«Яшчэ адно злачынства расіян супраць мірнага насельніцтва»: РФ нанесла ракетны ўдар па Адэсе

Прынамсі 14 чалавек атрымалі раненні ў выніку ракетнага абстрэлу ўвечары 1 траўня, пра гэта паведаміў кіраўнік адміністрацыі Адэскай вобласці Алег Кіпер.

Фота з сацсетак кіраўніка адміністрацыі Адэскай вобласці Алег Кіпер

Фота з сацсетак кіраўніка адміністрацыі Адэскай вобласці Алег Кіпер

Аднаго пацярпелага шпіталізавалі ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. «Усім астатнім аказана дапамога на месцы. Праваахоўнікі фіксуюць яшчэ адно злачынства расіян супраць мірнага насельніцтва», — сказаў Кіпер.

Са слоў Кіпера, расійскія войскі ўдарылі па Адэсе балістычнымі ракетамі. У выніку атакі пашкоджаная грамадзянская інфраструктура, у прыватнасці складскія памяшканні пошты. 

Узнік буйны пажар, яго ліквідавалі ратавальнікі, паведамілі ў дзяржслужбе па надзвычайным сітуацыям Украіны. У бліжэйшых да месца траплення ракеты дамах, напісаў Кіпер, выбіла вокны.

Крыніца: telegram

Пад ракетны ўдар патрапілі сартавальнае дэпо і аддзяленне «Новай пошты», паведамілі ў кампаніі. Сярод супрацоўнікаў пошты ніхто не загінуў і не пацярпеў. Кампанія паабяцала выплаціць кампенсацыю за пасылкі, знішчаныя пры абстрэле.

Крыніца: telegram

«Чарговая расейская балістычная атака на Адэсу. Грамадзянская інфраструктура разбурана, ратавальнікі тушаць маштабны пажар», — гаворыцца ў заяве мэра Адэсы Генадзя Труханава.

Крыніца: telegram

Расійскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Адэсу. Так, 29 красавіка пад ракетны ўдар трапіла набярэжная ў раёне Літаратурнай вуліцы, загінулі шэсць чалавек, дзясяткі пацярпелі.

Уначы 1 траўня расіяне атакавалі Адэсу балістычнымі ракетамі. У выніку атакі загінулі тры чалавекі, яшчэ трое атрымалі раненні.