ISW: Пуцін пачынае рыхтавацца да больш маштабнага канфлікту з NATO

Падаецца, толькі Трамп і ягоная адміністрацыя маюць спадзяванні на перамовы паміж Расіяй і Украінай у Стамбуле ў панядзелак. Але яны, хутчэй за ўсё, таксама скончацца правалам. Па-першае, Масква так і не падала свой варыянт пагаднення аб спыненні агню, хаця абяцалася гэта зрабіць. Па-другое, Пуцін рыхтуецца да санкцый і супрацьстаяння з NATO. Наўрад ці б ён гэта рабіў, жадаючы міру. Ідзе 1194-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На фронце ва Украіне за мінулыя суткі зафіксавана 166 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 чэрвеня.

Па-ранейшаму інтэнсіўныя баі ідуць на Пакроўскім кірунку, дзе Сілы абароны Украіны спынілі 51 атаку расіян ў паблізу Новаўкраінкі, Зары, Новай Палтаўкі, Міралюбаўкі, Малінаўкі, Елізаветаўкі, Дачанскага, Лісоўкі, Удалага, Новасергіеўкі, Катляроўкі, Андрэеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 18 разоў, спрабуючы прарвацца ў бок Зялёнай Даліны, Карпаўкі, Новага Свету, Грэкаўкі, Торскага, Серабранскага лесу і Рэдкадубу.

На Новапаўлаўскім кірунку адбылося 12 атак арміі РФ у раёнах Арэхавага, Багатіру, Зялёнага Поля, Новаполя і Свабоднага Поля.

На Купянскім і Тарэцкім кірунках расіяне атакавалі па 10 разоў на кожным. На Арэхаўскім кірунку адбіта 9 штурмаў расіян.

Па шэсць атак на кожным адбылося на Харкаўскім і Краматорскім кірунках.

У Курскай вобласці Расіі адбылося 35 боесутыкненняў, армія РФ нанесла 14 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 34 кіраваныя авіяцыйныя бомбы.

* * *

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся наперад на захадзе Запарожжа і контратакуюць пад Тарэцкам. У той жа час расійцы мелі прасоўванне каля Лімана, канстатуе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры ад 30 траўня паказваюць, што ўкраінскія сілы нядаўна прасунуліся на поўнач ад Старыцы (на паўночны ўсход ад Харкава). У той жа час расійскія войскі праводзілі беспаспяховыя наступальныя аперацыі на паўночны ўсход ад Харкава ў раёне Старыцы і Ваўчанска.

Геалакацыйныя кадры ад 30 траўня паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў цэнтральнай частцы Ліпавага, на поўнач ад Лімана.

Нядаўна ўкраінскія і расійскія войскі прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 31 траўня паказваюць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на захад ад Папоў Яра, на паўночны захад ад Тарэцка. Расійскія сілы прасунуліся на ўсход ад Дачнага, на поўнач ад Тарэцка.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 траўня, паказваюць на тое, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся наперад ва ўсходняй Аляксееўцы, на захад ад Курахава.

Расійскія «ваенкоры» сцвярджаюць, што расійскія войскі прасунуліся на ўсход ад Зялёнага Поля, на паўднёвы захад ад Вялікай Навасёлкі, і на 500 метраў у кірунку Фёдараўкі, на паўночны захад ад Вялікай Навасёлкі, але геалакацыйных кадраў, якія пацвярджаюць гэта, няма.

Украінскія сілы прасунуліся наперад на захадзе Запарожжа. Геалакацыйныя кадры ад 30 траўня сведчаць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на поўдзень ад Каменскага, на паўднёвы захад ад Арэхава.

* * *

У ноч на 1 чэрвеня аналітычны праект DeepState паведаміў аб акупацыі вёскі Уладзіміраўка Сумскай вобласці

Уладзіміраўка ўваходзіць у склад Хоцінскай тэрытарыяльнай грамады, вёска знаходзіцца ў 2-х км ад Новамікалаеўкі і Гардзееўкі (Курская вобласць, Расія). У 1 км праходзіць мяжа з Расіяй.

* * *

Уначы на 1 чэрвеня расійцы здзейснілі масіраваную атаку на Кіеўшчыну, камбінуючы БпЛА, крылатыя і балістычныя ракеты. Паветраная трывога ў вобласці гучала больш за 10 гадзін, і была актуальнай на момант падрыхтоўкі матэрыялу.

Улады ўдакладняюць, што «ёсць збітыя мэты» ў выніку працы СПА, ужо ўдалося перахапіць 15 беспілотнікаў. У выніку атакі ў Белацаркоўскім раёне пашкоджаны 10 прыватных дамоў.

У ноч на 1 чэрвеня расійцы ўдарылі па аб'ектах крытычнай інфраструктуры і прыватнай забудове ў Запарожжы, пацярпелі тры чалавекі.

Уначы расійцы здзейснілі масіраваны абстрэл Ізюмскага, Лазоўскага і Купянскага раёнаў Харкаўскай вобласці. Армія РФ запусціла 13 дронаў, пашкоджаныя адміністрацыйныя будынкі, прыватныя дамы, навучальная ўстанова. Ёсць пацярпелая.

У выніку начнога ўдару РФ па Белгарад-Днястроўскім раёне Адэскай вобласці пашкоджаныя прыватныя домаўладанні і корпус базы адпачынку, там успыхнуў пажар. Пацярпелых няма.

* * *

502430248_1057128929933518_6965935657864706438_n.jpg

* * *

Для дасягнення прагрэсу ў перамовах паміж Кіевам і Масквой абодва бакі павінны быць гатовыя «трохі адступіць», лічыць спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны Кіт Келаг

Пра гэта ён сказаў у эфіры Fox News, нягледзячы на тое, што, з ягоных слоў, расійцы дагэтуль не выканалі абяцанне даць ЗША свае ўмовы перад наступным раўндам перамоваў у Стамбуле.

«Як нам іх аб'яднаць, пакуль мы не дойдзем да таго, што я называю спыненнем агню? Я выкарыстоўваю азначэнне "ўсёабдымнае спыненне агню". Я вызначаю яго як паветранае, марское, наземнае і інфраструктурнае. Расійцы цяпер... Мы не можам атрымаць іх умовы. Мы іх усё яшчэ не атрымалі. Яны паабяцалі прэзідэнту Трампу, Пуцін паабяцаў, што ён атрымае іх цягам тыдня. Праз тыдзень яны не з'явіліся. Гэта нешта накшталт: а дзе ж разважлівасць?» — заявіў Келаг.

З ягоных слоў, прапанаваны амерыканскім бокам план, прывезены з Лондана, з'яўляецца «ўзважаным і добра прадуманым». Дакумент, які ў ЗША называюць тэхнічным заданнем, а ў Расіі — мемарандумам, быў выразна сфармуляваны і прадстаўлены расійскаму боку.

* * *

Спікер Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Тэмі Брус у эфіры Fox News заявіла, што прэзідэнт Дональд Трамп і дзяржаўны сакратар Марка Рубіё ставяцца сур'ёзна да ходу перамоў паміж Украінай і Расіяй і прымуць адпаведныя рашэнні праз абвешчаны Трампам двухтыднёвы тэрмін.

Вядучы спытаў, калі ж наступіць той, які не ўпершыню агучваецца і «пастаянна рухаецца», тэрмін у два тыдні. Брус запярэчыла, сказаўшы, што «ён не рухаецца».

«У нас ёсць нядаўняя заява як прэзідэнта, так і сакратара, якія адзначылі, што гэта не з'яўляецца доўгатэрміновым справай... Гэта не будзе доўжыцца месяцамі або гадамі, калі мы маем стандарты і арыенціры адносна таго, што павінна адбывацца», — заявіла яна.

Спікер Дзярждэпу адзначыла, адзначыла, што Трамп «спадзяецца» на прагрэс у перамовах, але настроены рашуча, доказам чаго Брус назвала яго «нядаўнія вельмі агрэсіўныя допісы ў Truth Social аб расчараванні Пуціным, пра тое, што ён ведае, што ён адчувае, што той змяніўся».

«Прэзідэнт (Трамп) вельмі шчыры адносна таго, што ён адчувае, ёсць новыя рамкі, новыя часовыя рамкі, калі мы даведаемся, ці сур'ёзныя яны (Украіна і РФ), і яны (Трамп і Рубіа) будуць прымаць рашэнні ў адпаведнасці з гэтым», — заявіла Тэмі Брус.

* * *

Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) выказваюць асцярогі, што кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін пачынае падрыхтоўку да зацяжнога канфлікту з NATO.

Яны звяртаюць увагу на падпісаны Пуціным 30 траўня ўказ, які дазваляе ўраду Расіі забіраць кантроль над стратэгічнымі прадпрыемствамі, калі заводы не будуць выконваць дзяржаўныя заказы падчас ваеннага становішча.

Дакумент дае права Міністэрству прамысловасці і гандлю Расіі адхіляць акцыянераў прадпрыемстваў і прызначаць замест іх кіраўнічыя кампаніі. Гэта магчыма ў выпадку, калі прадпрыемства не выконвае дзяржаўны абаронны заказ.

Новаўвядзенні ахопліваюць шырокі спектр прадпрыемстваў, у прыватнасці:

  • авіяцыйныя кампаніі грамадзянскага і ваеннага кірунку;
  • суднабудаўнічыя карпарацыі;
  • прадпрыемствы абароннай прамысловасці;
  • дзяржаўныя субпадрадчыкі.

Такім чынам, урад фактычна атрымлівае права ўсталёўваць поўны кантроль над ключавымі галінамі эканомікі ў выпадку мабілізацыйнай неабходнасці.

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) лічаць, што гэты ўказ з'яўляецца часткай стратэгіі Крамля па доўгачасовай мілітарызацыі. Ён, верагодна, стварае прававую аснову для пераводу эканомікі РФ на «ваенныя рэйкі» ў выпадку паўнавартаснага ваеннага становішча.

На думку ISW, Пуцін такім чынам не толькі рыхтуецца да зацяжной вайны супраць Украіны, але і пакідае за сабой магчымасць больш маштабнага канфлікту — у прыватнасці, з NATO.

Падобныя дзеянні Крамля сведчаць пра тое, што Расія ўзмацняе кантроль унутры краіны, рыхтуе насельніцтва да працяглага канфлікту і стварае ўмовы для мабілізацыі сваёй эканомікі, лічаць у ISW.