Кіраўніца дыпламатыі ЕС: Свабодны свет мае патрэбу ў новым лідары
Спрэчка Трампа і Зяленскага ў Белым доме можа прывесці да таго, што ЗША страціць месца лідара свабоднага свету. Але святое месца не будзе пустое, — пра гэта сказала кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас. А абяцанні Трампа хутка скончыць вайну так і застануцца папулісцкімі лозунгамі. Ідзе 1102-гі дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, пры падтрымцы і саўдзеле ў гэтай агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

фота Fox News
У лютым колькасць баявых сутыкненняў на фронце зменшылася. Аднак за мінулы месяц узрасла колькасць авіяўдараў па пазіцыях украінскіх войскаў, паведамляе прэс-служба Мінабароны Украіны.
У лютым на фронце было зафіксавана 3274 баявыя сутыкненні, а ў студзені — 5087. У лютым расійская тактычная авіяцыя скінула больш за 3522 кіраваныя авіябомбы. У студзені расіяне ўжылі каля 2400 кіраваных авіяцыйных бомбаў.
Паводле інфармацыі Генеральнага штаба УСУ, у лютым армія РФ панесла значныя беззваротныя і санітарныя страты жывой сілы з 36 570 чалавек. Гэта колькасць умоўна трох мотастралковых дывізій.
* * *
Пры гэтым, нягледзячы на страты, расійцы акупавалі 192 квадратныя кіламетры ўкраінскай тэрыторыі ў лютым, — гэта самы маленькі вынік са жніўня 2024 года, паведамляе аналітычны праект Deepstate.
«Актыўнасць ворага знізілася, але яна нікуды не дзелася, сілы абароны адбіваюць сотню атак штодня», — падкрэсліваюць у праекце.
* * *
На фронце фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў паблізу Пакроўска, Курахава, Вялікай Навасёлкі і на захадзе Запарожскай вобласці, паведамляецца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што сілы абароны Украіны паспяхова контратакавалі ў мікрараёне Навасеверны на захадзе Часавага Яру. Афіцэр украінскай роты, якая дзейнічала ў кірунку Часавага Яру заявіў, што расійцы адпраўляюць атакаваць пазіцыі УСУ параненых жаўнераў, а за імі наступаюць здаровыя. Таксама афіцэр распавёў, што расійцы ў асноўным выкарыстоўваюць старыя танкі.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 і 27 лютага, паказваюць, што расійцы прасунуліся ў цэнтры Пяшчанага і захапілі вёску Запарожжа (на паўднёвы захад ад Пакроўска). Таксама расіяне нязначна прасунуліся на поўнач ад Андрэеўкі (на захад ад Курахава).
Геалакацыйныя кадры ад 27 лютага паказваюць, як УСУ наносяць удары па расійскіх пазіцыях на поўдні Пяціхатак, што паказвае на тое, што расійцы нядаўна прасунуліся да гэтага населенага пункта. Таксама расійцы прасунуліся на ўсход ад Бурлацкага — у кірунку Вялікай Навасёлкі.
* * *
У ноч на 1 сакавіка расійцы атакавалі Украіну 154 ударнымі БпЛА, з іх 103 былі збітыя ўкраінскімі абаронцамі, паведамляюць паветраныя сілы ВСУ. Яшчэ 51 дрон быў лакацыйна страчаны.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у пятніцу, што сустрэча з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Белым доме не была паспяховай, а сам Трамп шукае неадкладнага міру.
«Я хачу неадкладнага міру. Прэзідэнт Пуцін захоча яго заключыць, і ён хоча яго заключыць – ён хоча пакласці гэтаму канец. Вы бачылі, што я бачыў сёння: гэта (Зяленскі) чалавек, які хоча прымусіць нас падпісацца і працягваць змагацца. Мы гэтага не зробім», — заявіў Трамп.
Ён таксама сказаў, што ўкраінскі прэзідэнт «перагнуў палку» ў Авальным кабінеце.
Трамп дадаў, што «мы не збіраемся працягваць ваяваць, мы збіраемся скончыць вайну ці адпусціць іх і паглядзець, што адбудзецца, хай яны самі ваююць». Трамп некалькі разоў паўтарыў фразу, якую ён сказаў раней падчас сваркі з Зяленскім, што ў прэзідэнта Украіны «няма ніякіх карт на руках».
* * *
Чальцы Кангрэсу ЗША ад Дэмакратычнай партыі сталі на абарону Уладзіміра Зяленскага пасля таго, як Дональд Трамп і ягоны віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс аблаялі ўкраінскага лідара на сустрэчы ў Авальным кабінеце.
Сенатары-дэмакраты асудзілі «ганебныя» і «зневажальныя» паводзіны Трампа і віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса з украінскім лідарам. «Кожны раз, калі я сустракаўся з прэзідэнтам Зяленскім, ён дзякаваў амерыканскаму народу за нашу рашучую падтрымку. Мы павінны падзякаваць яго за тое, што ён узначаліў нацыю, якая змагаецца на перадавой за дэмакратыю, а не за публічную лаянку, якую ён атрымаў у Белым доме», — заявіў Крыс Кунс, сенатар-дэмакрат ад штата Дэлавэр.
Крыс Мэрфі, сенатар-дэмакрат ад штата Канэктыкут, назваў сварку ў Белым доме «сумнай сцэнай» і «поўнай ганьбай» для Амерыкі. Сенатар ад Арызоны Рубен Галлега дадаў: «Гэта проста ганьба».
Лідар дэмакратаў у Сенаце Чак Шумер пасля сустрэчы заявіў, што Трамп і Вэнс «выконваюць брудную працу Пуціна». У падобным ключы выказаліся і іншыя сенатары-дэмакраты.
У той жа час сенатары-рэспубліканцы паспяшаліся абараніць Трампа, апісаўшы спрэчку прэзідэнта з Зяленскім як доказ таго, што Трамп «ставіць Амерыку на першае месца».
* * *
Bloomberg піша, што пасля сваркі ў Авальным кабінеце пошукі кампрамісу не спыняцца. Неназваны дарадца адміністрацыі Трампа сказаў выданню, што занадта шмат было ўкладзена ў спробы дасягнуць пагаднення аб спыненні вайны, каб цяпер ад яго адмовіцца. Са слоў суразмоўцы, замест гэтага ЗША, імаверна, узмоцняць ціск на Украіну і будуць пазбягаць наўпроставых кантактаў з Зяленскім.
Аналітыкі мяркуюць, што спрэчка прэзідэнтаў Уладзіміра Зяленскага і Дональда Трампа «можа прывесці да наступстваў». Верагодна, гэта можа быць аўдыт амерыканскай дапамогі, прадстаўленай Украіне, або падобныя дзеянні, хоць гэта не абавязкова выключае любыя перамовы.
Таксама выданне дадае, што Еўропа калектыўна будзе спрабаваць «сабраць абломкі» пасля спрэчкі ў Авальным кабінеце. Адзін еўрапейскі чыноўнік сказаў Bloomberg, што «Трамп вырашыў прадаць Украіну». Некалькі іншых еўрапейскіх чыноўнікаў назвалі правал у Авальным кабінеце засадай.
Глядзіце таксама

* * *
Кіраўніца дыпламатыі Еўрапейскага Саюза Кая Калас услед за іншымі еўрапейскімі чыноўнікамі падтрымала Украіну пасля спрэчкі ў Белым доме. Калас напісала ў X (Twitter), Што Еўрапейскі Саюз стаіць побач з Украінай і ўзмоцніць яе падтрымку, «каб яна магла працягваць даваць адпор агрэсару».
«Сёння стала зразумела, што свабодны свет мае патрэбу ў новым лідары. Мы, еўрапейцы, павінны прыняць гэты выклік», — дадала кіраўніца дыпламатыі ЕС.
* * *
Прэзідэнт Еўрапейскага Савета Урсула фон дэр Ляен і старшыня Еўрапейскага Савета Антоніу Кошта апублікавалі ідэнтычныя заявы на ўкраінскай мове з падтрымкай Украіны пасля сваркі ў Белым доме. «Будзьце моцным, будзьце адважным, будзьце бясстрашным. Вы ніколі не будзеце адзінокім, дарагі прэзідэнт. Мы працягнем працаваць з вамі дзеля справядлівага і ўстойлівага міру», — гаворыцца ў паведамленні.