«Мне хопіць 24 хвіліны». Зяленскі адказаў Трампу, які казаў, што спыніць вайну за 24 гадзіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў прыехаць у Кіеў экс-прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, які раней заяўляў, што ў ролі кіраўніка Злучаных Штатаў ён мог бы завяршыць расійска-ўкраінскую вайну за адзін дзень.

Фота AP

Фота AP

Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта Зяленскі сказаў у інтэрв'ю NBC у праграме «Meet the Press», якая выйшла ў эфір у нядзелю.

Вядоўца спытала Зяленскага, што б ён адказаў Дональду Трампу, які заяўляў, што мог бы завяршыць расійска-ўкраінскую вайну за 24 гадзіны, калі пераабярэцца прэзідэнтам.

«Што я магу сказаць? Мы яго таксама будзем рады вітаць. Прэзідэнт Байдэн ужо быў тут, і ён, думаю, зразумеў некаторыя рэчы, якія, на маю думку, можна зразумець, толькі знаходзячыся тут, ва Украіне. Мне трэба будзе не больш за 24 хвіліны, каб растлумачыць прэзідэнту Трампу, што ён не можа нешта зрабіць з гэтай вайной, забяспечыць мір — праз Пуціна. Калі — заўсёды ёсць «калі» — калі ён не спрабуе і не гатовы здаць нашу тэрыторыю гэтаму жудаснаму чалавеку», — адказаў Зяленскі.

«Калі ён не збіраецца здаваць яе, здаваць нашу незалежнасць — ён нічога не зможа з гэтым зрабіць. Таму мы будзем вельмі рады вітаць яго тут», — дадаў прэзідэнт Украіны.

На пытанне вядоўцы, ці кантактаваў Зяленскі неяк з Дональдам Трампам пасля таго, як ён сышоў з пасады, Зяленскі адказаў адмоўна.

«І таму мы будзем рады яго бачыць», — дадаў ён.

Зяленскага спыталі таксама, ці будзе, на ягоную думку, Трамп падтрымліваць Украіну ў выпадку перавыбрання. «Шчыра кажучы, не ведаю», — адказаў ён.


Глядзіце таксама

«Многае залежыць не толькі ад прэзідэнта, але і ад меркавання амерыканцаў, амерыканскага грамадства. Гэта важна і ў ЗША, і ў Еўрасаюзе — пазіцыя звычайных людзей. Гэта пра іх падтрымку. Гэта іх грошы. Гэта залежыць ад іх», — дадаў ён.

У больш даўнім інтэрв'ю Зяленскі заклікаў Трампа публічна падзяліцца сваімі мірнымі планамі для хуткага спынення развязанай Расіяй вайны.

Раней NBC News паведаміў, што чыноўнікі з ЗША і ЕС пачалі абмяркоўваць з Украінай магчымасць мірных перамоваў з Расіяй. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля гэтага заявіў, што ніхто ў Еўрасаюзе і Злучаных Штатах не цісне на яго і не падштурхоўвае да перамоваў.

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША пройдуць праз год, у лістападзе 2024 года.