Палітыкі тыдня: Арцём Самсонаў, Пір Штэйнбрук, Арцём Шапірэнка

Арцём Самсонаў

Прыморскі дэпутат-камуніст пачаў судзіцца за права хадзіць неапранутым па бязлюдным пляжы.



12.jpg

Па яго іску ў Маскве распачаўся суд над шэрагам СМІ, якія ён абвінаваціў у замаху на свой гонар і прафесійную рэпутацыю. Яшчэ з часу абрання Самсонава ў дэпутаты ў прыморскіх інтэрнэт-супольнасцях пачалі з’яўляцца фатаграфіі, на якіх чалавек, падобны на Самсонава, выяўлены то ў спушчаных трусах, то ў жаночай сукенцы, то як ён цалуецца з мужчынам. Праўда, публіка не ўспрымала гэта ўсур’ёз, спісваючы на чорны піяр з боку ўлады. Нагадаем, што Самсонаў зрабіў палітычную кар’еру як праціўнік забароны імпарту іншамарак і аўтар транспаранта «Путлер — капут!», за які атрымаў адміністратыўная папярэджанне. Аднак цяпер сам палітык даў глебу для спекуляцый. Ён выклаў у свой блог серыю забаўных фота. На адным са здымкаў дэпутат на пустэльным марскім беразе галышом, затуляючыся ніжэй пупка маскай для нырання. На другім выяўлены ў набедранай павязцы і г.д. Неардынарныя выявы прыцягнулі ўвагу СМІ, якія ахвотна перадрукавалі іх. Не ўхвалілі паводзін таварыша і аднапартыйцы. Давялося Самсонаву ісці ў суд. Праўда, пакуль не зразумела, што сапраўды хоча камуніст, які напярэдадні працэсу дае абсалютна супярэчлівыя каментары. Так, з аднаго боку, ён аспрэчвае тое, што яго абвінавачваюць у эксгібіцыянізме, маўляў, пляж быў пусты, яго ніхто не бачыў, значыць, «ён не агаляўся для грамадскасці». З іншага — кажа, што ў палітыцы павінна быць максімальная публічнасць, каб электарат ведаў, чым займаюцца яго абраннікі.
 



Пір Штэйнбрук

19928328_14803210_highres_2122306.jpg


Кандыдат ад нямецкіх сацыял-дэмакратаў на пасаду канцлера ФРГ літаральна за адзін тыдзень згубіў статус палітыка, які здольны перамагчы Ангелу Меркель на прызначаных на наступны год выбарах у Бундэстаг. Калі на пачатку мінулага тыдня рэйтынг партыі Штэйнбрука складаў 37 працэнтаў (практычна як і ў хрысціянскіх дэмакратаў), то напрыканцы ён рухнуў да 29 працэнтаў. Прычынай расчаравання немцаў у эсдэках стала інфармацыя пра прыбыткі Штэйнбрука за мінулы год. Аказваецца, ён толькі на лекцыях зарабіў 1,25 мільёна еўра плюс яшчэ паўмільёна на продажы кніжак. Усе прыбыткі абсалютна легальныя, аднак памеры не адпавядаюць іміджу Штэйнбрука, які выстаўляе сябе звычайным бюргерам і крытыкам банкаўскіх спекулянтаў. Падзенне даверу да правадыра «ружовых» зноў спарадзіла прагнозы, што Меркель можа застацца на пасадзе канцлера і пасля 2013 года. Дарэчы, на мінулых выходныя на партыйным з’ездзе ў Гановеры яе пераабралі на пасаду старшыні з 92 працэнтамі (абсалютны рэкорд у гісторыі з’здаў хрысціянскіх дэмакратаў). Праўда, не зразумела, з кім Меркель збіраецца фармаваць кааліцыю. Усе сацыялагічныя апытанні паказваюць, што лібералы — традыцыйныя ўрадавыя партнёры кансерватараў, — могуць увогуле не трапіць у парламент. У такім выпадку найбольш верагодны фармат — вялікая кааліцыя эсдэкаў і хрысціянскіх дэмакратаў. Што тычыцца Штэйнбрука, то ўсе дружна раяць яму адмовіцца ад высокіх ганарараў.
 


Арцём Шапірэнка

papuasy_290x290.jpg


Звычайны ўкраінскі турыст з Адэсы стаў сімвалам руху папуасаў за выхад са складу Інданезіі і стварэння самастойнай дзяржавы. Усё пачалося з таго, што Арцём паехаў адпачываць у тую частку вострава Папуа, які належыць Інданезіі. Падчас нейкай рэлігійнай службы ўкраінскі грамадзянін выгукнуў: «Свабоду Папуа!» Гэта было расцэнена інданезійскімі праваахоўнікамі як заклік да сепаратызму. Пасля Шапірэнка быў арыштаваны мясцовай паліцыяй і цяпер чакае суда па артыкулу «Дзейнасць супраць дзяржаўнага адзінства Інданезіі», што можа пацягнуць на тры гады турмы. Пра гэта падчас брыфінгу ў Кіеве распавёў кіраўнік прэс-службы Міністэрствы замежных спраў Украіны. Па яго словах, «папуаскі сепаратыст» пакуль не звяртаўся ва ўкраінскае консульства па дапамогу, «але, калі ён гэта зробіць, Украіна падасць яму ўсю неабходную дапамогу ў рамках кампетэнцыі свайго консульства». Акрамя таго, як высветліліся, украінец заехаў у Інданезію па турыстычнай візе, тэрмін дзеяння якой мінуў чатыры месяцы таму. Што зацягнула Шапірэнку ў папуаскую палітыку, сказаць цяжка. Праўда, калі меркаваць па яго старонцы на Facebook, кантакты з папуаскі нацыяналістамі ў яго былі. Ён нават наведаў лагер нацыяналістаў, быт у якім Арцём апісвае так: «Галоўным чынам з раніцы да вечара глушаць самагонку, паляць марыхуану і вядуць гутаркі пра свабоду і рэвалюцыю».