838-мы дзень вайны. Украіна пачынае знішчаць мэты на тэрыторыі Расіі
ЗША дазволілі выкарыстанне сваёй зброі для таго, каб паражаць ваенныя мэты на тэрыторыі Расіі — але вельмі абмежавана. Дарадца Байдэна ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван крыху перабольшвае важнасць гэтага рашэння. Тым не менш, яшчэ адна «чырвоная рыса» Расіі вымушана парушаная.
За мінулыя суткі на франтах ва Украіне адбылося 73 баявыя сутыкненні. Больш за ўсё атак адбылося на Пакроўскім кірунку, Генштаб УСУ называе сітуацыю «напружанай». Уначы працягваліся дзевяць атак расійскіх войскаў.
«Сілы абароны трымаюць рубяжы, прымаюць меры па недапушчэнні прасоўвання ворага ўглыб тэрыторыі Украіны» — адзначаецца ў зводцы.
На Харкаўскім кірунку адбылося пяць боесутыкненняў «без поспеху для праціўніка» ў раёнах Ваўчанска, Ліпцы і на захад ад Глыбокага.
На Купянскім і Ліманскім кірунках штурмавыя дзеянні расійцаў поспехаў не мелі, сітуацыя кантралюемая.
На Краматорскім кірунку адбылося дзевяць боесутыкненняў, аднак усе спробы расійскіх войскаў палепшыць сваё становішча былі беспаспяховымі.
На Курахоўскім кірунку расійцы восем разоў беспаспяхова атакавалі ўкраінскія пазіцыі ў раёнах Параскавіеўкі і Краснагораўкі. Паводле звестак Генштаба, сітуацыя знаходзіцца пад кантролем Сіл абароны.
На астатніх кірунках істотных зменаў у абстаноўцы не адбылося.
* * *
Па даных Інстытута вывучэння вайны (ISW), Сілы абароны Украіны праводзяць контратакуючую аперацыю ў Харкаўскай вобласці — на поўнач і паўночны ўсход ад Харкава. У той жа час расійскія войскі прасунуліся паблізу Купянска, Северска, Часава Яру, Аўдзееўкі і Данецка.
Верагодна, расійскія войскі нядаўна захапілі Іванаўку (паўднёва-ўсход ад Купянска). Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 9 чэрвеня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўнач ад Іванаўкі, і, як гаворыцца ў справаздачы, РФ магла захапіць населены пункт цягам мінулага тыдня.
Войскі РФ прасунуліся ў мікрараён Канала ў крайнім усходнім раёне горада Часаў Яр і працягвалі наступальныя аперацыі ў гэтым раёне 8 і 9 чэрвеня. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 9 чэрвеня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на захад у прамысловую зону мікрараёна Канала.
Расійскія крыніцы сцвярджалі, што войскі РФ быццам бы захапілі прамысловы раён, аднак у ISW не выявілі візуальныя доказы гэтага.
Апроч таго, адзін расійскі «ваенкор» паскардзіўся, што многія расійскія блогеры малююць прасоўванне РФ у мікрараёне Канала як прарыў, тады як гэтыя поспехі сталі вынікам больш чым 2 месяцаў сістэмных наступальных аперацый, і больш за 2 тыдняў пастаянных расійскіх удараў з выкарыстаннем планіруючых авіябомбаў і тэрмабарычных артылерыйскіх сістэм ТОС армейскага ўзроўню.
Таксама войскі РФ нядаўна прасунуліся на захад ад Аўдзееўкі і працягнулі наступ у гэтым раёне. 8 і 9 чэрвеня расійскія войскі працягвалі наступальныя аперацыі ў раёне адмінмяжы Данецкай і Запарожскай абласцей.
* * *
* * *
Уначы ў панядзелак, 10 чэрвеня, расійскія ўлады чарговым разам перакрылі Крымскі мост, сацсеткі паведамілі пра выбухі ў Крыме. Выбухі былі чутныя ў Еўпаторыі і Краснаперакопску.
Таксама выбухі былі чутныя ў раёне Джанкоя і ў шэрагу іншых населеных пунктаў. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра магчымую працу расійскага СПА.
«Чатыры магутныя выбухі, ад якіх “сцены дрыжэлі”, чулі ў Еўпаторыі і Сакскім раёне. Ёсць здагадка аб прылёце па ваенным аб'екце каля вёскі Навумаўка Сакскага раёна — гэтая інфармацыя не пацверджана. А вось у вёсцы Міхайлаўка Сакскага раёна сінхронна з выбухамі знікла электрычнасць. Таксама нам паведамляюць, што ўсе чатыры ракеты прыляцелі па наземным аб'екце каля Еўпаторыі амаль па вертыкальнай траекторыі, але гэтая інфармацыя таксама не пацверджана», — гаворыцца ў публікацыі тэлеграм-канала Крымскі вецер.
* * *
Расійскі наступ на Харкаў «спыніўся» пасля таго, як Злучаныя Штаты часткова знялі абмежаванні для УСУ на выкарыстанне амерыканскай зброі для нанясення ўдараў па мэтах на расійскай тэрыторыі. Пра гэта ў нядзелю, 9 чэрвеня, заявіў дарадца прэзідэнта Джо Байдэна ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван, паведамляе CBS News.
«Тэмп... аперацыі ў Харкаве спыніўся. Харкаў па-ранейшаму знаходзіцца пад пагрозай, але ў апошнія дні захопнікі не змаглі дамагчыся істотнага прагрэсу па захопу тэрыторыі ў гэтым раёне», — канстатаваў Саліван.
Ён адзначыў, што рашэнне дазволіць страляць па тэрыторыі РФ было слушным. «Проста не было сэнсу не дазваляць украінцам страляць праз лінію фронту, каб уразіць расійскія гарматы і ўстаноўкі, якія страляюць па ўкраінцах», — сказаў Саліван.
Пры гэтым аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) падлічылі, што абмежаваныя дазволы на паразу мэтаў у Расіі прадстаўленай амерыканскай зброяй скарацілі плошчу бяспечнай прасторы расійскіх войскаў толькі на 16 адсоткаў.
Аналітыкі ISW мяркуюць, што Узброеныя сілы Украіны могуць паражаць усе легітымныя вайсковыя мэты ў межах дасяжнасці рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА) у Белгарадскай, Курскай і Бранскай абласцях. Разам з тым, дадаюць у справаздачы, не факт, што сілы абароны Украіны маюць на гэта дазвол. Чыноўнікі ЗША дазволілі Украіне наносіць удары па тэрыторыі Расіі з дапамогай РСЗА для контрбатарэйнага агню, але геаграфічна абмежавалі такія атакі раёнам мяжы з Харкаўскай вобласцю, і УСУ не могуць біць па расійскіх вайсковых мэтах далей у тыл або ў іншыя раёны Курскай і Бранскай абласцей.
* * *
Па даных крыніц брытанскага тэлеканала Sky News, у нядзелю ўкраінскі ваенны самалёт упершыню здзейсніў удар па мэтам на тэрыторыі РФ — у раёне Белгарада быў уражаны камандны пункт, таксама ў суботу сілы абароны ўразілі расійскі дэсантны карабель у Азоўскім моры.
«Хоць ацэнка шкоды яшчэ працягваецца, пацверджана, што гэта было прамое трапленне. Гэта першая паветраная параза, ажыццёўленая ВПС Украіны па мэце на тэрыторыі Расіі», — гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначае тэлеканал, незразумела, які тып боепрыпасаў быў выкарыстаны падчас атакі, а таксама ці была гэта заходняя зброя.