Палітыкі тыдня: Яўген Шаўчук, Таміслав Ніколіч, Каха Каладзе

Яўген Шаўчук Новы прэзідэнт Прыднястроўя стаў ахвярай сваёй занадта заўзятай кампаніі па пераследу карупцыі ўнутры атачэння былога прэзідэнта Ігара Смірнова.



ih9w9948_0.jpg

У сакавіку сілавікі ПМР узялі пад варту Аксану Іонаву, былога кіраўніка цэнтральнага банку Прыднястроўя. Пасля таго, як яе бос прайграў выбары, Аксана збегла ў Расію, аднак яе падманам выцягнулі ў Ціраспаль і арыштавалі. Следчы камітэт РФ не выключае дачынення спадарыні Іонавай да крадзяжу гуманітарнай дапамогі памерам у 160 мільёнаў рублёў (5 мільёнаў долараў), выдадзенай Расіяй Прыднястроўю. Арыштаваўшы Іонаву, Шаўчук святкаваў перамогу над карупцыяй, аднак тут адбыўся канфуз. Стала вядома, што ў канцы верасня Аксана Іонова прайшла ў турме медыцынскі агляд, якога доўга дамагалася, у тым ліку гінеколага. Пры гэтым сама працэдура праводзілася ў прысутнасці васьмі мужчын —супрацоўнікаў аховы следчага ізалятара, што, на думку грамадства, выходзіць за ўсе разумныя рамкі дапушчальных нормаў паводзін. «Гэта ставіць рэжым Шаўчука на адну дошку з Садамам, Кадафі і іншымі, падобнымі да іх», — напісаў адзін з журналістаў. Такім чынам, Шаўчук трапіў у пастку. Па вялікім рахунку, пасля таго, што адбылося, трэба аслабляць рэжым утрымання Іонавай. У сваю чаргу, каманда Яўгенія Шаўчука разумее, што вызваленне з-пад варты Іонавай, якая з’яўляецца адной са знакавых асобаў фінансавых злоўжыванняў перыяду кіравання Ігара Смірнова, будзе першай сур’ёзнай і сімвалічнай паразай на шляху барацьбы новай адміністрацыі з карупцыяй.



Таміслав Ніколіч

pr20120507220309.jpg

Прэзідэнт Сербіі зрабіў трохдзённы афіцыйны візіт у Македонію, дзе сустрэўся з македонскім калегам і мясцовым прэм’ер-міністрам. Візіт быццам бы звычайны, калі б не адна справа. Напярэдадні візіту Ніколіч заявіў пра намер дабіцца пагаднення паміж Сербскай праваслаўнай царквой і кананічна не прызнанай Македонскай праваслаўнай царквой (МПЦ). Македонская праваслаўная царква як аўтакефальная была ўтворана ў 1967 годзе рашэннем Царкоўна-народнага сабора насуперак Сербскай праваслаўнай царкве (СПЦ), якая лічыць Македонію сваёй кананічнай тэрыторыяй. Па сутнасці, гэта быў прарыў мясцовых нацыяналістаў, якіх падтрымаў Ціта. Рашэнне таго сабора СПЦ не прызнала і нават дабілася, каб міжнародная праваслаўная супольнасць статусу МПЦ таксама не прызнала. Больш за тое, у 2005 годзе сінод Сербскай праваслаўнай царквы адлучыў ад царквы ўсіх вернікаў, якія належаць да Македонскай праваслаўнай царквы. На папулярнасць МПЦ, здаецца, гэта не паўплывала: паства царквы складае мінімум дзве трэці ад агульнай колькасці праваслаўных македонцаў. І вось цяпер Ніколіч захацеў паставіць кропку ў канфлікце. «Адкрытая размова дзвюх дзяржаў можа паўплываць на пошук рашэння праблем паміж цэрквамі. Я прапаную сесці і пагаварыць пра ўсё», — заявіў Ніколіч. Пакуль прэса не піша, ці ўдалося прэзідэнту навесці масты паміж СПЦ і МПЦ.


Каха Каладзе

kaha_kaladze_podozrevaetsja_v_legalizacii_nezakonnyh_dohodov.jpg

Вядомы грузінскі футбаліст, які гуляў за кіеўскае “Дынама і “Мілан, нечакана для ўсіх атрымаў пасаду міністра энергетыкі ў новым урадзе Іванішвілі. Каха, які ішоў на выбары ў топе партыйнага спісу блоку «Грузінская мара», меўся і так нешта атрымаць падчас раздачы міністэрскіх партфеляў. Хадзілі чуткі, што яму дастанецца Міністэрства спорту, аднак у апошні момант Іванішвілі вырашыў, што Каладзе зможа рэалізаваць сябе менавіта на пасадзе міністра энергетыкі. Казаць пра якую-небудзь кампетэнтнасць былога абаронцы «Мілана» ў галіне энергетыкі не даводзіцца. Па адукацыі ён гісторык, скончыў гістфак Тбіліскага дзяржуніверсітэта, з 11 гадоў гуляў у футбол і завяршыў кар’еру спартоўца толькі ў мінулым годзе. Першае, што зрабіў новы міністр, заявіў, нібы збіраецца прывесці ў міністэрства сваю каманду. З вуснаў былога футбаліста такое абяцанне гучыць двухсэнсоўна. У прынцыпе, выбар на карысць Каладзе адпавядае агульнаму іміджу ўрадавай палітыкі Іванішвілі. Ва ўрадавай праграме, у якой распісаны мэты і задачы новых улад, няма ніводнай даты, няма ніводнай лічбы, няма нават указання прыблізнага перыяду выканання той ці іншай рэформы. Першыя крокі паказалі супярэчлівасць пазіцый суб’ектаў кааліцыі. У выніку захаваўся Саакашвілеўскі статус-кво ў шматлікіх галінах, напрыклад, у абхазскім пытанні. Між тым, у самой краіне хутка нарастае сацыяльная і крымінальная напружанасць. Пакуль крэдыт даверу да новага рэжыму трымаецца на абяцанні прэм’ера ўзняць пенсіі і давесці мінімальны заробак да пражытковага ўзроўню. Праўда, зрабіць гэта ён здольны выключна за кошт асабістых запасаў, і не факт, што іх надоўга хопіць.