Замежныя СМІ пра Беларусь: 16–23 студзеня
Назіральнікі звяртаюць увагу на тое, што ўлады сталі пільнымі ўжо на першым этапе кампаніі і не турбуюць сябе нават імітацыяй дэмакратыі. Абыякавасць уладаў да меркавання і ацэнак ступені дэмакратычнасці выбараў з боку назіральнікаў эксперты тлумачаць некалькімі фактарамі.
Па-першае, у краіне вельмі шмат сацыяльна-эканамічных праблем, і ўлады зусім не жадаюць, каб апазіцыя магла размаўляць з народам, разгойдваючы лодку беларускай стабільнасці. Сёння ў прэзідэнта Лукашэнкі няма яго галоўнага аргументу. Калі ў насельніцтва добрыя заробкі, а ў краіне — палітычная стабільнасць, то якім коштам гэта дасягнута, не важна. Між тым, бунтуюць настаўнікі, лекары, пра мяжу цярпення кажуць дзяржслужачыя. Па-другое, прэзідэнт Лукашэнка, мабыць, страціў надзею выбудаваць на дадзеным этапе нейкія адносіны з Захадам, а значыць, імітацыя дэмакратыі яму таксама ні да чаго. Сёння беларускі прэзідэнт робіць стаўку на Расію, якая ў цяперашніх геапалітычных умовах (у першую чаргу, гэта зацікаўленасць у інтэграцыйных праектах) гатова прымаць беларускую ўладу ў любым выглядзе.
«Независмая газета» (Расія)
Іншае пытанне, ці змогуць аб’яднаць атамізаванае беларускае грамадства новыя тэзісы грамадскага развіцця, якія сфармулююць ідэолагі па ўказе Лукашэнкі. Функцыянеры прыклалі нямала намаганняў, каб раз’яднаць соцыум, зрабіць яго аморфным і маўклівым. Цяпер ім прыйдзецца пажынаць плён уласнай палітыкі. Беларускія грамадзяне разумеюць, што ў любую нацыянальную ідэі ад імя аўтарытарнай дзяржавы будзе закладзены адзін і той жа сэнс — любой цаной утрымаць уладу. Да таго ж, якімі б прыгожымі словамі не затуляліся стваральнікі «духоўнага падмурка нацыі», у аснове ідэалогіі застаецца лаяльнасць да рэжыму. Таму большасць сфармулявала для сябе ўласную канцэпцыю выжывання. Людзі жывуць адным днём і не вельмі вераць прапагандыстам. І калі аўтарытарны рэжым пахіснецца, ніякія ідэалагічныя ўстаноўкі не прымусяць беларусаў выступіць у яго падтрымку.
«Deutsche Welle» (Германия)
Сыны Лукашэнкі не маюць афіцыйна фірмаў па гандлі вугалем ні ў Швейцарыі, ні дзе-небудзь яшчэ ў Еўропе, і тым больш не з’яўляюцца афіцыйнымі мільярдэрамі, як старэйшы сын Януковіча. Не сядзяць яны і ў парламенце, як нардэп Віцька. Найбліжэйшае атачэнне Аляксандра Рыгоравіча не гуляе вяселлі ў венскіх палацах, як сямейства Клюевых, не купляе самыя дарагія апартаменты Лондана, як Ахметаў, не праводзіць палову свайго свядомага жыцця ў Еўропе, як сынуля нашага прэм’ера Лёша Азараў. Іншымі словамі, сп. Лукашэнка — звычайны дыктатар, які нічым не саступае Пуціну, Назарбаеву або паўночнакарэйскім таварышам. А Віктар Януковіч яшчэ зусім нядаўна праводзіў «прасоўванне ў Еўропу». Таму і кульбіт 16 студзеня (дзень прыняцця пакета законаў, які абмяжуе грамадзянскія свабоды) выглядае не проста злавесна, але менавіта адкрыта дурным крокам.
«Обком» (Украіна)
І калі перазагрузка адносін Еўрасаюза з беларускімі ўладамі адсунулася на нявызначаны час з-за наяўнасці палітвязняў, у ЕС ёсць рэальны шанец стаць больш адкрытым і яшчэ больш павялічыць колькасць прыхільнікаў еўрапейскай інтэграцыі ў беларускім грамадстве. Для гэтага не варта чакаць вынікаў перамоваў аб змякчэнні візавага рэжыму з Мінскам, на правядзенне якога пасля працяглых затрымак пагадзілася беларускі бок. Рашэнне аб зніжэнні кошту шэнгенскіх віз для беларусаў з 60 да 35 еўра ЕС можа прыняць у аднабаковым парадку, без узгаднення з беларускім МЗС. Пакуль жа з вуснаў еўрапейскіх экспертаў усё часцей даводзіцца чуць заявы аб адсутнасці геапалітычных інтарэсаў ЕС у Беларусі. Можа, менавіта таму Захад прайграе Крамлю ў барацьбе за ўплыў на постсавецкай прасторы.
«Deutsche Welle» (Германія)
Сусветнай экспансіі беларускага аўтапрама можа перашкодзіць адна акалічнасць — не зусім уражлівая для інвестараў гісторыя беларускага аўтапрама. Лукашэнка ж даўно спрабуе наладзіць вытворчасць у рэспубліцы легкавых аўтамабіляў, вось толькі не атрымліваецца ў яго нічога. Прычына — уласная прагнасць. І вось у 2013 годзе за справу ўзялася кітайская «Geely». Улічваючы вопыт папярэдніх інвестараў, паверыць у поспех гэтай спробы даволі цяжка. Хіба што эканамічны крызіс, які працягваецца ўжо некалькі гадоў у Беларусі, зробіць Лукашэнку больш рахманым і прымусіць адмовіцца ад старых звычак.
«СЛОН» (Расія)