938-ы дзень вайны: Дэтанацыя на складзе боепрыпасаў у расійскім Тарапцы выклікала 17 землятрусаў

Пасля ўдараў дронаў па буйным складзе боепрыпасаў у расійскім горадзе Тарапец пачалася надзвычай магутная дэтанацыя, пажар адбываўся на ўчастку шырынёй 6 кіламетраў.

tarapec_pazar.jpg
  • Украінскія дроны атакавалі Цвярскую вобласць: У горадзе Тарапец абвешчана эвакуацыя з-за пажару і выбухаў на складзе боепрыпасаў

Ноччу дроны СБУ, ГУР і ССА знішчылі буйны склад галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Мінабароны РФ у населеным пункце Тарапец Цвярской вобласці. 

У Тарапцы знаходзяцца дзве вайсковых часткі, але мясцовыя ўлады атаку на склад з боепрыпасамі не прызналі: заявілі толькі, што пажар узнік пасля падзення абломкаў збітага БПЛА. 

Спадарожнікавыя здымкі NASA зафіксавалі цеплавыя сігнатуры амаль на ўсёй тэрыторыі 107-га арсенала галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення ў Цвярской вобласці. Па дадзеных OSINT-экспертаў, на атакаваным складзе захоўваліся, апроч іншага, 122-мм рэактыўныя снарады для “Градаў” і 82-мм артылерыйскія міны.

Украінскія СМІ пішуць са спасылкай на ўласныя крыніцы, што на складзе захоўваліся ракеты, прызначаныя для аператыўна-тактычных ракетных комплексаў Іскандэр, тактычных ракетных комплексаў Точка-У, а таксама КАБы і артылерыйскія боепрыпасы. 

Паводле дадзеных Volcano Discovery, у Цвярской вобласці пасля ўдараў БПЛА па складзе з боепрыпасамі зафіксавалі 17 землятрусаў магнітудай ад 2 да 3,2: «За апошнія 24 гадзіны ў Тарапцы адбылося 17 землятрусаў магнітудай 2,0+, наймацнейшы з якіх склаў 2,8 бала», — гаворыцца ў паведамленні.

У выніку атакі ўкраінскіх дронаў на Тарапец пацярпелі 17 чалавек. Трое з іх дзеці, сцвярджае тэлеграм-канал Mash. 

Паводле звестак Baza, блізу 20 чалавек атрымалі асколачныя раненні. Улады рэгіёну аб пацярпелых не паведамлялі. 

Пазней у Міністэрстве аховы здароўя РФ з’явілася інфармацыя, што ў бальніцы трапілі 13 чалавек. Іх шпіталізавалі ў стане сярэдняй цяжкасці.

Навіны вайны

РФ нанесла ўдар дронам-камікадзэ па Нікапалю Днепрапятроўскай вобласці, параненыя два чалавекі, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.

Войскі РФ атакавалі фермерскую гаспадарку ў вёсцы Малінаўка Краматорскага раёна Данецкай вобласці, параненыя тры чалавекі, паведаміла ўкраінская пракуратура. Яшчэ тры чалавекі параненыя ў выніку расійскіх удараў са ствольнай артылерыі па горадзе Канстанцінаўка.

Вярхоўная Рада Украіны прыняла ў цэлым законапраект №11417 аб павелічэнні бюджэту ў гэтым годзе на 500 млрд грыўняў на ваенныя патрэбы. 

СБУ паведаміла, што затрымала агента ФСБ сярод украінскіх вайскоўцаў у баявой брыгадзе, якая ваюе на Пакроўскім кірунку. Ён рыхтаваў серыю паветраных удараў РФ па месцах дыслакацыі ўкраінскіх войскаў, за што яму было абяцана 1 млн рублёў.  Завербавалі ўкраінца дыстанцыйна, абяцаныя грошы не выплацілі. Ён быў затрыманы, калі фіксаваў геалакацыі перадавых пазіцый УСУ. 

У Крапіўніцкім у выніку расійскай атакі пашкоджаны некалькі жылых дамоў — адзін чалавек загінуў, адзін паранены, паведаміў кіраўнік Кіраваградскай вобласці Андрэй Райковіч.

Інфаграфіка Генштапа УСУ

Інфаграфіка Генштапа УСУ

Украінская супрацьпаветраная абарона ўначы знішчыла 46 з 52 ударных БПЛА, пяць дронаў лакацыйна страчаныя, яшчэ адзін паляцеў у Расію, паведамілі ў паветраных сілах УСУ. 

Акрамя таго, Расія ўначы нанесла ўдар трыма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69, якія дзякуючы супрацьдзеянню УСУ не дасягнулі сваіх мэтаў. Ёсць пашкоджанні сельскагаспадарчай тэхнікі, папярэдне, абышлося без ахвяр і пацярпелых. 

Колькасць пацярпелых у выніку ўчорашніх расійскіх удараў па Кіеўскім раёне Харкава ўзрасла да дзевяці, сярод іх чацвёра ратавальнікаў і 15-гадовы падлетак, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. Яшчэ адзін чалавек пацярпеў у выніку артабстрэлу вёскі Богадухаўскага раёна.

Уначы расійскія войскі атакавалі "шахедамі" энергетычныя аб'екты горада Сумы. У Краснапольскай абшчыне ў выніку артылерыйскага абстрэлу паранены адзін чалавек.

У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў, чацвёра атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін.

У Данецкай вобласці за 17 верасня ў выніку расійскіх абстрэлаў паранены адзін чалавек — у Канстанцінаўцы.

Страты РФ паводле стану на раніцу 18 верасня. Інфаграфіка Генштапа УСУ

Страты РФ паводле стану на раніцу 18 верасня. Інфаграфіка Генштапа УСУ

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 18 верасня: асабовага складу — каля 637 010 (+1130) чалавек, танкаў — 8691 (+6), баявых браніраваных машын — 17 080 (+3), артылерыйскіх сістэм  — 18 154 (+25),БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню  — 15 354 (+25), крылатых ракет — 2592 (+0), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў  — 24 784 (+45), спецыяльнай тэхнікі  — 3109 (+18).

Мінабароны РФ заявіла, што СПА ноччу знішчыла 54 БПЛА, з іх 27 — над Курскай вобласцю, 16 — над Бранскай, сем — над Смаленскай, тры — над Белгародскай і адзін — над Арлоўскай.

Навіны заходніх партнёраў Украіны

Le Monde піша са спасылкай на крыніцы, што адзін з пунктаў плана перамогі Зяленскага — запрашэнне ў NATO. Паводле інфармацыі выдання, прэзідэнт Украіны спадзяецца атрымаць ад Байдэна запрашэнне да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.

Падчас 11-й сустрэчы Core Group па стварэнні спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны яе ўдзельнікі дасягнулі згоды наконт агульнай канцэпцыі стварэння спецтрыбунала, паведаміў Офіс Зяленскага. У прыватнасці, была вызначана мадэль трыбунала, які будзе створаны пагадненнем з Радай Еўропы. Удзельнікі Core Group перайшлі ад агульных пытанняў фармату спецтрыбуналу да абмеркавання праекта Статута. 

У сустрэчы прыняла ўдзел 41 дэлегацыя. Усе яны пацвердзілі, што асобы, вінаватыя ў злачынстве агрэсіі супраць Украіны, будуць прыцягнутыя да адказнасці, а таксама вызначылі наступныя крокі па стварэнні спецтрыбуналу.

Эстонская абаронная кампанія Frankenburg Technologies паведаміла, што пачне вытворчасць супрацьдронавых ракетных сістэм ва Украіне.

Літва да канца года плануе даць Украіне дадатковую дапамогу на суму 40-50 млн еўра ў дадатак да 153 млн еўра, якія ўжо былі вылучаныя ў 2024 годзе, паведаміў міністр абароны Лаўрынас Кашчунас. З гэтай сумы 10 млн прадугледжана на вытворчасць ракетнага беспілотнага комплексу “Паляніца” на тэрыторыі Украіны, а таксама на закупку радараў, абсталявання для размініравання і сістэм СПА малой далёкасці.