Фінляндыя падазрае, што Расія перашкаджала працы GPS падчас вучэнняў NATO
Службы паветранай навігацыі Фінляндыі ў аўторак выпусцілі папярэджанне ў сувязі са збоямі GPS на поўначы краіны. А ў канцы кастрычніка аналагічнае папярэджанне выпусціла Нарвегія, паведамляе «Радыё Свабода».
Падчас нядаўніх вучэнняў NATO ў
Паўночнай Еўропе ў навігацыйнай сістэме GPS Фінляндыі адбыліся збоі, якія
насілі наўмысны характар, і адказнасць за гэта, магчыма, ляжыць на Расіі,
заявіў прэм’ер-міністар Фінляндыі Юха
Сіпіля, паведамляе фінская дзяржаўная тэлерадыёкампанія Yle.
Службы паветранай навігацыі Фінляндыі ў аўторак выпусцілі папярэджанне ў сувязі са збоямі GPS на поўначы краіны. У канцы кастрычніка, калі вучэнні NATO Trident Juncture пачаліся, Нарвегія выпусціла аналагічнае папярэджанне пра страту сігналаў GPS для пілотаў у сваёй паветранай прасторы.
«Магчыма, Расія была тым бокам, які ствараў перашкоды», — заявіў Юха Сіпіля.
«Мы павінны зыходзіць з тых жа пазіцый, як і ў выпадку з парушэннем паветранай прасторы. Калі падобнае фіксуецца, то на сітуацыю рэагуюць паводле пратаколу. Гэта не жарты. Пад пагрозай апынулася паветраная бяспека звычайных людзей», — сказаў прэм’ер.
Фінляндыя не ўваходзіць у NATO, але брала ўдзел у вучэннях Trident Juncture, якія завяршыліся ў сераду і сталі найбуйнейшымі вучэннямі заходняга вайсковага альянсу за апошнія дзесяцігоддзі. У вучэннях ля межаў Расіі, на тэрыторыі, якая прасціраецца ад Балтыйскага мора да Ісландыі, удзельнічалі вайскоўцы з 31 краіны.
Фінляндыя мае агульную мяжу з Расіяй працягласцю 1340 кіламетраў і складаную гісторыю стасункаў са сваёй суседкай. Апошнім часам Фінляндыя наладжвае больш шчыльныя сувязі з NATO, але ўстрымліваецца ад ўступлення ў блок у адпаведнасці з традыцыяй, якая прадугледжвае адыход ад канфрантацыі з Расіяй.