Цяжар каланізатара

50-я ўгодкі незалежнасці Афрыкі, якія адзначаюцца сёлета, можна таксама назваць юбілеем палітыкі вайсковых інтэрвенцый Францыі на Чорным кантыненце.

За паўстагоддзя Францыя ператварылася ў Афрыцы ў нешта сярэдняе паміж жандарам і службай выратавання. 40 (!) разоў за 50 гадоў французскія вайскоўцы выконвалі розныя місіі, прычым не толькі ў сваіх былых калоніях. Калі сітуацыя станавілася крытычнай, французаў на дапамогу выклікалі кіраўнікі дзяржаў, якія калісьці ў якасці калоній і мандатных тэрыторый належалі Вялікабрытаніі, Італіі, Бельгіі.



4f1f29888cabf5d45f866fe457737a23.jpg

50-я ўгодкі незалежнасці Афрыкі, якія адзначаюцца сёлета, можна таксама назваць юбілеем палітыкі вайсковых інтэрвенцый Францыі на Чорным кантыненце.
За паўстагоддзя Францыя ператварылася ў Афрыцы ў нешта сярэдняе паміж жандарам і службай выратавання. 40 (!) разоў за 50 гадоў французскія вайскоўцы выконвалі розныя місіі, прычым не толькі ў сваіх былых калоніях. Калі сітуацыя станавілася крытычнай, французаў на дапамогу выклікалі кіраўнікі дзяржаў, якія калісьці ў якасці калоній і мандатных тэрыторый належалі Вялікабрытаніі, Італіі, Бельгіі.
Лічыцца, што асновы палітыкі вайсковых інтэрвенцый заклалі дамовы, якія французы заключылі ў 1960 годзе з урадам кожнай са сваіх былых калоній. Дамовы былі напісаныя пад шаблон, і адзін з пунктаў гарантаваў мясцоваму ўраду вайсковую дапамогу ў выпадку неабходнасці.
Хаця першы раз Парыж даслаў войскі сыходзячы выключна са сваіх скурных інтарэсаў. Калі ў 1956 годзе Туніс абвясціў незалежнасць, адразу ўзнікла пытанне вайсковай французскай базы ў партовым горадзе Бізерце. Шарль дэ Голь вельмі баяўся, што ў Бізерце, які знаходзіцца побач з Алжырам, прыхільнікі алжырскай незалежнасці створаць свой плацдарм. Адпаведна, французы адмовіліся эвакуяваць персанал. Па Тунісу пракацілася антыфранцузская грамадская кампанія, якая закончылася ўзброенымі правакацыямі і блакадай базы.
Тады ўпершыню было вырашана выкарыстаць paras (так у Францыі называюць дэсантнікаў). Увогуле, paras і салдат Іншаземнага легіёну пасылаюць на першую лінію падчас падобных аперацый. У Бізерце дэсантнікі хутка выцеснілі праціўніка. Спачатку ўрад Тунісу пратэставаў у ААН і пагражаў разарваць адносіны з Парыжам, аднак пасля пайшоў на кампраміс. У 1963 годзе французы самі эвакуявалі базу.
Французска-туніскі канфлікт — выключэнне з правілаў. Звычайна французы прыходзяць у тую ці іншую краіну Афрыкі па рашэнню міжнароднай супольнасці або па просьбе тутэйшых палітыкаў. Упершыню так здарылася ў Габоне ў 1964 годзе. Там афіцэры і апазіцыя пазбавілі ўлады вельмі аўтарытарнага прэзідэнта Леона Мба (ён праславіўся тым, што хадзіў па вуліцах з палкай і збіваў кожнага мінака, які не салютаваў яму). Дарма змоўнікі прасілі французскага пасла не дасылаць paras. Тыя прыйшлі і аднавілі статус-кво. Праўда, пасля французы зразумелі, што памыліліся. У Мба пачалася псіхічная хвароба. Яго вывезлі ў Парыж, а ў Габоне прызначылі новага больш адэкватнага прэзідэнта.
Нельга сказаць, што французскі спецназ падтрымліваў выключна дыктатараў. У 1979 годзе французы дапамаглі легітымнаму прэзідэнту Давіду Даско вярнуць сабе кантроль над Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай. Адначасова была знішчана дыктатура імператара Жана-Бідэля Бакасы, які, як вядома, быў канібалам і папросту еў сваіх апанентаў.
Асобную старонку займаюць учынкі французаў у Афрыцы ў часы “халоднай вайны. Так, у 1977 годзе Нацыянальны фронт вызвалення Конга (FNLC) пачаў вайсковыя дзеянні супраць празаходняга ўраду Заіру. За FNLC стаялі Ангола — сатэліт Масквы і Гаваны. Паўстанцам удалося захапіць стратэгічна важны горад. Навіна яго пра падзенне шакавала ўлады Заіру. Тагачасны прэзідэнт краіны Мабуту асабіста абрываў тэлефон французскага прэзідэнта Валеры Жыскар д’Эстэна, молячы яго пра падтрымку. Французы ў выніку дапамаглі ачысціць горад ад партызан.
Гэта аперацыя стала хрэстаматыйнай. Згубіўшы прыкладна 5 чалавек, paras забілі 250 паўстанцаў, якія трымалі ў жаху жыхароў Колвеці. Нядзіўна, што тубыльцы сустракалі французаў кветкамі. Парадокс у тым, што ад тэрору партызан іх вызваліў другі полк Іншаземнага легіёну. Менавіта гэта фармаванне ў часы алжырскай вайны выклікала самы вялікі жах у мірнага насельніцтва.
Варта таксама згадаць пра ўдзел французаў у канфлікце ў Чадзе ў 1970–1980-я гады. Парыж стаяў на баку ўраду Хісена Хабрэ, якому на поўначы краіны яшчэ з 1960-х супрацьстаяў паўстанцкі сепаратысцкі рух. У 1980-я ў сепаратыстаў знайшоўся спонсар — Лівія. Лінія фронту хутка рушыла на поўдзень. Французы дапамаглі Хабрэ спыніць наступ паўстанцаў і стварыць яму больш-менш здатную армію.
Больш таго, у лютым 1985 года французскія самалёты нанеслі ўдар па аднаму лівійскаму гораду, дзе партызаны знайшлі сабе прытулак. Увесь парк вайсковых самалётаў на мясцовым аэрадроме быў знішчаны. Абураны Муамар Кадафі ў адказ даў загад бамбіць сталіцу Чаду Нджамену. Аднак да гораду змог даляцець толькі адзіны савецкі “Ту, і той нічога кепскага не зрабіў.
Інтарэсы Лівіі і Францыі таксама перасякаліся ў Марока, дзе Трыпалі падтрымліваў сепаратысцкі Фронт вызвалення Заходняй Сахары. А вось барацьба з сепаратыстамі ў Руандзе стала чорнай плямай на рэпутацыі paras. Армія, якую падрыхтавалі французскія спецыялісты, адыграла вядучую ролю ў генацыдзе народу тутсі.
Незвычайную аперацыю правялі французы ў 1995 годзе на Каморах. Яе асаблівасць у тым, што paras змагаліся з былым французскім спецназаўцам Бобам Дэнарам. Боб Дэнар, авантурыст па натуры, здолеў сабраць банду падобных да сябе, арганізаваць на выспах вайсковы пераварот і абвесціць сябе яе прэзідэнтам. Сусветная супольнасць была ў шоку. Праўда, дзякуючы французскім вайскоўцам незвычайная дзяржава Дэнара пратрымалася нядоўга.
Нарэшце, варта адзначыць міратворчыя місіі французаў у Заіры, Самалі. Кот-д’Івуары, Нігерыі, Эрытрэі. Тут яны дапамаглі стабілізаваць унутраныя канфлікты, эвакуяваць дыпламатычны персанал, вырашыць праблему голаду і барацьбы з эпідэміямі. Зараз французскія спецыялісты актыўна працуюць у праграме барацьбы з самалійскімі піратамі.
Нягледзячы на тое, што французская армія была і застаецца важным чыннікам у вырашэнні шматлікіх канфліктаў, стала своеасаблівым гарантам адноснай палітычнай стабільнасці, здабыла каласальны досвед вайсковых дзеянняў, стаўленне да гэтага феномену ў Францыі вельмі рознае. Шмат хто крытыкуе палітыку вайсковых інтэрвенцый. Падобныя аперацыі, на думку крытыкаў, падрываюць давер да Францыі сярод часткі палітычнага істэблішменту, асобных этнасаў.
Сам Нікаля Сарказі падчас нядаўняга саміту з лідэрамі афрыканскіх дзяржаў прызнаваўся, што даўно хацеў бы паставіць кропку ў афрыканскай старонцы гісторыі французскага войска. Але як гэта зрабіць? Па падліках часопіса “Le Monde Diplomatique, на тэрыторыі Афрыкі сёння налічваецца каля 200 “замарожаных канфліктаў, якія могуць у любы час выбухнуць.