«Нельга ўсё кідаць на паўдарозе». Ва ўкраінскім войску з’явілася яшчэ адно беларускае падраздзяленне

Ад восені ва Украіне дзейнічае яшчэ адно беларускае падраздзяленне. Яно мае назву «Танга-Рамэо». Большую частку складаюць беларусы, выхадцы з палка імя Кастуся Каліноўскага, а менавіта батальёна «Волат». Большасць хлопцаў ваюе ледзь не ад пачатку баявых дзеянняў.

01000000_0aff_0242_7dc5_08dc06ba0fe8_cx7_cy14_cw87_w1023_r1_s.avif

Свабода паразмаўляла з маладафронтаўцам Аляксеем «Оскарам» Вайцяховічам, які ваюе ва Украіне ад самага пачатку вайны. Ён расказаў, што такое «Танга-Рамэо», і як ваюецца пад кіраўніцтвам Інтэрнацыянальнага легіёну ГУР.

«Мы пакінулі батальён “Волат”, але не рассварыліся з хлопцамі»

«Танга-Рамэо» — гэта адно з падразьдзяленьняў у складзе Інтэрнацыянальнага легіёну Ўкраіны пад кіраўніцтва Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Міністэрства абароны. У асноўным «Танга-Рамэо» займаецца падтрымкай баявых падразьдзелаў пры дапамозе цяжкога ўзбраеньня», — кажа Аляксей.

Ён ня можа гаварыць, колькі чалавек на гэты момант у «Танга-Рамэо» і хто ўвайшоў у кіраўніцтва адзінкі. Тым ня менш кажа, што большую частку складаюць беларусы, выхадцы з палка імя Кастуся Каліноўскага, а менавіта батальёну «Волат». «Оскар» не расказвае, што стала прычынай іх выхаду з ПКК.

«Мы перайшлі ў Інтэрнацыянальны легіён ГУР, бо гэта быў найпрасьцейшы варыянт, ня трэба было разрываць кантракты. Нас проста перакінулі з аднаго падразьдзяленьня ў другое. Мы дагэтуль узаемадзейнічаем і сябруем з хлопцамі з батальёнаў “Волат”, “Ліцьвін”, з БПЛА імя Мікіты Краўцова, з 79-й брыгадай, з групай “Афіна”. Тое, што мы выйшлі з палка Каліноўскага, ня значыць, што мы з усімі рассварыліся, не».

Апэрацыі ад Севераданецку да Бахмуту

Увагу прыцягвае назва падразьдзяленьня «Танга-Рамэо». Адкуль яно?

«Па правілах фанэтычнага альфабэту NATO трэба было ўзяць назву з пэўнага сьпісу. У нашага камандзіра і намесьніка камандзіра была спрэчка: адзін хацеў узяць “Танга”, другі — “Рамэо”. У выніку прыйшлі да кансэнсусу і назваліся “Танга-Рамэо”. У нас ёсьць на прыкмеце адно беларускае слова для назвы ў будучыні, але пакуль не скажу, якое», — кажа «Оскар».

Пра свае апошнія апэрацыі ваяры «Танга-Рамэо» гаварыць пакуль ня могуць. Аляксей Вайцяховіч падкрэсьлівае, што большасьць хлопцаў ваюе ледзь не ад пачатку баявых дзеяньняў.

«Мы ўдзельнічалі ў апэрацыях ад Севераданецку да Бахмуту. Пра апошнюю нашу апэрацыю я пакуль не магу сказаць, дзе яна праходзіла. Скажу толькі, што мы страцілі ў баях двух нашых пабрацімаў. Мы выконвалі задачы на першай і другой лініях фронту, прыкрываючы хлопцаў. Што тычыцца загінулых, то гэта былі выдатныя хлопцы, вельмі зацікаўленыя справай, аддавалі змаганьню ўсіх сябе. На вялікі жаль, што іх ня стала».

«Оскар» кажа, што ня дзеліць заданьні на складаныя і менш складаныя, бо ўсе задачы патрэбныя, калі іх ставіць камандаваньне.

«Максымальна складана мне было, калі мы стаялі пад Бахмутам і трэба было гадзінамі глядзець у неба, каб варожая авіяцыя не заляцела ў наш сэктар. Калі ж нешта заляціць, то выкарыстоўваць зброю. Гэта сапраўды вельмі складана: заставацца ў прытомнасьці, не заснуць і пры гэтым гадзінамі глядзець у неба, не прамаргаць».

Глядзіце таксама

«Мяне кантузіла, але ўсё абышлося»

Аляксей Вайцяховіч расказвае, што ўжо двойчы за час вайны быў вельмі блізкі да гібелі.

«Першая гісторыя дастаткова пацешная. Яна здарылася на запароскім кірунку. Пасьля дзённага дзяжурства я адпачываў у бліндажы. Прыкладна а пятай раніцы я прачнуўся ад таго, што пачуў сьвіст ля майго правага вуха, азірнуўся і пабачыў, што за некалькі мэтраў ад майго пляча ў сьцяне дзірка ад кулі».

Другая гісторыя здарылася ўжо на бахмуцкім кірунку.

«Я сядзеў у “сакрэце” (гэта замаскаваны акоп, зь якога вядзеш назіраньне), час блізіўся да вечара. Праз хвілін 20-30 я зьбіраўся ўжо ісьці ў бліндаж, і тут пачаўся абстрэл. За некалькі мэтраў ад мяне прызямліліся пару ВОГаў (аскепкавы боепрыпас. — РС) і 120-я міна. Мяне тады крыху кантузіла, але ўсё абышлося».

«Оскар» кажа, што на вайне ўсім бывае страшна, але самае важнае гэты страх умець пераадольваць.

«Бахмут — гэта сапраўды пекла. Нас накіравалі туды, калі горад яшчэ быў адносна цэлы і вораг быў далёка. Потым мы назіралі з ваколіц амаль зруйнаваны горад, бачылі з пагоркаў, як вывешваюцца там вагнэраўскія сьцягі. Нярэдка можна было бачыць, як гінула мірнае насельніцтва, якое не хацела выяжджаць».

«Нельга ўсё кідаць на паўдарозе»

Аляксей расказвае, што на сёньня самая галоўная праблема для падразьдзяленьня — гэта аўтамабілі, якія часта ламаюцца, патрабуюць дарагога рамонту.

«Мы шукаем фінансавую падтрымку. Трэба новыя машыны. Таксама нам трэба дроны-камікадзэ, цеплавізары, начныя візары і г.д», — расказвае «Оскар».

Наколькі цяжка ваяваць зімой у параўнаньні зь іншымі порамі году?

«Зімой вельмі холадна; калі ты кепска падрыхтаваўся, то будзеш часта мерзнуць. Зімой трэба па-іншаму маскавацца. Самыя цяжкія пэрыяды на вайне — канец восені і пачатак вясны, калі пастаянна дажджы, гразь, сьлізка. Нярэдка хлопцы атрымліваюць траўмы нават ад таго, што дзесьці пасьлізнуліся».

Аляксей Вайцяховіч кажа, што хоць і ваюе ад лютага 2022 году, але фізычна не стаміўся, толькі маральна.

«Але трэба працягваць, нельга кідаць усё на паўдарозе», — упэўнены хлопец.

Самай цяжкай стратай для сябе ён называе гібель Івана «Брэста» Марчука і яго групы пад Лісічанскам.

«Гэта цяжка, калі гіне чалавек, якога ты добра ведаў. Балюча. Але даводзіцца звыкацца і з такім, бо гэта вайна. Мы былі гатовыя, што ў кожны момант з кімсьці з нашых можа такое здарыцца».

Захаваны правапіс арыгіналу

Глядзіце таксама