942-гі дзень вайны. Феерычны вынік выпрабаванняў ракеты "Сармат"
На адной са стартавых пляцовак касмадрома «Плясецк» на спадарожнікавых здымках выявілі велізарную варонку і сляды пажару. Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
Як піша ў сацыяльнай сетцы X OSINT-аналітык @MeNMyRC1, гаворка ідзе аб няўдалым выпрабаванні расейскай міжкантынентальнай балістычнай ракеты РС-28 “Сармат”, якая выбухнула ў шахце і фактычна знішчыла інфраструктуру стартавай пляцоўкі “Юбілейная”. Эксперт адзначае, што падарвацца магло вадкае ракетнае паліва ў працэсе запраўкі, гэта значыць непасрэдна да запуску справа магла не дайсці, і нагадвае, што гэта ўжо чацвёртае няўдалае выпрабаванне ракеты “Сармат”. Адзіны паспяховы, як сцвярджала Мінабароны РФ, запуск ракеты з касмадрома “Плясецк” адбыўся 20 красавіка 2022 года.
*****
Падчас начной бамбардзіроўкі Харкава пацярпеў 21 чалавек. Сярод іх двое ў цяжкім стане, трое ў лёгкім. Восем чалавек шпіталізаваныя. Сярод тых, хто пацярпеў, трое непаўнагадовых.
Паводле кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Алега Сінегубава, на горад былі скінутыя тры фугасныя бомбы ФАБ-250.
*****
Праз атаку ўкраінскіх БПЛА на ваенны склад у Таропцы Тверской вобласці Расія 18 верасня згубіла запас боепрыпасаў, разлічаны на 2-3 месяцы: прыкладна 750 тысяч боепрыпасаў вагаю каля 30 т тон, паведамляе выведка Эстоніі. Паводле начальніка Цэнтру выведкі Эстоніі палкоўніка Аантса Ківіселы, дадатковыя боепрыпасы былі перавезены на склад незадоўга да атакі і захоўваліся на вуліцы, а не ў памяшканні.
*****
У ноч на 22 верасня сіламі СПА збіты 71 ударны БПЛА, яшчэ шэсць беспілотнікаў у выніку процідзеяння РЭБ лакацыйна страчаныя, паведамілі Паветраныя сілы Украіны.
Па даных украінскіх вайскоўцаў, расейцы нанеслі ўдар дзвюма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69 з паветранай прасторы часова акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласці і выпусцілі па Украіне 80 ударных БПЛА тыпу «Shahed» з расійскіх Ейска і Курска.
Супрацьпаветраная абарона працавала ў Хмяльніцкай, Вінніцкай, Чаркаскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Кіеўскай, Сумскай, Палтаўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях.
*****
Агульныя баявыя страты РФ за ўвесь час шырокай вайны склалі:
-
асабістага складу – каля 642420 (+1500),
- танкаў ‒ 8768 (+22),
- баявых браніраваных машын ‒ 17222 (+52),
- артылерыйскіх сістэм – 18333 (+63),
- РСЗВ – 1195 (+2),
- сродкі СПВАА ‒ 949 (+0),
- самалётаў – 369 (+0),
- верталётаў – 328 (+0),
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню – 15628 (+67),
- крылатых ракет ‒ 2595 (+0),
- караблёў/кацераў ‒ 28 (+0),
- падводных лодак -- 1 (+0),
- аўтамабільнай тэхнікі ды аўтацыстэрн – 25023 (+57),
- спецыяльнай тэхнікі ‒ 3144 (+19).