайскага і Невельскага.

На мар’інскім напрамку ўкраінскія вайскоўцы працягваюць стрымліваць ворага ў раёнах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбіта 12 нападаў.

На запарожскім кірунку сілы абароны адбілі тры атакі праціўніка на захад ад Вербавага і Рабоціна.

На херсонскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы па-ранейшаму працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма. Нягледзячы на значныя страты, расійцы не пакідаюць спроб выбіць падраздзяленні УСУ з займаных пазіцый. За мінулыя суткі акупанты здзейснілі беспаспяховы штурм украінскіх пазіцый.


Фота Мінабароны РФ

Фота Мінабароны РФ

Як вядома, украінскія сілы знішчылі расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50 і сур'ёзна пашкодзілі самалёт паветранага каманднага пункта Іл-22 у ноч на 14 студзеня. У той жа час, як гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), расійская інфармацыйная прастора ў асноўным адмаўляла, што ўкраінскія сілы збілі самалёт А-50, і замест гэтага дзіўным чынам сцвярджала, што самалёт быў знішчаны дружалюбным агнём расійскай супрацьпаветранай абароны.

Гэта выглядае дзіўна, адзначаюць аналітыкі, паколькі А-50 выкарыстоўваецца для каардынацыі дзеянняў расійскай авіяцыі і, магчыма, супрацьпаветранай абароны, і сцвярджэнне аб тым, што расійскія СПА збілі А-50, было б катастрафічным правалам з боку расійскіх сіл, калі б гэта было праўдай.

Адзначаецца, што адна з расійскіх крыніц, якая спецыялізуецца на расійскай авіяцыі, абвінаваціла расійскіх камандзіраў, якія не маюць належнага досведу, неабходнага для іх пасад. У той жа час цяперашні камандуючы Паветрана-касмічных сіл Расіі, генерал-палкоўнік Віктар Афзалаў мае вялікі досвед працы ў расійскай супрацьпаветранай абароне.

«Незалежна ад таго, ці стварае адсутнасць досведу пілота якія-небудзь праблемы для расійскіх паветраных аперацый, што выклікае сумневы, яго досвед працы ў галіне супрацьпаветранай абароны павінен быць прыдатным для таго, каб расійскія войскі не збівалі ўласныя самалёты паветранага кіравання», — адзначаюць аналітыкі.

Пры гэтым іншая расійская інсайдарская крыніца сцвярджае, што неўстаноўленыя расійскія суб'екты стварылі фэйк пра тое, як расійскія сілы збілі А-50, каб запэўніць расійскіх пілотаў, што палёты над Чорным і Азоўскім морамі ўсё яшчэ бяспечныя і што прычынай інцыдэнту была чалавечая памылка.

«Незразумела, чаму расійскія пілоты павінны адчуваць сябе камфортней з думкай пра тое, што іх наземныя сродкі супрацьпаветранай абароны з'яўляюцца настолькі некампетэнтнымі», — задаюцца пытаннем аналітыкі ISW.

14 студзеня 2024 года ўкраінскія вайскоўцы знішчылі расійскі самалёт А-50. Адбылося гэта ў зоне акваторыі Азоўскага мора. Паражэнне борта пацвердзіў галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны. Акрамя таго, у той жа дзень быў падбіты паветраны пункт кіравання праціўніка — борт Іл-22.