«Як у лютым, не будзе». Ва Украіне наросцяць абаронныя сілы на мяжы з Беларуссю

Намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Ігар Бандарэнка заявіў пра намер павялічыць абаронныя магчымасці на мяжы з Беларуссю ў сувязі з ваяўнічай рыторыкай беларускіх улад і прадстаўнікоў сілавых структур.

ukrainskie_boeviki_brosili_gnit_v_pole_podorvavshihsya_na_mine_sosluzhivcev_novorossiya_1.jpg


«Логіка дзеянняў Украіны з’яўляецца выключна абарончай, вымушана абарончай, таму што, на жаль, ужо  сёлета маем негатыўны досвед парушэння логікі добрасуседскіх дачыненняў, маем факты наземнага ўварвання з боку нашага паўночнага суседа, выкарыстання ягонай інфраструктуры для ажыццяўлення агрэсіі супраць нашай дзяржавы, выкарыстання авіяцыйнага кампанента, ажыццяўлення абстрэлаў па нашай тэрыторыі, таму мы не можам рэагаваць інакш. Тут пагрозы ўжо відавочныя», — сказаў Ігар Бандарэнка на брыфінгу ў Кіеве, перадае «Радыё Св*бода».

Намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны нагадаў, што на прылеглай да мяжы ўкраінскай тэрыторыі праведзена мініраванне, але ніякага падрыву мастоў не ажыццяўлялі, як пра гэта заявілі ў Беларусі, калі папярэдзілі аб нібыта існаванні пагрозы з боку Украіны.

«Мы нарошчваем нашы магчымасці даць адпор у выпадку спробы [уварвання]. Мінныя загароды размешчаны на нашай тэрыторыі, і іх можна візуальна назіраць з беларускага боку. І ў гэтым няма ніякай таямніцы. Гэта ўсё захады абарончага характару. Ніхто, паводле вайсковай навукі ці тактыкі, не будзе мініраваць шляхі і руйнаваць інфраструктуру, каб ажыццявіць напад. Будзе адпор. Не будзе такой сітуацыі, як у лютым», — падкрэсліў ён.

Ігар Бандарэнка дадаў, што такія абарончыя захады пачалі рабіцца з чэрвеня і далей будуць толькі працягвацца, нягледзячы на агрэсіўную рыторыку Беларусі.

«Адпор будзе адразу на мяжы. І спрабаваць гэта праверыць не трэба, бо страты будуць з боку агрэсара вялікія. Мы гатовыя, і сваю гатоўнасць будзем яшчэ нарошчваць. Гэта яшчэ не апошняя стадыя», — патлумачыў намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны.

Нагадаем, раней украінскі ваенны эксперт Алег Жданаў таксама папярэджваў, што ў выніку ўварвання з Беларусі, як гэта было на пачатку вайны 24 лютага, вайна пачнецца на тэрыторыі Беларусі.