Новы выклік Пуціну: муніцыпальныя дэпутаты Расіі заклікаюць вызваліць яго з пасады прэзідэнта
Муніцыпальныя дэпутаты Расіі заклікаюць вызваліць Пуціна з пасады прэзідэнта. Ці яго самога — пакінуць гэтую пасаду. І такія выпадкі ўжо не адзінкавыя.
Дэпутаты муніцыпальнага ўтварэння «Смальнінскае» ў Санкт-Пецярбургу 7 верасня адправілі зварот у Дзяржаўную думу з патрабаваннем выставіць Пуціну абвінавачванне ў дзяржаўнай здрадзе з прычыны вайсковага ўварвання ва Украіну. Яны патрабавалі адхіліць прэзідэнта ад пасады, паколькі вайна, на іх думку, наносіць шкоду бяспецы Расіі. У тэксце звароту дэпутаты ўказалі, што ўварванне выклікала гібель расійскіх вайскоўцаў, нанесла шкоду эканоміцы і грамадзянам, выклікала пашырэнне блоку NATO і мілітарызацыю Украіны за кошт вайсковай дапамогі іншых краін.
Зварот быў адпраўлены ў Савет бяспекі Расіі і лідарам пяці думскіх фракцый, зазначае Радыё Св*бода.
9 верасня дэпутатаў, якія накіравалі гэты зварот, выклікалі ў аддзел паліцыі СМС-паведамленнем. На пяцёх дэпутатаў склалі пратаколы аб дыскрэдытацыі расійскай арміі. Адміністрацыйныя справы заведзены на Дзмітрыя Балтрукова, Дзмітрыя Палюгу, Мікіту Юфёрава, Івана Чабатара і Ганну Кісялёву. Яшчэ двух адпусцілі з паліцыі без пратаколаў.
Аднак гэта не спыніла іншых дэпутатаў — ужо ў Маскве. Муніцыпальны савет Ламаносаўскага раёна заклікаў непасрэдна Пуціна скласці свае паўнамоцтвы.
На гэтую заяву звярнуў увагу палітолаг Абас Галямаў.
Маскоўскія дэпутаты лічаць, што рыторыкай і дзеяннямі Пуціна краіна адкінутая ў развіцці ў эпоху «халоднай вайны». «Просім вызваліць сябе ад займаемай пасады ў сувязі з тым, што вашыя погляды, ваша мадэль кіравання безнадзейна састарэлі і перашкаджаюць развіццю Расіі і яе чалавечага патэнцыялу», — гаворыцца ў заяве.
Ламаносаўскі раён Масквы традыцыйна галасуе за апазіцыю, а зараз у Масгардуме яго прадстаўляе дэпутат-дэмакрат Уладзімір Рыжкоў (фракцыя «Яблыка»).
Раней той жа Галямаў у тэлеграм-канале «Можам патлумачыць» прадказваў, што магутнае контрнаступленне УСУ ў Харкаўскай вобласці натхніць нязгодных і апазіцыю ў Расіі і пакажа, што рэжым Пуціна імкліва слабее і губляе легітымнасць. Менавіта гэтым можна патлумачыць учынкі муніцыпальных дэпутатаў, якім могуць пагражаць рэпрэсіі.