Як Гітлер быў Катом у ботах
Германія святкуе 200-ю гадавіну выхаду першага зборніка славутых казак братоў Грым.
20 лістапада 1812 года пабачыў свет першы з пяці зборнікаў казак (ням.: «Kinder und Hausmärchen», або КНМ). Маштаб гэтай падзеі цяжка пераацаніць. Казкі братоў Грым
унесеныя ў індэкс твораў, якія з’яўляюцца фундаментам заходняй цывілізацыі. Праца Якаба і Вільгельма спарадзіла па ўсім свеце плеяду вучоных, якія заняліся зборам фальклору. Не кажучы пра
тое, што казкі спрыялі росту самаідэнтычнасці немцаў, наступствам чаго стала аб’яднанне Германіі.
Феномен казак братоў Грым мае яшчэ адзін цікавы аспект. Іх даўняя і вялікая папулярнасць выклікала ў палітыкаў жаданне інструменталізаваць Беласнежку, Папялушку і Ката ў ботах у сваіх прагматычных
мэтах. Гісторыя палітычных інтэрпрэтацый казачных апавяданняў Грым — асобная тэма, якая часам не менш цікавая за сюжэты саміх казак.
Безумоўна, першымі інтэрпрэтатарамі былі самі браты Грым, на якіх уплываў дух эпохі. Тут няма нічога дзіўнага. Так, іх французскі папярэднік-калега Шарль Перо стылізаваў фальклор пад куртуазную
літаратуру XVII стагоддзя. Напрыклад, у «Спячай прыгажуні» людаедка патрабуе падаваць ёй мяса дзяцей «пад соўсам Рабер», а прынц, які абудзіў прыгажуню, заўважае,
што апранута яна досыць старамодна.
Тое ж самае было ў нашым выпадку. Пасля з’яўлення першага зборніка Грым пайшлі на саступкі патрыётам, якія заўважылі, што сярод нямецкіх казачных герояў ёсць вельмі падобныя да герояў
француза Шарля Перо, напрыклад, Кот у ботах або Сіняя барада. Крыніца такога падабенства вельмі простая. Касцяк казак зборніку склалі апавяданні Даратэі Віман, якая паходзіць з роду гугенотаў
— французскіх пратэстантаў, якія эмігравалі ў Германію пасля Варфаламееўскай ночы. Эмігранты прыцягнулі з сабой і французскі казачны фальклор, які ў свой час вывучаў Шарль Перо. У іншы час
французскі шарм нямецкіх казак, можа, нават і не заўважылі б. Аднак у 1812 годзе ў Германіі былі моцныя антынапалеонаўскія настроі, і французскае, мякка кажучы, не віталася. Каб падкрэсліць нямецкі
характар казак, апавяданне пра таго ж Ката ў ботах у другое перавыданне браты вырашылі не ўключаць.
Аднак зачыстка ад французскага элементу была не апошняй карэктурай. Прыкладна ў 1850-я гады браты зноў прайшліся па тэксту. Апавяданні сталі больш вытрыманыя ў духу буржуазнай маралі. Услаўлялася
праца, сям’я, адданасць манарху. Адначасова зніклі ўсе алюзіі на сэкс. Дзіўным чынам вырасла колькасць сцэн з апісаннем гвалту і жорсткасці.
Вось, напрыклад, фінал Папялушкі: «А калі прыйшоў час вяселле спраўляць, з’явіліся і вераломныя сёстры — хацелі да яе падлашчыцца. І калі вясельнае шэсце адправілася ў
царкву, старэйшая апынулася па правую руку ад нявесты, а малодшая па левую. І выклевалі галубы кожнай з іх па воку. А потым, калі вярталіся назад з царквы, ішла старэйшая па левую руку, а малодшая па
правую — і выклевалі галубы кожнай з іх яшчэ па воку».
Адна з версій адказу на пытанне, нашто спатрэбілася рэвізія казак, звязана з новым статусам братоў. За пару гадоў да гэтага прускі кароль Фрыдрых-Вільгельм IV заклікаў іх пераехаць працаваць у
Берлінскі ўніверсітэт, і, адпаведна, яны сталі працаваць на дзяржаву, якая вяла агрэсіўную знешнюю палітыку. Увогуле, варта адзначыць, што па поглядах браты Грым былі манархістамі. Менавіта адсюль
паходзіць канцэпцыя пра прынца, які з’явіцца ў адзін цудоўны дзень.
Зразумела, што пасля прыходу да ўлады нацысты папросту не маглі прайсці міма спадчыны братоў Грым. Увогуле, яшчэ ў 1935 годзе быў створаны спецыяльны дэпартамент дзіцячай літаратуры. Ён павінен быў
перагледзець масіў тэкстаў, каб вызначыць, што спрыяе росту адданасці нацысцкім прынцыпам у дзяцей. Сутнасць працы выказаў функцыянер афіцыйнага прафсаюзу «Германскі рабочы фронт»:
«У нямецкія дзяцей павінен быць нямецкі Пятрушка, які перамагае ўсіх, хто не немец».
Браты Грым фашыстам спадабаліся. Як пісаў адказны за казкі Ёзэф Прэстэль: «Казка братоў Грым... з’яўляюцца ілюстрацыяй нацыянальных дабрадзейнасцяў: годнасці, устойлівасці поглядаў,
адвагі ў мужчынскіх герояў... пакорлівай адданасці жаночых герояў». Асаблівага выпраўлення казачных тэкстаў не адбылося. Затое была прапанавана вельмі арыгінальная інтэрпрэтацыя. Так,
міністэрства Гебельса рэкамендавала настаўнікам на прыкладах рамантычных казачных гісторый даводзіць перавагу чыстых расавых шлюбаў. Папялушку трактавалі як гераіню, якая належыць да «чыстай
расы», мачаху — як іншаземку. Прынца разглядалі як нацысцкага героя, што валодае несапсаваным інстынктам распазнання расавых варожых элементаў. Такім чынам, сюжэт казкі падаваўся як
канфлікт светапоглядаў. Яшчэ далей пайшло нацысцкае кіно. Так, у фільме пра Чырвоны Капялюшык паляўнічы, які забівае воўка, насіў форму эсэсаўца. А экранізаваны Кот у ботах меў яўныя рысы фюрэра. На
экране просты люд сустракаў хвастатага воклічамі: «Вось ён — выратавальнік!» і «Хайль, кот!»
Рэвізія спадчыны братоў Грым адбылася ў часы ГДР. Праўда, трэба прызнаць, што аснову «сацыялістычнай» версіі заклалі брытанцы. На мяжы 1940–50-х гадоў у Вялікабрытаніі
з’явіўся шэраг публікацый, аўтары якіх адводзілі KHM значную ролю ў фармаванні ў нямецкім менталітэце ўстаноўкі на гвалт. У верасні 1946-га ў берлінскіх школах, якія месціліся ў брытанскім
сектары, забаранілі вывучаць нямецкія казкі, сагі і легенды. У 1948 годзе з’явілася плётка пра забарону на друк казак братоў Грым у брытанскай зоне акупацыі, аднак гэта была толькі
плётка.
Затое англійская казкафобія перадалася чыноўнікам ГДР. У 1947 годзе адна з лейпцыгскіх газет падлічыла, што ў першым томе КНМ апісваецца смерць 50 чалавек. Выданне пісала: «У працэсе
стварэння новай літаратуры і пераследу ўсяго, што было прычынай катастроф, трэба прасеяць таксама і казкі, каб там не гвалту і жорсткасці».
Аднак цалкам забараняць казкі братоў Грым не рашыліся па дзвюх прычынах. Па-першае, Джэні Маркс, жонка Карла Маркса, вельмі любіла іх творы. Па-другое, у СССР пачалася кампанія супраць касмапалітаў.
Фальклор і аўтэнтыка сталі разглядацца як фільтр супраць пранікнення духоўна варожых культурных твораў з Захаду. У разасланых па дашкольных установах педагагічных планах патрабавалі падчас вывучэння
казак акцэнтаваць увагу на наступных момантах: пазітыўная мараль, любоў да працы, калектывізм і нават вера ў светлую будучыню. У 1956 годзе выйшла рэдакцыя казак, у якіх не было згадкі пра рэлігію, а
для ўсіх добрых герояў былі характэрныя моцныя антыфеадальныя перакананні.
Сэксуальная рэвалюцыя 1960–1970 гадоў выклікала хвалю фрэйдысцкіх даследаванняў казачных персанажаў. Феміністкі і левыя пачалі бачыць у паводзінах персанажаў прыхаваныя сэксуальныя фантазіі
і забабоны. Аднак гэтыя постмадэрнісцкія тэорыі застаюцца дастаткова акадэмічнымі.
У сучаснай масавай культуры казкі Грым атрымалі дзіўную лявацкую інтэрпрэтацыяю: быццам яны ствараюць сярод простых людзей ілюзію магчымасці сацыяльнага ліфта. Сутнасць растлумачыла каментатар на
адным з інтэрнэт-форумаў: «Казка пра Папялушку — вельмі шкодная рэч. Напэўна, мільёнам дзяўчынак жыццё сапсавала. …Менавіта яна заразіла шматлікіх дзяўчынак моцным
жаданнем патрапіць «з бруду ў князі» за чужы кошт».
Наўрад ці гэта апошняя версія таго, што сапраўды хацелі сказаць браты Грым 200 гадоў таму.