Ці патрэбны немцам новы гімн?

Германія падзялілася на два лагеры, якія не могуць знайсці кампрамісу наконт дзіўнага пытання — ці патрэбна змяняць цяперашні дзяржаўны гімн «Песня немцаў»?

Фота www.bbc.com

Фота www.bbc.com

«Нам бы іх праблемы», «няма чаго людзям рабіць»… Напэўна так адрэагуе сярэднестатыстычны беларус, калі даведаецца, што ў ФРГ ідуць гарачыя дэбаты наконт зместу песні, што была напісаная аж у далёкім XVIII стагоддзі Генрыхам Гофманам фон Фалерслебенам. І глыбока памыліцца, паколькі за тэмай гімну хаваецца вельмі шмат важных для нямецкага грамадства наратываў.

Ініцыятарам дыскусіі наконт рэформы гімну стаў Бода Рамелоў — прэм’ер-міністр зямлі Цюрынгія. Рамелоў у чымсьці ўнікальны па нямецкіх мерках рэгіянальны кіраўнік, паколькі абапіраецца ў зямельным парламенце на картэль левых партый — зялёныя, эсдэкі і левыя. Звычайна тыя палітструктуры хранічна не здольныя выйсці на дыялог. Акрамя гэтага Рамелоў намагаецца выглядаць вядучым абаронцам інтарэсаў усходніх немцаў і спадчыны Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Ажно да таго, што спрабаваў стварыць інстытут памяці ГДР.

Прапанова наконт новага гімну з той жа оперы — клопату пра забабоны былых грамадзян Усходняй Германіі. Паводле палітыка, на Усходзе нават праз 30 гадоў лічаць гэты гімн чужым, паколькі «Песня немцаў» для мясцовых жыхароў засталася гімнам ФРГ. Трэба прызнаць, што нейкая рацыя тут прысутнічае. Інакш бы падчас перамоў пра аб’яднанне Германіі ў 1990 годзе не гучала ідэя новых сімвалаў для новай нямецкай дзяржавы.

На гэтым спіс прэтэнзій Рамелоў на адрас «Песні немцаў» не вычэрпваецца. Палітыка бянтэжыць трэцяя страфа — «адзінства і права, і свабода», якая нагадвае яму пра часы нацызму. Тут варта адзначыць, што першая страфа «Песні немцаў» — «Германія, Германія вышэй за ўсё» — была фрагментам гімну Трэцяга Рэйху. Не дзіўна, што ў 1945 годзе саюзнікі твор фон Фалерслебена банальна забаранілі.

Затое ў 1952-м спяваць твор не толькі дазволілі, аднак і раптам зрабілі гімнам ФРГ. Праўда, з адной важнай папраўкай: першую страфу пра Германію вышэй за ўсё з тэксту выкраслілі. Аднак, як бачым, там усё роўна хапае іншых месцаў, што нагадваюць пра дыктатуру нацыстаў. Дарэчы, у праціўнікаў «Песні немцаў» ужо ёсць альтэрнатыва. Замест цяперашняга гімну прапануецца спяваць «Дзіцячую песню», што напісаў вядомы пісьменнік Бертольд Брэхт.

Прапанову наконт эрзацу для «Песні немцаў», а таксама іншыя фантазіі Рамелоў кансерватыўная грамадскасць сустрэла, мякка кажучы, не вельмі прыхільна. «Далоў рукі ад гімну», — лейтматыў каментараў практычна ўсіх лідараў урадавай партыі Саюз хрысціянскіх дэмакратаў (CDU). Яны, уключаючы канцлера Ангелу Меркель, запусцілі нешта падобнае на флешмоб — прызнаюцца ў любові да цяперашняй афіцыйнай мелодыі. Некаторыя нават кажуць пра крамольны падтэкст тэзісаў Рамелоў. Маўляў, той з дапамогай нявіннай тэмы актуальнасці гімну на самай справе ставіць пад пытанне паспяховасць праекту адзінай Германіі.

Такі агрэсіўны стыль каментараў кансерватараў часткова тлумачыцца і тым, што ідэі рэгіянальнага палітыка прагучалі ва ўнісон з іншай рэзананснай антысістэмнай заявай. Кевін Кюхнер, правадыр маладых эсдэкаў, рашуча заклікаў да нацыяналізацыі ўсёй буйной вытворчасці, паколькі «свет вольных людзей засяроджаны на калектыўных патрэбах, а не на ідэях індывідуальнага прыбытку».

Напэўна, яшчэ ўчора ў разважаннях Кюхнера пабачылі б нешта маргінальнае і неадэкватнае. Аднак зараз стаўленне да такіх прапаноў іншае. Хуткі сыход Ангелы Меркель з палітыкі ўспрымаецца шматлікімі немцамі як шанец на перазапуск краіны. Таму рэвалюцыйныя заклікі Кюхнера нечакана знайшлі калектыўнага адрасата.

Тое ж масавае адчуванне неабходнасці абнаўлення краіны пасля заканчэння эры Меркель гуляе і на карысць ідэяў Рамелоў. Нават сярод заходніх немцаў, якія далёкія ад прыколаў жыхароў экс-ГДР, хапае аматараў інавацый. Узгадваюць адносна свежы скандал з футбалістам турэцкага паходжання Месутам Азілам, які, насуперак бліскучай кар’еры, так і не змог цалкам інтэгравацца ў нямецкі соцыум. Прычыну правалу праекту мультыкультурнага грамадства шмат хто бачыць у архаічнасці канцэпту нямецкай дзяржавы і яе сімвалаў.

Нарэшце, трэба згадаць такі моцны фактар, як жаночы рух. Захад перажывае фенаменальны выбух палітычнай свядомасці жанчынаў, якія ставяць пад сумнеў усе догмы патрыярхальнага мінулага. Нямецкія феміністкі даўно абураюцца тым, што ў тэксце гімну няма ніводнага пасажа пра слабы пол. Важны аргумент на карысць пазіцыі феміністак — нядаўнія карэкціроўкі гімнаў у Аўстрыі і Канадзе, якія сталі гучаць больш палітычна карэктна. У гэтым плане змянення «Песні немцаў» сапраўды выключаць нельга. Як мінімум, з тэксту гімна можа знікнуць фрагмент «па-братэрску з сэрцам і рукой», які шматлікія немкі трактуюць як падспуднае замацаванне мужчынскага дамінавання.