Двое з «банды Цапкоў», асуджаных за масавае забойства, памілаваныя за ўдзел у вайне

Члены «банды Цапкоў» Вячаслаў Рабцаў і Андрэй Быкаў, асуджаныя на 20 гадоў за масавае забойства ў станіцы Кушчэўская Краснадарскага краю, атрымалі памілаванне пасля ўдзелу ў вайне ва Украіне. Пра гэта піша растоўскае выданне 161.ru са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах.

Члены банды Сяргея Цапка злева направа: Вячаслаў Цэпавяз, Вячаслаў Рабцаў і Андрэй Быкаў

Члены банды Сяргея Цапка злева направа: Вячаслаў Цэпавяз, Вячаслаў Рабцаў і Андрэй Быкаў

Першым на фронт з калоніі адправіўся Рабцаў па мянушцы Буба, распавёў суразмоўца выдання. Паводле яго слоў, мужчыну дапамаглі з'ехаць на вайну, бо ён пайшоў на ўгоду са следствам. Пры гэтым, як сцвярджаецца, у ПВК «Вагнер» мужчыну браць не хацелі.

Цяпер Рабцаў знаходзіцца на волі, ажаніўся і жыве ў Краснадарскім краі, дзе «паводзіць сябе нармальна, пазбягае злачных месцаў», адзначыла крыніца.

Андрэй Быкаў па мянушцы Бык атрымаў на вайне цяжкае раненне і цяпер праходзіць лячэнне ў «ЛДНР», сказаў суразмоўца растоўскага выдання. Паводле яго слоў, на аднаўленне экс-зняволенага сыдзе яшчэ каля чатырох месяцаў, пасля чаго той зможа вярнуцца дадому з памілаваннем.

У канцы студзеня ў тэлеграм-канале «Нам усіх упраўленняў» з'явілася фота, на якім, як сцвярджаецца, Быкаў стаіць на ганку траўмапункта з маці лідара банды Сяргея Цапка. Надзея Цапок у размове са 161.ru заявіла, што гэта фота — фэйк, пасля чаго кінула слухаўку.

Яшчэ аднаго члена «банды Цапкоў» Уладзіміра Аляксеева па мянушцы Вова-беспрэдзел, паводле даных 161.ru, адмовіліся браць у шэрагі ПВК «Вагнер». Ці знаходзіцца асуджаны цяпер у калоніі, у матэрыяле не ўдакладняецца.

Чацвёрты ўдзельнік злачыннай групы Станіслаў Лабяноў мог загінуць на фронце. У сакавіку 2023 года актывіст Віталь Ватаноўскі апублікаваў фота магілы асуджанага ў сваім тэлеграм-канале «Цітушкі ў Краснадары 693».

Як вынікае з прысудаў, апублікаваных на сайтах краснадарскіх судоў, у 2020 годзе Лабянова асудзілі на восем гадоў паводле артыкула аб распаўсюдзе наркотыкаў, а ў 2021-м адправілі ў калонію строгага рэжыму за непавагу да суду. На колькі менавіта гадоў у другі раз быў асуджаны Лабяноў, не ўдакладняецца ні ў апублікаваным прысудзе, ні ў СМІ.

«Банда Цапкоў» дзейнічала ў 1990-х і 2000-х гадах у станіцы Кушчэўская Краснадарскага краю. На рахунку групоўкі 19 даказаных забойстваў, а таксама рабаванні і згвалтаванні.

У лістападзе 2010 года члены банды здзейснілі масавае забойства 12 чалавек, уключаючы дзяцей. Пасля гэтага «Цапкамі» зацікавіліся сілавікі. У 2013 годзе ўдзельнікі групоўкі былі прысуджаныя да тэрмінаў ад 19 гадоў калоніі да пажыццёвага зняволення. Кіраўніка групоўкі Сяргея Цапка прысудзілі да пажыццёвага зняволення, ён памёр у ліпені 2014 года ў СІЗА.