Палітыкі тыдня: Віктар Краўчанка, Жан-Франсуа Капе, Анатоль Грыцэнка
Віктар Краўчанка Звычайны настаўнік у малдаўскім горадзе Бельцы нечакана для сябе выклікаў сапраўдную палітычную буру нацыянальнага маштабу. Усё пачалося з таго, што адзін яго вучань запісаў на мабільнік маналог педагога, якога абурыла тое, што нехта ў класе сказаў: «Бельцы — рускі горад».
Краўчанка не толькі «наехаў» на аўтара выразу, аднак таксама падзяліўся сваімі думкамі пра феномен рускіх і Расіі ў сучасным свеце. Будучы юніяністам (прыхільнікам аб’яднання Малдовы і Румыніі), ён не саромеўся пры выбары слоў. «Акупанты! Наеў пысу на малдаўскай зямлі, я цябе сустрэну і пакалечу ў закутку! Выйдзе закон, мы знішчым рускіх!» З’яўленне запісу камуністы ўспрынялі як ціск настаўнікаў-нацыяналістаў на рускамоўных вучняў.
На Краўчанку падалі ў суд, а камуністы-дэпутаты патрабавалі абмеркаваць гісторыю ў Бельцах на пасяджэнні нацыянальнага парламенту. Пасля гэтага пракуратура была вымушана пачаць апытанне вучняў класу, дзе выкладае русафоб, але яна адмовілася распачынаць супраць Краўчанкі крымінальную справу, што выклікала новыя пратэсты камуністаў.
І тут у гэтай справе адбыўся новы нечаканы зігзаг. Краўчанка трапіў у шпіталь з мікраінсультам, і ўсе сімпатыі грамадскасці адразу аказаліся на яго баку. Сам Краўчанка, быццам, збіраецца падаць на камуністаў у суд за тое, што яны давялі яго да такога стану. Скандал працягваецца.
Жан-Франсуа Капе
Капе быў абраны старшынёй партыі «Саюз за народны рух» (UMP) пасля таго, як перамог на партыйных выбарах свайго канкурэнта Франсуа Філона з разрывам ўсяго ў 98 галасоў. Такі вынік называюць перамогай фракцыі Сарказі ў французскім кансерватызме.
Пад гэтым у тым ліку разумеецца флірт з ксенафобскімі ідэямі, якія характэрныя для правых радыкалаў з партыі «Нацыянальны фронт». Палітолагі па-рознаму трактуюць вынікі выбараў. Некаторыя лічаць, што Капе, якога, дарэчы называюць «маленькі Сарказі», сваімі скандальнымі ісламафобскімі і папулісцкімі заявамі і дэмаршамі зможа прыпыніць рост папулярнасці «Нацыянальнага фронту». Між тым, перавага ўсяго ў 98 галасоў (у выбарах удзельнічала 300 тысяч прыхільнікаў UMP) паставіла партыю на мяжу расколу.
Унутраны хаос можа прывезці да эрозіі электаральнай базы UMP. Так, ужо на наступны дзень пасля абвяшчэння вынікаў выбараў дэпутат-галіст Ліанэль Тардзі напісаў у сацыяльных сетах пра тое, што збіраецца з групай парламентарыяў выйсці з партыі. Праўда, такі варыянт магчымы, калі сам Франсуа Філон ініцыюе які-небудзь іншы праект. Пакуль ён папрасіў некалькі дзён, каб вызначыцца з далейшымі планамі.
Анатоль Грыцэнка
Грыцэнка — чалец украінскай апазіцыйнай партыі, якая ўваходзіць у склад аб’яднанай аранжавай апазіцыі «Батькивщина». Нечакана для ўсіх чалавек, які гуляў у апазіцыі другарадныя ролі, стаў яе нефармальным лідарам.
Усё дзякуючы сваёй прапанове «абнуліць» спіс дэпутатаў, абраных у Вярхоўную Раду на выбарах 26 кастрычніка. На думку Грыцэнкі, калі апазіцыянеры адмовяцца ад дэпутацкіх мандатаў на знак пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў, можна дабіцца перавыбараў.
Гэта ідэя амаль тыдзень актыўна абмяркоўвалася апазіцыянерамі, аднак у выніку перамог прынцып «лепш сініца ў руцэ, чым журавель у небе». Але гэта гісторыя мае і іншы аспект. Падчас дэбатаў наконт «абнулення» нечакана высветлілася, што Грыцэнка фактычна падседзеў Арсенія Яцэнюка (старшыню кааліцыі «Батькивщина») на пасадзе лідара апазіцыі. На фоне радыкала Грыцэнкі Яцэнюк выглядаў нейкім апартуністам.
У выніку Грыцэнка мае някепскі піяр. Перад выбаршчыкамі ён паўстаў як ідэйны апазіцыянер, гатовы ахвяраваць калі не ўсім, то ўжо прынамсі дэпутацкім мандатам у імя «барацьбы з рэжымам». Як лічаць эксперты, сітуацыя стоадсоткава адаб’ецца і на росце ўплыву Грыцэнкі сярод апазіцыянераў аж да таго, што менавіта ён будзе адным з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.