Палітыкі тыдня: Ягор Барысаў, Катрын Герынг-Экард, Нікаля Сарказі

Ягор Барысаў Прэзідэнт Якуціі выдаў указ пра абавязковае наведванне дзяржаўнымі чыноўнікамі курсаў цвярозасці. Першая партыя са 150 службоўцаў 43-х міністэрстваў і ўпраўленняў ужо прайшла курсы напачатку лістапада. Службоўцам прачыталі лекцыі на тэмы «Гісторыя алкагольнай праблемы», «Сусветныя мадэлі адмовы ад наркотыкаў і алкагалізму: як разарваць алкагольна-наркатычнае кола» і г.д.



y_brea12.jpg

дна з тэмаў семінару, дарэчы, называецца «Досвед практычнай алкагольнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». «Мэтай лікбезу, паводле афіцыйнай версіі, было падвышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў органаў дзяржаўнай улады ў галіне прафілактыкі наркаманіі і фармаванні культуры цвярозасці і здароўя сярод насельніцтва рэспублікі».


Аднак гэта толькі падстава. Рэспубліканскі лідар адправіў прадстаўнікоў выканаўчай улады на курсы цвярозасці не проста так. Усё для таго, каб яны, па яго словах, маглі маральна і фізічна падрыхтавацца да будучай рэформы — абвяшчэння ў Якуціі татальнага «сухога закона». Урад падрыхтаваў праект закона «Пра цвярозасць», які прадугледжвае поўную забарону вытворчасці і продажу любых гатункаў алкаголю ў рэспубліцы. Гэта ініцыятыва выклікала супраціў рэспубліканскіх службоўцаў усіх узроўняў, уключаючы мэра сталіцы аўтаноміі. Вось цяпер іх і спрабуюць пераканаць шляхам семінараў.


Катрын Герынг-Экард

goering_eckardt_klein.jpg

Новы сустаршыня нямецкай партыі «Зялёных» была абраная на пасаду ў выніку ўнутрыпартыйных выбараў, удзельнікі якіх галасавалі з дапамогай SMS. Перамогу Герынг-Экард называюць вяхой у гісторыі «Зялёных». Справа не толькі ў тым, што ў наступным годзе выбары ў Бундэстаг, і «Зялёныя» (у тым ліку і іх новы сустаршыня) у выпадку перамогі кааліцыі могуць атрымаць важныя ўрадавыя пасады.


Фішка ў тым, што Герынг-Экард непасрэдна перамагла Клаўдзію Рот, іншага лідара «Зялёных». Гэтую дуэль разглядалі як бітву дзвюх платформ. Катрын паходзіць з Усходняй Германіі, яна адзін з лідараў пратэстанцкага руху, выхоўвае пяць дзяцей, вядзе сціплы лад жыцця і, нарэшце, выступае супраць легалізацыі лёгкіх наркотыкаў. Клаўдзія, наадварот, — яскравы прадстаўнік генерацыі студэнцкай рэвалюцыі 1968-га. Яна як феміністка адмаўляецца ад сямейнага жыцця, пачынала як прадзюсар панк-гурта, любіць розныя вясёлыя тусоўкі і модныя гардэробы.


На думку палітолагаў, прыход Катрын у кіраўніцтва спрыяе адыходу «Зялёных» ад левай ідэалогіі і ператварэнню ў партыю, якая прадстаўляе інтарэсы гарадскога сярэдняга класу. Наколькі атрымаецца ў «Зялёных» рэбрэндынг, стане вядома ў выніку выбараў. Праўда, нельга забываць, што другім сустаршынёй «Зялёных» абраны Юрген Трыцін, які пачынаў у палітыцы ўвогуле як фанат Мао.


Нікаля Сарказі

nicolas_sarkozy.jpg

Экс-прэзідэнта Францыі цяпер называюць «Напалеон на востраве Эльба», маючы на ўвазе яго ізаляцыю ад палітыкі на фоне заўважнага росту папулярнасці сярод французаў. Нечакана для ўсіх, апошнім часам у Францыі пашырылася настальгія па часах Нікаля.

Дайшло да таго, што на рынку з’явіліся сумкі, майкі з надпісам: «Нікаля, вярніся». Колькасць сяброў Сарказі на яго старонцы ў Facebook пераваліла за 800 тысяч, што ёсць рэкордам для французскіх палітыкаў. Такую з’яву спецыялісты тлумачаць шмат чым. Асабістая харызма Сарказі на галаву вышэй за цяперашніх гаспадароў Елісея.


Акрамя таго, французы як паўднёвы народ хутка ўсё забываюць. Нарэшце, на бум сарказіманіі ўплываюць слабыя вынікі дзейнасці новай адміністрацыі ў барацьбе з наступствамі крызісу.


Застаецца толькі адказаць на пытанне, ці пагодзіцца Сарказі, які жыве на сваёй віле на Рыўеры, вярнуцца ў палітыку, як калісьці Напалеон з Эльбы? Прэса лічыць, што так. Прынамсі вядома, што на такі крок яго актыўна падбівае Карла Бруні, якая мае вялікі ўплыў на экс-прэзідэнта.