Германія. Біялагічныя бацькі зменяць свет

Нямецкі часопіс «Spiegel» са спасылкай на сацыёлагаў прагназуе нешта накшталт рэвалюцыі ў заходніх элітах.

dzeci_2.jpg


Усё большы ўплыў у грамадстве, на думку выдання, будуць атрымліваць незвычайныя сем’і. Іх чальцоў аб’ядноўвае тое, што іх агульнымі біялагічным бацькам быў нейкі (як правіла, ананімны) донар спермы. Часам дзяцей ад такога бацькі можа быць больш за дзясятак. 

Раней дзеці донара не асабліва цікавіліся тым, што ў іх ёсць браты і сёстры. Сёння сітуацыя змяняецца. Усё больш папулярным у гэтым асяроддзі становіцца пошук такіх сваякоў у інтэрнэце ці праз адмысловыя фірмы. У выніку пошукаў звычайна ладзяцца агульныя сустрэчы. 

Прычым справа на гэтых сустрэчах не абмяжоўваецца фармальным знаёмствам і пазітыўнымі эмоцыямі наконт такой колькасці сваякоў. Браты і сёстры ўсталёўваюць кантакты, гуртуюцца ў нейкі «нефармальны клан узаемадапамогі». 

Як сцвярджае «Spiegel», з улікам большай колькасці «сваякоў», чальцы гэтай сеткі ўзаемадапамогі будуць мець значна больш шанцаў зрабіць кар’еры, чым дзеці звычайных бацькоў.

Паводле нямецкай прэсы