Майк Пампеа: Наступальная вайна Пуціна ўяўляе сабой спланаваны генацыд

Былы дзяржсакратар ЗША і магчымы кандыдат на ўдзел у прэзідэнцкай гонцы 2024 года Майк Пампеа заявіў, што вайна Расіі супраць Украіны з’яўляецца спланаваным генацыдам, і яе мэта — стварэнне новай расійскай імперыі па тыпу былога СССР.

ad15d362_2e39_11e9_80ef_0255f1ad860b_image_hires_052924.jpg


«Незаконная, наступальная вайна Пуціна ўяўляе сабой спланаваны генацыд, гэта значыць наўмыснае знішчэнне народа, як гэта было вызначана ў Статуце ААН у 1948 годзе», — сказаў Пампеа, выступаючы напярэдадні ў Інстытуце Хадсана ў Вашынгтоне, перадае ВВС.

На яго думку, у планы Уладзіміра Пуціна таксама ўваходзіць захоп энергарэсурсаў на тэрыторыі былых савецкіх рэспублік і далейшае навязванне расійскіх умоў у галіне энергетыкі.

Гэта прывядзе да вялікіх эканамічных страт для ЗША і ўсяго свету, лічыць Пампеа.

На яго думку, прадухіліць такое развіццё можна толькі адным спосабам: не дапусціць, каб Расія ўстанавіла кантроль над Данбасам і працягнуць усебаковую дапамогу Украіне.

«У Амерыкі на захоўванні знаходзяцца вялікія запасы танкаў “Абрамс”; значная доля павінна быць неадкладна падрыхтаваная для адпраўкі ва Украіну», — сказаў ён.

Ён таксама заклікаў даць Кіеву сістэмы СПА «Пэтрыёт» амерыканскай вытворчасці, адзначыўшы, што цяперашніх сістэм С-300 савецкай эпохі недастаткова.

Пампеа выступіў у падтрымку фармавання «новага глабальнага альянсу за свабоду, які мог бы процідзейнічаць як расійскай, так і кітайскай агрэсіі», і стварэння новай архітэктуры бяспекі з апорнымі кропкамі ва Украіне, Ізраілі і Тайвані.

Ён адхіліў ідэю аб тым, што супакаенне Масквы здольна прынесці якую б там ні было карысць. «Салідарнасць унутры НАТА мае першараднае значэнне. Германія і Францыя не павінны лічыцца ні з якімі пажаданнямі Крамля», — сказаў ён.

Майк Пампеа — рэспубліканец. Пасаду дзяржсакратара ён займаў у адміністрацыі Дональда Трампа ў 2018-2021 гадах. Нядаўна ён намякнуў, што думае вылучыць сваю кандыдатуру ад Рэспубліканскай партыі на пасаду прэзідэнта ЗША ў 2024 годзе.