831-шы дзень вайны. ЦРУ і ФБР вярбуюць расійцаў праз сацсеткі
Наступ на Харкаў з ваеннага пункту гледжання захлынуўся — расійскія ваенныя блогеры пішуць, што баі на тым кірунку фронту становяцца пазіцыйнымі. Аднак гэты наступ змяніў стаўленне саюзнікаў Украіны да спосабаў і метадаў вядзення вайны. Цяпер дазволена скарыстоўваць заходнюю зброю для ўдараў па Расіі. Ці гэтага дамагалася кіраўніцтва РФ, даючы загад «на Харкаў»?
На фронце ва Украіне Пакроўскі кірунак застаецца найбольш актыўным па колькасці расійскіх атак. Сілы абароны стрымліваюць варожыя штурмы, за мінулыя суткі ўсяго на франтах адбылося 60 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку падраздзяленні групоўкі УСУ адбілі 17 атак праціўніка. На іншых кірунках баі крыху сцішыліся. Нідзе не зафіксавана больш за 10 атак.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія войскі нязначна прасунуліся на паўднёвы захад ад Ваўчанска. Расійскія «ваенкоры» сцвярджалі, што ўкраінскія войскі нібыта беспаспяхова контратакуюць у паўночным і цэнтральным Ваўчанску і ў лясных масівах паміж Глыбокім і Лук'янцамі.
Расійскі блогер заявіў, што баі ў Ваўчанску і каля Ліпцаў (на поўнач ад Харкава) становяцца пазіцыйнымі.
Таксама расійскія «ваенкоры» сцвярджалі, што УСУ ужо нанеслі ўдар па калоне расійскай тэхнікі ў Суджы Курскай вобласці (прыкладна 5 км ад украінскай мяжы ў найбліжэйшай кропцы). Адзін расійскі ваенкор крытыкаваў войскі РФ за тое, што яны працягваюць выкарыстоўваць машыны ў доўгіх калонах, нягледзячы на неаднаразовыя выпадкі ўкраінскіх удараў па калонах тэхнікі на працягу вайны.
У акаўнце ў Twitter украінскія крыніцы заявілі, што калона складалася з 18 расійскіх аўтамабіляў.
* * *
У Генштабе УСУ паведамілі, што 1 і 2 чэрвеня расійскія акупанты працягвалі наступальныя дзеянні на Северскім кірунку. Расійскі «ваенкор» распавядаў, што пуцінскія войскі быццам бы прасунуліся на пазіцыі за 2,7 км ад Выемкі.
Расійскія крыніцы сцвярджалі, што войскі РФ нязначна прасунуліся ў паўночна-ўсходняй частцы Часавага Яру і вакол яго 1 і 2 чэрвеня, але ў ISW не выявілі адпаведных доказаў.
Расійскія войскі таксама нязначна прасунуліся на паўночны захад ад Аўдзееўкі — у полі на захад ад Салаўёва, і здзейснілі абмежаванае прасоўванне на паўднёвы захад ад Данецка — на поўнач ад Уладзіміраўкі.
Звязаны з Крамлём блогер сцвярджаў, што расійскія падраздзяленні прасунуліся далей на поўнач і на ўсходнюю ўскраіну Старамаёрскага. Іншы «ваенкор» распавядаў, што войскі РФ нібыта захапілі большую частку Старамаёрскага, і адзначыў, што актыўныя дзеянні ўкраінскіх беспілотнікаў FPV перашкаджаюць прасоўванню 5-й танкавай брыгады (36-й АУС РФ) паблізу Ураджайнага.
* * *
* * *
Інстытута вывучэння вайны (ISW) піша, што дзесяць партнёрскіх краін часткова або цалкам адмянілі абмежаванні на выкарыстанне Украінай прадастаўленай Захадам зброі для нанясення ўдараў па ваенных мэтах на тэрыторыі РФ. Гэтыя палітычныя рашэнні дазволяць Сілам абароны выкарыстоўваць заходнія сістэмы СПА для ўдараў па расійскіх агнявых кропках і плацдармах на памежных тэрыторыях і ў паветранай прасторы Расіі.
У ISW нагадалі, што расійскія ўдары планёрнымі бомбамі і ракетныя абстрэлы наносяцца з паветранай прасторы Расіі. «Дзве батарэі Patriot на поўначы Харкаўскай вобласці будуць мець абмежаваную эфектыўнасць у абароне ад расійскіх паветраных удараў без магчымасці весці агонь па расійскіх самалётах у паветранай прасторы Расіі», — адзначылі эксперты ISW.
* * *
Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну дало амерыканскім спецслужбам рэдкую магчымасць завербаваць інсайдараў Крамля, раз'юшаных вайной, адзначае CNN.
Выданне піша, што ЦРУ публікавала ў сацсетках відэаролікі на расійскай мове з заклікам да патрыятызму незадаволеных расійцаў, што маюць доступ да інфармацыі, якая можа быць карыснай для ЗША. Відэаролікі ўтрымліваюць пакрокавыя інструкцыі для патэнцыйных расійскіх інфарматараў, як пазбегнуць выяўлення расійскімі службамі з дапамогай віртуальных прыватных сетак або VPN і вэб-браўзера Tor, каб ананімна і з дапамогай шыфравання звязацца з агенцтвам праз Dark Web.
«Незадаволенасць стварае для нас унікальную магчымасць. Мы вельмі адкрытыя для кантактаў», — цытуе CNN дырэктара ЦРУ Біла Бернса.
Відэа ЦРУ «было вельмі прадуктыўным», сказаў Бернс 19 красавіка ў выступе ў Гудвінскім універсітэце ў Канэктыкуце. «Яно, прынамсі, надзвычай раззлавала майго расійскага калегу», — жартам заўважыў чыноўнік. Раней прадстаўнік Крамля Пяскоў спрабаваў высмеяць відэа ЦРУ, паказваючы, што яны павінны былі яго размясціць у сетцы VKontakte, а не ў Х, калі хацелі, каб больш расійцаў яго паглядзела.
Падобную працу пачало і ФБР, — вярбоўку расійскіх урадавых крыніц у ЗША шляхам рэкламы ў сацыяльных сетках на тэлефоны, зарэгістраваныя паблізу ад амбасады Расіі ў Вашынгтоне.
«Гэты прамы зварот з'яўляецца незвычайным падыходам, але ён можа аказацца эфектыўным, — кажа Дуглас Лондан, былы кіраўнік замежнага аддзела ЦРУ. — Расійцы, раз'юшаныя на санкцыянаваную дзяржавай карупцыю і злоўжыванні з боку Крамля, не маючы магчымасці дзейнічаць адкрыта, не маюць іншых альтэрнатыў, акрамя пошуку замежнай падтрымкі».
* * *
РФ фінансуе сваю прапаганду ў Еўропе праз «праваабарончы» дзяржаўны фонд, піша The Guardian. Паводле публікацыі, «Фонд падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў» («Правфонд») з'яўляецца аперацыяй уплыву Масквы, якая дзейнічае ў 48 краінах Еўропы і ўсяго свету.
Фонд фінансуе прапагандысцкія сайты, арыентаваныя на еўрапейцаў: група выдаткавала мільёны еўра на фінансаванне прапагандысцкіх і прававых кампаній. Правфонд, як высветлілася, дапамагаў аплачваць абарону асуджанага гандляра зброяй Віктара Бута і забойцы Вадзіма Красікава, а ў яго кіраўніцтва ўваходзіць шэраг былых афіцэраў выведкі.
Больш за тое, публічныя даныя паказваюць, што мясцовыя партнёры «Правфонда» атрымалі мільённыя дзяржаўныя субсідыі ад шэрагу еўрапейскіх краін, дзе фонд мае мясцовыя аддзяленні.
Брытанская прэса адзначае, што гэта выклікае пытанне аб выкарыстанні еўрапейскіх дзяржаўных сродкаў.
Варта адзначыць, што яшчэ ў 2020 годзе ў справаздачы аб нацыянальнай бяспецы службы бяспекі Эстоніі назвала «Правфонд» «псеўдасістэмай прававой абароны», якая «на самай справе з'яўляецца фондам аперацый уплыву».