Байцы ПКК узялі ў палон двух удзельнікаў ПВК «Вагнер», хочуць абмяняць іх на пабрацімаў
Байцы палка Каліноўскага ўзялі ў палон двух наймітаў ПВК «Вагнер». У распаўсюджаным палком відэа двое палонных распавядаюць, што іх завербавалі ў калоніі, ва Украіне яны ваююць ужо каля двух месяцаў.
Мужчыны пацвярджаюць, што ў палоне з імі абыходзяцца нармальна.
На відэа прадстаўнік палка заклікаў тых, хто збіраецца ісці ваяваць ва Украіну, каб зняць з сябе судзімасць — здавацца ў палон байцам палка Каліноўскага, «якія дзейнічаюць амаль па ўсіх франтах», гарантаваўшы ім «нармальнае чалавечае стаўленне, аказанне медыцынскай дапамогі і захаванне ўсіх правоў».
У канцы роліка палонныя вагнераўцы просяць расійскае камандаванне абмяняць іх на байцоў палка Каліноўскага, якія знаходзяцца ў расійскім палоне.
Нагадаем, у канцы чэрвеня падчас баёў пад Лісічанск у палон трапілі два беларускія добраахвотніка з палка Каліноўскага. Гэта Ян Дзюрбейка (пазыўны «Тромблі») і Сяргей Дзёгцеў (пазыўны «Клешч»).
У тым баі загінуў камандзір батальёна Павел «Волат» і Іван Марчук з пазыўным «Брэст». Пазней у прарасійскіх пабліках з’явіліся відэа допыту Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзёгцева.
Святлана Ціханоўская тады падкрэсліла, што палонныя каліноўцы з'яўляюцца кантрактнымі вайскоўцамі УСУ і іх статус — ваеннапалонныя. «Падкрэсліваем, што яны з’яўляюцца кантрактнымі вайскоўцамі, і адпаведна іх статус цяпер — ваеннапалонныя. Мы будзем дамагацца вызвалення герояў. Спадзяюся, што ўсе добраахвотнікі, якія зніклі, змогуць вярнуцца» — гаварылася ў паведамленні Ціханоўскай.
Усяго падчас вайны ва Украіне загінулі не менш за 16 беларускіх дабраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расійскай агрэсіі. Раней паведамлялася пра гібель Іллі Хрэнава, Аляксея Скоблі, Дзмітрыя Апанасовіча, Дзмітрыя Рубашэўскага, Канстанціна Дзюбайлы, Паўла «Волата», Івана «Брэста» Марчука, Васіля Парфянкова, Васіля Грудовіка, Вадзіма Шатрова, Аляксея «Якуба» Аўдзеенка і іншых.