«Быў упэўнены, што не прычыню нікому шкоды»
Расеец, які адкрыў стральбу ў ваенкамаце, патлумачыў матывы.
Жыхар Іркуцкай вобласці Руслан Зінін, які адкрыў стральбу ў ваенкамаце Усць-Ілімска (Іркуцкая вобласць), напісаў адкрыты ліст, у якім патлумачыў матывы сваіх дзеянняў.
Па словах Зініна, ён прыйшоў у
ваенкамат з упэўненасцю, што ў яго сілах будзе не дапусціць мабілізацыі
малодшага брата, якому напярэдадні прыйшла позва. «Я таксама да апошняга
моманту быў свята ўпэўнены, што не прычыню нікому якой-небудзь шкоды. Я
катэгарычна супраць гвалту з малых гадоў, усе, хто мяне блізка ведаюць, могуць
гэта пацвердзіць», — падкрэсліў Зінін.
Мужчына распавёў, што яго «па сёння мучаюць кашмары», пасля таго, як ён убачыў пасмяротныя фота свайго
18-гадовага школьнага прыяцеля, які быў прызваны на тэрміновую службу ў
лістападзе 2021 года і загінуў у першыя дні вайны ва Украіне. «Уявіўшы на імгненне, што мне калі-небудзь, не дай Бог, прыйдзецца
ўбачыць такім свайго роднага чалавека, я зразумеў, што не змагу жыць далей,
ведаючы, што нічога не распачаў, каб гэтага не дапусціць, і гатовы быў з голымі
рукамі кінуцца пад танк за любога з сваіх братоў», — адзначыў Зінін.
Па словах мужчыны, брат, якому
прыйшла павестка, меў, як і сам Зінін, прафесію ваеннага вадзіцеля, якая ва
ўмовах вайны фактычна рабіла яго «смяротнікам».
«Мой пратэст сям'я рашуча адпрэчыла,
заявіўшы, што альтэрнатывай з'яўляецца турма, яны былі запалоханыя. Тады я
зразумеў, што разлічваць можна толькі на сябе. Усё адбылося занадта хутка, таму
я лічу, што не здолеў засцерагчы сябе і людзей ад непрадбачаных абставінаў. Усё
тое, што адбылося далей у будынку ваенкамата, лічу следствам сваіх фатальных
памылак і трагічным збегам абставінаў».
У лісце Зінін падкрэсліў, што не
сутыкаўся з катаваннямі з боку сілавікоў, але адзначыў, што мае патрэбу ў
дапамозе грамадзянскіх лекараў, бо ў СІЗА няма неабходнага дыягнастычнага
абсталявання. Ён таксама папрасіў «данесці спачуванні» да параненага
ім ваенкама і яго сваякоў.
Зінін адкрыў стральбу ў ваенкамаце
Усць-Ілімска 26 верасня, неўзабаве пасля пачатку мабілізацыі ў Іркуцкай
вобласці. У выніку інцыдэнту вайсковы камісар раёна Аляксандр Елісееў быў цяжка
паранены і трапіў у рэанімацыю, 14 лістапада яго выпісалі з лякарні. СК
узбудзіў крымінальную справу па артыкулах аб замаху на жыццё вайскоўца і
незаконным нашэнні зброі. Зінін знаходзіцца пад арыштам.
Паводле «Медузы».