Губернатар Курскай вобласці паехаў да Пуціна прасіць дэмабілізацыі
Больш за 20 жонак мабілізаваных мужчын з Варонежа і Курска прыгразілі адправіцца ў раёны баявых дзеянняў пад Луганскам, каб выратаваць вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў лясах без якога-небудзь абмундзіравання і камандзіраў пасля разгрому іх злучэнняў.
Цяпер жанчыны знаходзяцца ў прыгранічных Валуйках у Белгарадскай вобласці, дзе размяшчаецца камандаванне вайсковай часткі. Камандзіры паабяцалі вярнуць вайскоўцаў з фронту, аднак гэтага так і не адбылося, піша тэлеграм-канал «Можам Патлумачыць».
Сястра аднаго з мабілізаваных паведаміла «МП», што іх «адпраўляюць на перадавую і кідаюць у мяса» без рэчаў першай неабходнасці. Іх жонкі і сёстры рассяліліся ў Валуйках і спрабуюць дамагчыся ад начальства эвакуацыі вайскоўцаў. Выжылыя, паводле яе слоў, працягваюць заставацца ў лесе, многія параненыя, учора ледзь не падарваліся на міне, іх не адпускаюць.
Жонкам таксама паведамілі, што губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт адправіўся ў Маскву на сустрэчу да Уладзіміра Пуціна, дзе будзе ўгаворваць Пуціна вярнуць мужчын з перадавой.
Іншая жанчына з гэтай групы распавяла на відэа, што мабілізаваныя аказаліся на фронце без бронекамізэлек і шлемаў, на сабе цягнуць параненых таварышаў. «Цяпер мы спыняем машыны, якія праязджаюць за блок-пост. Слёзна просім, каб падалі машыны, каб нашых хлопцаў вывезлі адтуль. Мы сказалі адно — калі яны цяпер не выйдуць і не дапамогуць нам, то мы, у тым ліку цяжарная дзяўчына, пойдзем туды, на перадавую. Калі яны не дапамогуць, то мы дапаможам. Пойдзем па нашых мужоў, па-іншаму — ніяк», — заявіла жанчына.
Пазаўчора ў Курску 50 чалавек прыйшлі да будынка вайсковай пракуратуры з патрабаваннем адклікаць мабілізаваных з лініі фронту. Яны запісалі відэазварот, у якім кажуць пра «кучы трупаў» і загарадатрады. Сваякі мабілізаваных раней паведамілі, што з 200 жаўнераў у роце засталося «крыху больш за 30», відэа са зваротам родных апублікавала «Вёрстка».
Адна з маці, Алёна Мяснянкина, паведаміла, што ні адзін чалавек з роты, у якой знаходзіцца яе сын, ужо тыдзень не выходзіць на сувязь.
Astra паведамляе, што адмовіліся ваяваць утрымліваюць у некалькіх падвалах і нелегальных турмах на тэрыторыі ЛДНР.