Ні свята, ні народа, ні адзінства
На 13-ты год святкавання Дня адзінства ў Расіі нечакана зразумелі — 4 лістапада так і не стала па-сапраўднаму народным святам. Што з ім рабіць далей — незразумела.
Каб канстатаваць гэтую непрыемную ісціну, дастаткова было ўпершыню за 13 гадоў пасля абвяшчэння ў 2005 годзе 4 лістапада Днём народнага адзінства адмяніць прысвечаныя яму федэральныя мерапрыемствы. Напэўна, у Крамлі спадзяваліся, што народ ужо адаптаваўся да гэтай даты, і зранку 4 лістапада пачне ўздымаць тосты за народнае апалчэнне, якое пад правадырствам Кузьмы Мініна і князя Дзмітрыя Пажарскага ў далёкім 1611 годзе вызваліла Маскву ад польскіх інтэрвентаў (афіцыйная падстава для ўрачыстасці).
На самай справе, 4 лістапада ніхто ў Расіі не святкуе падзеі 400-гадовай даўніны. Папросту ўдзельнічаюць у арганізаваных уладай мерапрыемствах забаўляльнага характару — фестывалях, конкурсах, канцэртах. Часам Дзень адзінства святкуюць вельмі экзатычна: напрыклад, у форме кулінарных конкурсаў або падрыхтоўкі вялікага амлету. Лепшай ілюстрацыяй апалітычнасці свята стала рашэнне нацыяналістаў адмовіцца ад так званага «Рускага маршу» — калісьці самай буйной вулічнай акцыі правых радыкалаў.
У дадатак з’явілася непрыемная для дзяржаўных прапагандыстаў сацыялогія. Паводле апытанняў, толькі 12% грамадзян РФ могуць успомніць, як называецца свята. Пры гэтым 42% расіян сумленна адказалі, што 4 лістапада за свята не лічаць у прынцыпе. Тыя ж сацыёлагі кажуць, што, па сутнасці, Дзень адзінства больш-менш падабаецца бюджэтнікам, аднак ніякага ідэйнага сэнсу яны ў гэты дзень не ўкладаюць. Папросту дадатковы выходны.
«Недарэчная дэманстрацыя фальшу і паўсюднай бутафорыі», «Пацёмкінская вёска пад назвай «кансалідацыя расійскага грамадства», — такія ацэнкі дае незалежная прэса святу 4 лістапада. Гучаць і непрыемныя для ўлады пытанні: нашто было ўвогуле прыдумляць штучнае свята, якое ў выніку вельмі дорага каштуе бюджэту?
Адказ на пытанне больш-менш зразумелы. Паколькі асноўнай апазіцыяй Пуціну напачатку нулявых выступалі камуністы, было вырашана прыбраць са святочнага календара 7 лістапада. А каб абывацель асабліва не выказваўся наконт таго, што ўлада забрала ў яго выходны, Дню Вялікага Кастрычніка сталі шукаць эрзац.
Задача была яўна не простая. У расійскім святочным календары на той момант ужо прысутнічаў Дзень сцяга, Дзень незалежнасці, Дзень канстытуцыі, Дзень перамогі… У выніку пагадзіліся на варыянце — святкаваць у лістападзе Дзень адзінства, якое прызначылі на 4 лістапада. Праўда, што такое «народнае адзінства» і чаму яно праявілася напоўніцу менавіта ў 1611-м годзе і менавіта ў гэты дзень, дасюль ніхто не можа растлумачыць.
Гаспадароў Крамля абсалютна не хвалявала, што 4 лістапада 1611 года не запомнілася сучаснікам асаблівымі глабальнымі падзеямі. На франтах Вялікай Смуты ў гэтую дату назіраўся абсалютны штыль. Відавочна, што аўтары ідэі проста вырашылі ўзмацніць яго сімвалізм і прыцягнулі за вушы да праваслаўнага свята. 4 лістапада — дзень абраза Казанскай Божай маці, якую князю Пажарскаму прывезлі з Казані.
У прынцыпе, невялікую ідэалагічную нагрузку ўрачыстасцяў можна ігнараваць. У Расіі шмат «чырвоных дзён календара», якія святкуюцца, хутчэй, як дадатковы выходны. Аднак ва ўмовах знешнепалітычнага абвастрэння ўсё выглядае інакш. Тое, што расіяне абыякавыя да такой «скрэпы», як галоўнае афіцыйнае свята краіны, падрывае міф пра кансенсус вакол Пуціна. Хутчэй, гэта сведчыць пра адчужэнне народа ад улады.
Магчыма таму цяпер святу 4 лістапада ў праўрадавых СМІ пачалі імкліва шукаць новую трактоўку. Афіцыёзныя журналісты пагаджаюцца, што яно — «штучнае свята», аднак, паводле іх словаў, матывуе задумацца пра Расію і «рускі свет». Ёсць думка разумець тэму «народнага адзінства» як адзінства шматлікіх народаў, што жывуць на прасторах РФ.
А вось каментатары на расійскай секцыі «Радыё Свабода» не вераць у тое, што 4 лістапада атрымае новую версію. На іх думку, свята з патрыятычным складнікам у часы канфрантацыі з Захадам, наадварот, будзе яшчэ больш навязвацца грамадству. Фактычна, яму паспрабуюць надаць статус другога Дня перамогі. «Паўгода прайшло, крыху забыліся пра 9 мая, каб асвяжыць гэтыя адчуванні перамогі над знешнім ворагам уводзяць 4 лістапада, каб не раз на год, а раз на паўгода перамагалі ворага», — пішуць на сайце.
Напэўна, найбольш арыгінальна абараняе неабходнасць 4 лістапада вядомы каментатар Сяргей Дарэнка. Ён лічыць, што скасаванне свята справакуе ў народа траўму, паколькі ўсе расіяне паходзяць з вёскі і ментальна захавалі традыцыйную свядомасць. А сяляне менавіта ў лістападзе са старажытных часоў святкавалі свята забою жывёлы. «Частка жывёлы зімуе, а часткова жывёл забіваюць, робяць каўбасы і праводзяць нешта накшталт карнавалу з паглынаннем мяса. 4 лістапада — недарэчна. Так. А тады што?» — тлумачыць Дарэнка сваю думку.
Ці будуць расіяне адзначаць Свята забою жывёлы, або 4 лістапада чакае іншы лёс, пакуль не зразумела. Аднак значна больш не зразумела, як Пуцін і яго атачэнне, якія выраслі ў СССР і цудоўна ведалі фармальны характар большасці афіцыйных савецкіх святочных мерапрыемстваў, падтрымалі такую спрэчную ідэю, як адзначаць Дзень народнага адзінства?