Перамога над Масквой

1 верасня ў Расіі быў не толькі Дзень ведаў, але і дзень праверкі лаяльнасці малых этнасаў да нацыянальна-культурнай палітыкі федэральнага цэнтру.

Менавіта ў гэты дзень уступіла ў сілу пастанова Міністра адукацыі РФ № 300 пра рэгуляванне «нацыянальнага кампаненту» ў школьных праграмах, якая была прынятая яшчэ год таму. Адпаведна ёй, выпускныя іспыты ва ўсіх школах Расіі павінны здавацца выключна на рускай мове.



8248a99e81e752cb9b41da3fc43fbe7f.jpg

1 верасня ў Расіі быў не толькі Дзень ведаў, але і дзень праверкі лаяльнасці малых этнасаў да нацыянальна-культурнай палітыкі федэральнага цэнтру.
Менавіта ў гэты дзень уступіла ў сілу пастанова Міністра адукацыі РФ № 300 пра рэгуляванне «нацыянальнага кампаненту» ў школьных праграмах, якая была прынятая яшчэ год таму. Адпаведна ёй, выпускныя іспыты ва ўсіх школах Расіі павінны здавацца выключна на рускай мове.
Статус моваў народаў нацыянальных аўтаномных рэспублік у выніку аўтаматычна паніжаўся. Фактычна іх вывучэнне перахо­дзіла ў факультатыўны фармат. Таксама Масква атрымлівала права ўстанаўліваць квоту на гадзіны выкладання такіх прадметаў, як мова, гісторыя і культура нацыянальных рэспублік. У цяперашніх школьных праграмах аўтаномных рэспублік падобныя прадметы займаюць у сярэднім 10–15 працэнтаў.
Гісторыя адносін цэнтру і акраін у сучаснай Расіі можна падзяліць на два этапы. У пачатку 1990-х рэгіёны, карыстаючыся анархіяй у Крамлі, актыўна гулялі ў нацыяналізм. Для мясцовых камуністычных эліт гэта часам быў адзіны сродак набыцця ў вачах народа легітымнасці.
Пасля з’яўлення Пуціна сітуацыя пачала мяняцца. Кульмінацыяй наступу цэнтру на правы рэгіёнаў сталі папраўкі ў канстытуцыю, якія пазбавілі рэгіёны права абіраць сабе кіраўнікоў. Цяпер прэзідэнтаў таго ж Татарстана, як і звычайных губернатараў, прызначае Крэмль. Нарэшце справа дайшла да нацыянальна-культурных правоў.
На словах маскоўскія чыноўнікі казалі, што задача рэформы — палепшыць шанцы вучняў школ з нацыянальнай мовай выкладання на паступленне ў ВНУ. Аднак у прыватных размовах яны не хавалі палітычнага кантэксту праекту. Так, будучы на семінары ў Казані, Вольга Арцёменка (кіраўнік Цэнтра нацыянальных пытанняў пры Мінадукацыі і навукі РФ) агітавала за змены, спасылаючыся на дадзеныя нейкага сацыялагічнага апытання. Адпаведна яму, у 82 выпадках са ста ў дзяцей школьнага ўзросту, якія жывуць у Татарстане, адсутнічае паняцце: «я жыву ў Расіі».
Менавіта Татарстан апынуўся на пярэднім фронце культурнай вайны за захаванне «нацыянальнага кампаненту». Гэтаму шмат прычын. Найперш, традыцыі самастойнасці ў мясцовых кіраўнікоў (напрыканцы 1960-х Казань прасіла ў Масквы статус саюзнай рэспублікі). Акрамя таго, у пачатку 1990-х Татарстан пасля Чачні быў самай мяцежнай правінцыяй. Дастаткова сказаць, што двойчы мясцовыя ўлады байкатавалі парламенцкія выбары ў цэнтральныя органы ўлады. У дамове 1994 года пра падзел паўнамоцтваў паміж Расійскай Федэрацыяй і Татарстанам апошні згадваецца як «суверэнная дзяржава — суб’ект міжнароднага права». Пэўны час Шайміеў нават абсалютна сур’ёзна думаў пашырыць склад удзельнікаў Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі за кошт Татарстана. Праўда, як гаварылася вышэй, часы той вольніцы даўно мінулі.
Акрамя таго, апошні год у краі назіраецца сапраўдная актывізацыя нацыяналістаў. Як ні парадаксальна, аднак важным фактарам росту папулярнасці ідэяў самастойнага Татарстана стала перамога расійскай зброі на Каўказе ў жніўні 2008 года.
Пасля прызнання Расіяй незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі частка татарскіх грамадскіх арганізацый заявіла: «А чым мы горш?» І 20 снежня 2008 года на іх сходзе грамадскіх арганізацый быў прыняты ліст з патрабаваннем прызнання незалежнасці рэспублікі.
Спецслужбы адказалі на рухі сярод нацыяналістаў сіметрычна. Увесну былі распачатыя некалькі спраў супраць актывістаў нацыяналістычных груповак. Выданні, якія змяшчалі іх матэрыялы, атрымалі папярэджанні.
Самай экзатычнай была справа актывіста Татарскага грамадскага цэнтра (ТОЦ) Рафіса Кашапава. Ён выступіў супраць практыкі, якая існуе ў адным з радзільных дамоў у горадзе Набярэжныя Чалны. Там зранку па палатах ходзіць праваслаўны святар і праводзіць рытуал хрышчэння. Мусульманкі, якія ляжалі ў аддзяленні, паскардзіліся на гэта Кашапаву, а той напісаў гнеўны артыкул пад назвай «Прыпыніць хрысціянізацыю», які каштаваў яму паўтары гады ўмоўна.
Хаця казанскія ўлады ў прынцыпе падтрымалі заклікі нацыяналістаў байкатаваць у Татарстане пастанову аб нацыянальным кампаненце. Праўда, у менш радыкальным фармаце. Дзяржаўная прэса спрабавала не дражніць Маскву сепаратызмам. Шайміеўскія журналісты выступілі з канцэпцыяй шматпавярховай формулы расійскага нацыяналізму, на нізе якога любоў да малой радзімы, а на самым версе любоў да дзяржавы.
Паралельна, думаецца, Казань спрабавала ў кулуарах дамовіцца з Крамлём. Інакш бы развязка гэтай канфрантацыі была больш жорсткай і эмацыйнай. У нашым выпадку ўсё завяршылася палюбоўна.
На сустрэчы з педагогамі, якая звычайна праводзіцца ў Татарстане напярэдадні 1 верасня, прэзідэнт заявіў, што Масква перадумала. «Татарскія прапановы ўключаны ў выніковы праект па адукацыйных стандартах», — сказаў Шайміеў. Больш таго, калі верыць дакладчыку, межы выкарыстання татарскай мовы будуць яшчэ больш пашыраныя. Цяпер яе стануць выкладаць нават у дзіцячых садках. Праўда, абмовіўся лідэр татар, калі на гэта будзе воля Расіі». Гэты спіч татарская прэса трактавала як перамогу над Масквой. Старая адукацыйная сістэма ў Татарстане захаваецца, як мінімум, яшчэ на год.
Думаецца, што на самай справе перамога татар не канчатковая. Прынамсі праект па адукацыйных стандартах, пра які казаў Шайміеў, ніхто пакуль у вочы не бачыў.
Каментар
Дзмітры Тарасаў, казанскі журналіст:
— У нацыяналізм Шайміева слаба верыцца. Хіба не ён два гады таму згарнуў пад дыктатам федэральнага цэнтру перавод татарскай мовы на лацінку. Раней ён таксама па патрабаванню Пуціна зачыніў усе турэцкія адукацыйныя цэнтры. Улады не жадаюць аддаваць апазіцыі такі моцны мабілізацыйны рэсурс, як нацыяналізм, а тым больш у часы эканамічнага крызісу. З іншага боку, саступка Масквы можа тлумачыцца напружанай сітуацыяй на Паўночным Каўказе. Адкрытая канфрантацыя з Казанню значыла б сістэмны крызіс усёй унутранай палітыкі апошняга дзесяцігоддзя. Прычым, магчыма, так яно сапраўды і ёсць.