Наступствы расійскага ўдара па Кіеве: адзін чалавек загінуў, шмат пацярпелых
Напярэдадні Новага года Расія выпусціла па Украіне дзясяткі ракет і атакавала іранскімі дронамі. Паводле паведамленняў украінскіх медыя, зараз абстаноўка ў краіне больш-менш нармалізавалася, шмат у якіх абласцях паветраную трывогу ўжо адмянілі. Экстраныя службы працягваюць змагацца з наступствамі. Апошнюю інфармацыю з Кіева паведамляе unian.net.
Жыхары ўкраінскай сталіцы чулі серыю магутных выбухаў. Інфармацыю аб выбухах у сваім тэлеграм-канале пацвердзіў мэр Кіева Віталь Клічко. Ён заклікаў заставацца ў сховішчах да адбою трывогі.
«Адзін з выбухаў прагрымеў паміж жылымі дамамі ў
Саломенскім раёне сталіцы. Усе службы едуць на месца. Дэталі — пазней», — напісаў ён.
Акрамя таго, выбухі адбыліся ў Пячэрскім і Галасееўскім раёнах Кіева, дадаў пасля Клічко. «Ёсць разбурэнні. Ратавальнікі і медыкі едуць на
месцы», — гаворыцца ў яго паведамленні.
Пазней у Офісе прэзідэнта Украіны заявілі, што ў Кіеве пашкоджанні атрымаў
гасцінічны аб'ект. Затым дадалі, што ў Саломенскім раёне абломкі
патрапілі ў прыватны дом. Адзін чалавек загінуў, некалькі пацярпелі.
Паводле апошняй інфрмацыі, усяго ў выніку расійскай атакі пацярпелі 20 чалавек, адзін з іх у цяжкім стане. Сярод пацярпелых — журналіст з Японіі, ён шпіталізаваны.
Паведамляецца, што загінулы — пажылы мужчына.
Нагадаем, напярэдадні Новага года Расія нанесла серыю ўдараў па шэрагу ўкраінскіх гарадоў. Выбухі прагрымелі ў Кіеве, Хмяльніцкім, Мікалаеве, Жытоміры, Харкаўскай і Вінніцкай абласцях.