Цяпер афіцыйна: Зяленскі зацвердзіў немагчымасць перамоў з Пуціным
Прэзідэнт Украіны падпісаў Указ аб рашэнні Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, дакумент ужо ўступіў у сілу. У ім заканадаўча замацоўваецца немагчымасць перамоў з цяперашнімі ўладамі Расіі.
Уладзімір Зяленскі ўвёў у дзеянне рашэнне СНБА ад 30 верасня, у якім, у прыватнасці,
гаворыцца аб тым, што Украіна не можа весці перамовы з кіраўніком РФ
Уладзімірам Пуціным.
Адпаведны Указ ужо апублікаваны на сайце ўкраінскага лідара.
Зяленскі падпісаў Указ №679/2022 аб рашэнні СНБА «наконт адказных дзеянняў Украіны на спробу Расійскай Федэрацыі анексаваць
тэрыторыі Украіны, з мэтай забеспячэння бяспекі еўраатлантычнай прасторы, Украіны і аднаўлення яе тэрытарыяльнай цэласнасці».
У першым пункце рашэння Савета нацбяспекі гаворыцца, што
канстатуецца «немагчымасць правядзення перамоў з прэзідэнтам Расійскай
Федэрацыі Пуціным».
Варта адзначыць, што ўказы прэзідэнта ўступаюць у сілу з
моманту іх апублікавання.
30 верасня Уладзімір Пуцін абвясціў аб анексіі частак
чатырох абласцей Украіны — Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай, у якіх
Расія пад рулямі аўтаматаў правяла псеўдарэферэндумы аб уваходжанні ў склад РФ.
Расійскія «рэферэндумы» на сёння прызнала толькі Паўночная Карэя.
Таксама 30 верасня Пуцін прапанаваў Украіне перамовы.
У гэты ж дзень прайшло пасяджэнне СНБА. Пасля пасяджэння Уладзімір Зяленскі заявіў, што дамовіцца аб суіснаванні з Пуціным немагчыма і Кіеў будзе весці дыялог з іншым расійскім прэзідэнтам.
Акрамя таго, 30 верасня Зяленскі падпісаў заяўку на
ўступленне Украіны ў НАТА ў паскораным парадку.
Паводле unian.net.