Лялькі з дзявочых костак

7 лістапада мяне выпадкова знайшла навіна: расійская паліцыя арыштавала вядомага ніжагародскага навукоўца і краязнаўцу Анатоля Масквіна. Уначы той пракрадаўся на могілкі і цягаў парэшткі. З дзявочых костак ён зрабіў 29 лялек у чалавечы рост. Лялькі былі ўпрыгожаныя святочным магільным адзеннем.

Калісьці лёс зводзіў мяне з гэтым чалавекам. Дзеі, што выкрыліся ў Ніжнім Ноўгарадзе, настолькі шокавыя, што я абавязаны звярнуцца да ўласнай памяці — каб хоць нешта ўцяміць. І я дасюль не магу даць веры, што гэта было.



7ea4e7fcdc6aff2777bd594a3754e02a.jpg

7 лістапада мяне выпадкова знайшла навіна: расійская паліцыя арыштавала вядомага ніжагародскага навукоўца і краязнаўцу Анатоля Масквіна. Уначы той пракрадаўся на могілкі і цягаў парэшткі. З дзявочых костак ён зрабіў 29 лялек у чалавечы рост. Лялькі былі ўпрыгожаныя святочным магільным адзеннем.
Калісьці лёс зводзіў мяне з гэтым чалавекам. Дзеі, што выкрыліся ў Ніжнім Ноўгарадзе, настолькі шокавыя, што я абавязаны звярнуцца да ўласнай памяці — каб хоць нешта ўцяміць. І я дасюль не магу даць веры, што гэта было.
Першы ўспамін, які тычыцца справы, — вялізная чарга, што цягнецца з Аляксандраўскага саду да Чырвонай плошчы. Суворыя людзі. Маркота. Цішыня. Трое падшыванцаў, якія ў Маскве праездам на пару гадзінаў, спрабуюць уцерціся ў самую галоўную ў савецкай краіне чаргу, перабежкамі набліжаючыся да яе галавы. Не атрымалася: афёра была выкрытая пільнымі міліцыянтамі, а халяўнікі так і не пабачылі «дзядулю Леніна» ў дамавіне.
Тонкімі галасамі спяваюць аднакласнікі:
«У Маўзалея часавыя нязменна дзень і ноч стаяць,
У Маўзалея часавыя бяссмерце Леніна храняць».

Я так і не дазнаўся, як выглядае гэты бессмяротны жыўцом, але ягонае забальзамаванае цела — аб’ект нязломнага культу. Запытайце адданага камуніста аб захаванні правадыра — і ўбачыце трупамана. Ён будзе крычаць, біцца аб вечка сваёй мазгавой труны, абы не дапусціць, каб пахавалі сакральнае цела куміра.
А яшчэ я памятаю лядашчага Брэжнева, які ледзьве стаіць на свяце «Вялікай Сацыялістычнай Кастрычніцкай рэвалюцыі» на трыбуне маўзалея, у якім (пад нагамі генеральнага сакратара і ўсяго палітбюро) ляжыць аўтар крылатай фразы «Імперыялізм гніе жыўцом».
Беларускае свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, за якім улады захавалі статус дзяржаўнага (ці не адзіныя з усіх краін былога СССР) — гэта свята некрафіліі. Такім гэта савецкае свята было заўжды: за фасадам «перадавой навукі», «навуковага атэізму» і матэрыялістычнага шчасця для «прагрэсіўнага чалавецтва» — ляжаў забальзамаваны труп у шкляным саркафагу.
Я мушу распавесці пра героя гэтага нарыса, з якім сутыкнуўся амаль 20 гадоў таму. Ён жыў у суседнім пакоі ва ўніверсітэцкім інтэрнаце; на некалькі пакояў была агульная кухня.
— З Беларусі? Кандрат Крапіва яшчэ жывы?
— Не.
— Шкада. У яго ёсць карысная паэма «Хвядос — Чырвоны нос» пра п’яніцу, які самазаспіртаваўся, і яму пакланяліся, як машчам. І я не кажу ўжо пра ягоную сатырычную «Біблію».
Анатоль не лічыўся экспертам па Беларусі; ён займаўся гальскай і стараанглійскай мовамі; таксама лёгка размаўляў на нямецкай, польскай, французскай. Агульная колькасць моваў, якімі ён валодаў, пераваліла за дзясятак. І спыняцца на дасягнутым ён не збіраўся.
Зрэшты, не кожны беларускі філолаг здольны быў пахваліцца глыбокім веданнем Крапівы. Але, бадай, не было ніводнага пытання, па якім Анатоль не здолеў бы прачытаць лекцыю. Часта мы з суседзямі забаўляліся: «А давайце прыдумаем яму тэму — змеі Мадагаскара».
— Змеі Мадагаскара? — і гучала падрабязная гісторыя пра віды і колеры змей, пра іхнюю атруту і іх звычкі.
Але з яшчэ большай ахвотай паліглот распавядаў пра сярэднявечныя ерасі: усялякія багумілы, катары, паўлікіяне, пелагіяне шыпелі, поўзалі, лезлі ў вокны і біліся ў дзверы.
— Увогуле, я сатаніст, — абвяшчаў Анатоль.
Але яму не вельмі і верылі: злавесны вобраз сатаніста не стасаваўся з натхнёным дзіваком у бамжаватым прыкідзе; дзівак гэны цягаў кнігі, якія мусяць быць знішчанымі (з трафейным штампікам Рэйхсканцылярыі), песціў зжаўцелыя падшыўкі газет, выкінутыя на сметніцу, і дэманстратыўна блюзнерыў.
Яшчэ большае непаразуменне выклікала ягоная дактрына сатанізму. За выняткам зацятых праклёнаў у адрас Бога, гэты сатанізм амаль ні ў чым не адрозніваўся ад грубага матэрыялізму, што насаджаўся ў савецкіх школах.
— Ці ёсць жыццё пасля смерці?
— Разрый магілу і паглядзі: нічога там няма.
— Ці ёсць Бог?
— Няма. Але мы змагаемся з ідэяй бога як шкоднай.
— Ці ёсць д’ябал?
— Ёсць. У кожнай кропцы матэрыі. І рух ідзе ад кепскага да найгоршага.
Сатаніст высока падняў відэлец і адпусціў яго.
— Вось механічны закон прыроды. Нічога боскага тут быць не можа. Дзе тут бог? Наадварот — ёсць закон. І ёсць дэманізм у кожнай кропцы.
Мяне перасмыкнула.
— Ці ёсць любоў?
— Няма. Бо, калі мы прызнаем існаванне любові, то будзем вымушаныя прызнаць існаванне душы, а, прызнаўшы існаванне душы, будзем вымушаныя прызнаць існаванне яе творцы — Бога. А калі Бога няма, згодна з нашай дактрынай, то няма ні душы, ні кахання.
У секты былі кнігі, якія быццам перапісваліся са старажытных часоў, адэпты завучвалі іх на памяць. Члены секты маглі ліставацца і шыфрамі. Сеціва спляталася шчыльнае: савецкія рэлігіязнаўцы-бязбожнікі (кшталту Емяльяна Яраслаўскага) пераймалі эстафету забытых нямецкіх паэтаў, а тыя, у сваю чаргу, вялі радавод ад катараў і гностыкаў.
Каб інтэлектуальнаму сатаністу распазнаць такога ж, варта працытаваць завучаны радок — і пачуць працяг.
— Мы былі вымушаныя некаторыя тэксты вывесці з ужытку, бо іх засвечвалі, — скардзіўся Анатоль. У «Казцы вандраванняў» ёсць шыкоўны дыялог, дакладней палова ягоная. Адмовіліся!
Я паехаў да свайго настаўніка, які ведаў пра фільмы амаль усё. Але мы не знайшлі ў карціне нічога падазронага.
З інтэрнату я сыходзіў. Сатаніст выклікаўся праводзіць мяне.
Раптам ён знік. Мне падумалася: знайшоў новы пачак газет на сметніцы. Але Анатоль аб’явіўся зноў.
Твар у яго быў шкадлівы і задаволены.
На чорным муры бялела свежанашкрабанае: «Праваслаўная царква — ганьба Расіі!»
— Ну што за глупота! Разумны чалавек, а…
Анатоль хмыкнуў.
— Дарэчы, з гэтымі вашымі таемнымі кнігамі нейкая лухта атрымліваецца, — папікнуў я сектанта.
— А няўжо ты думаў, што я выдам сакрэтныя звесткі? Хочаш прачытаць іх — уваходзь у шэрагі, — ялейным голасам сказаў Анатоль. — Я магу скласці ліст да мінскае фратрыі.
— Ніколі.
— Як хочаш. Але, мне здаецца, мы яшчэ пабачымся.
Я так не думаў.
Імперыя канала; я вярнуўся ў Мінск. Гэта сустрэча пакрысе забывалася.
Але 2 лістапада, калі ў Беларусі памінаюць памерлых і святло ад запаленых агеньчыкаў разганяе цемру, расійская паліцыя арыштавала вядомага ніжагародскага краязнаўцу. Уначы, як сцвярджае паліцыя, навуковец Анатоль Масквін пракрадаўся на могілкі — і цягаў парэшткі. З дзявочых костак ён зрабіў 29 лялек у чалавечы рост і хаваў іх у душным пакойчыку. Лялькі былі ўпрыгожаныя святочным магільным адзеннем.
Панятых папярэдзілі — каб яны не згубілі прытомнасць. Але раней студэнткі спакойна здавалі іспыты ў кампаніі трупаў-цацак. На допыце абвінавачаны, які за два апошнія гады зацята каталагізаваў 752 тэрыторыі пахаванняў, абураўся: «Я не вандал. Праводзіў дома даследаванні і збіраўся паведаміць калегам пра новае навуковае адкрыццё». Целы вучоны муміфікаваў па адмысловых рэцэптах: адна мумія ажыла, калі да яе дакрануліся. Грудзі прапелі: «Мішка вельмі любіць мёд!»
Фанатык-магілазнаўца, які адмаўляў любоў, душу і Бога, укладаў у салодкія грудзі музычныя шкатулкі, плюшавыя сэрцы — і аскепкі магільных плітаў.
Я пазнаў яго па размытай фатаграфіі.