Чырвоныя каўпакі супраць Парыжу

Пратэсты ў французскім рэгіёне Брэтань могуць стаць пачаткам распаду французскай дзяржавы. Пра такі сцэнар кажуць мясцовыя нацыяналісты.



byfyg0lcmae_vtn.jpg

Пачынаючы з 26 кастрычніка Брэтань была ахоплены акцыямі пратэсту. 10 лістапада паліцыя Францыі ўступіла ў сутыкненне з сотнямі дэманстрантаў, якія выступілі супраць падатковай праграмы пра навакольнае асяроддзе і патрабавалі працоўнай бяспекі, і задушыла чарговую дэманстрацыю.

Пралогам акцый пратэсту стаў інцыдэнт каля падатковага бюро ў адным правінцыйным гарадку. Незадаволеныя новым экападаткам на грузавыя аўтамабілі, сяляне паспрабавалі заваліць уваход у будынак смеццем і гноем, якія яны прывезлі на 250 грузавіках і трактарах. Паліцыя, маючы намер не дапусціць разгортвання акцыі, цяжка параніла аднаго з маніфестантаў — яму на вачах ва ўсіх адарвала руку.


Паліцэйскі гвалт выклікаў хвалю пратэстаў, якія набіралі ўсё больш масавы і сістэмны характар. Так, у пратэстуючых з’явіўся нават свой сімвал — чырвоны каўпак.
Успышка ў Брэтані мела месца на фоне росту недаверу да адміністрацыі прэзідэнта Франсуа Аланда, які вымушаны ўздымаць падаткі. Нядзіўна, што практычна ўсе партыі (нават некаторыя фракцыі ўнутры ўрадавай Сацпартыі) выказалі сваю салідарнасць з пратэстуючымі Брэтані. Спрабуюць выкарыстаць кан’юнктуру і брэтонскія нацыяналісты. На іх думку, з’явіўся ўнікальны шанс дабіцца ад Парыжу пашырэння брэтонскай аўтаноміі, якая можа запусціць працэс эрозіі французскай дзяржаўнай мадэлі. 
Увогуле, брэтонскі нацыяналізм нарадзіўся яшчэ ў ХІХ стагоддзі падчас агульнаеўрапейскай моды на этнарамантызм. У ХХ стагоддзі этнаграфічна-культуралагічны дыскурс набыў палітычныя рысы. У праграме створнай у 1911 годзе Партыі брэтонскіх нацыяналістаў адзначалася, што выключна незалежнасць можа як захаваць культурную спадчыну, так і забяспечыць эканамічны дабрабыт. 
Дарэчы, паводле разлікаў цяперашніх эканамістаў-нацыяналістаў, незалежная Брэтань магла б мець ВУП аб’ёмам 115 мільярдаў еўра штогод. Адпаведна, з пералікам на колькасць насельніцтва ў рэгіёне (4,5 мільёна чалавек) па ўзроўні заможнасці край можна было параўнаць з цяперашняй Італіяй. 

Кароткі курс гісторыі брэтонскага нацыяналізму немагчымы без згадкі пра адну забаўную метамарфозу. Падчас гітлераўскай акупацыі Францыі брэтонцы былі заўзятымі калабарантамі і нават дабіліся, каб немцы надалі брэтонскай мове афіцыйны статус і выдавалі субсідыі на СМІ. 


Затое ў 1960-я гады адбыўся круты паварот. Ініцыятыву ў нацыяналістычным руху захапілі левыя. Магчыма, гэта звязаная з вялікай роляй, якую гуляе ў брэтонскім культурным руху этнічная музыка. У 1970-я гады ў Еўропе пачаўся бум этнароку, і фанаты рок-н-ролу (як правіла, левых поглядаў) праз музыку пачыналі цікавіцца палітыкай. Так ці інакш, левыя навязалі брэтонскаму нацыяналізму свае лозунгі, і ў тым ліку канцэпцыю ідэнтычнасці. 
Паводле яе, брэтонцам можа лічыцца асоба любой расы і нацыі, калі яна размаўляе на брэтонскай мове. Вядучую палітычную структуру нацыяналістаў — Брэтонскую партыю (РВ) — па праграме можна аднесці да партый левага цэнтру. РВ таксама ўдзельнічае ў своеасаблівым кельцкім інтэрнацыянале (рух за адзінства кельцкіх народаў, куды ўваходзіць Ірландыя, Уэльс, Шатландыя і востраў Мэн). 
Ёсць сэнс зазначыць, што брэтонскі нацыяналізм найбольш моцны сярод французскіх мясцовых нацыяналістычных рухаў. РВ мае дэпутацкую групу ў пяці рэгіянальных саветах, набіраючы ў дзесяці брэтонскіх кантонах на выбарах у сярэднім па 3–4 працэнты. 
Увогуле, брэтонскі нацыянальны рух робіць стаўку на паступовыя рэформы (хаця ў 1970-я існавалі партызанскія групоўкі, якія лічылі магчымым абвяшчэнне незалежнасці тут і зараз). Але, на думку кіраўніцтва РВ, цяперашняя фронда чырвоных каўпакоў дае магчымасць дынамізаваць працэс пашырэння аўтаноміі краю. На іх думку, сапраўднай лагічнай альтэрнатывай падатковай несправядлівасці можа быць не адмена згаданага вышэй падатку, а перадача Брэтані пакету эканамічных свабодаў.
Праўда, у РВ прызнаюць, што Парыж пойдзе на саступкі, толькі калі пратэсты чырвоных каўпакоў будуць мець выразны лакальны характар. Для гэтага актывісты пачалі прапагандысцкую кампанію навязвання пратэстуючым брэтонскай свядомасці. Перш за ўсё, яны тлумачаць, што чырвоныя каўпакі — гэта старажытны сімвал пратэсту ў Брэтані.


Гісторыкі выкапалі, што першыя бунты «чырвоных каўпакоў» датаваныя 1675 годам, калі брэтонцы паўсталі супраць кардынала Мазарыні, які будаваў рэжым абсалютнай манархіі. Сімвалічна, што тыя выступы былі таксама звязаныя з тэмай падаткаў. Жан-Батыст Кальбер (міністр фінансаў) увёў спецыяльны падатак з падпісання кожнай юрыдычнай дамовы.


Такія экскурсы ў гісторыю павінны замацаваць сярод пратэстоўцаў тутэйшую ідэнтычнасць і паўплываць на іх палітычныя лозунгі. Калі справа пойдзе, нацыяналісты лічаць магчымым заключыць з усімі лакальнымі палітычнымі сіламі своеасаблівы пакт, у рамках якога можна выставіць патрабаванні Парыжу ад імя рэгіёну. 
«Калі мы хочам аднавіць у Брэтані справядлівае грамадства на службе дынамічнай і ўстойлівай эканомікі, мы павінны вырашыць, што будзе з нашым краем. Гэта адзіны спосаб даць надзею людзям, якія церпяць бедства. Інакш яны могуць спакусіцца ідэямі гвалтоўнага экстрэмізму, які вядзе ў нікуды і якога Брэтань была пазбаўленая да гэтага часу. Наша партыя гатовая ўдзельнічаць у кансалідацыі грамадства з усімі дэмакратамі, якія жадаюць, каб будучая Брэтань была прыгожай, квітнеючай і адзінай», — гаворыцца ў звароце брэтонскіх нацыяналістаў.
Пакуль цяжка прагназаваць, наколькі ў РВ атрымаецца кансалідаваць пратэстныя настроі вакол рэгіянальных патрабаванняў. Незадаволенасць урадам расце практычна паўсюль, і брэтонская тэма пакуль гучыць на другім плане. Аднак шансы на перафарматаванне палітычнай мадэлі ў Францыі (у тым ліку адміністратыўнай сістэмы) усё роўна вельмі высокія.
Напачатку лістапада Франсуа Аланд пабіў рэкорд па самай нізкай папулярнасці сярод усіх прэзідэнтаў V рэспублікі. Зараз яго падтрымліваюць толькі 26 працэнтаў французаў.
Выданне «Nouvel Observateur» раіць прэзідэнту пайсці на незвычайны крок — абвесціць агульныя зборы, своеасаблівы аналаг Генеральных штатаў — так да Вялікай Французскай Рэвалюцыі называўся шырокі дарадчы орган, які склікаўся па ініцыятыве каралеўскай улады ў крытычныя моманты для аказання дапамогі ўраду. Асноўнай функцыяй Генеральных штатаў было менавіта ўстанаўленне з санкцыі ўсяго грамадства новых падаткаў. Інакш, як піша часопіс, адміністрацыю Аланда чакае «Беразіна» (так з часоў Напалеона ў Францыі называюць глабальныя фіяска).