Песня не ўсіх немцаў
Нацыянальнаму гімну Германіі споўнілася 90 гадоў. І толькі цяпер немцы ўзгадалі, што іх гімн не легітымны.
11 жніўня 1922 года прэзідэнт Фрыдрых Эберт падпісаў указ, паводле якога музычны твор «Песня немцаў» («Deutschlandlied») набывала статус дзяржаўнага гімна. З
таго часу песня ў розных варыянтах заставалася гімнам Германіі.
Аднак зараз высвятляецца, што твор Хофмана фон Фаллерслебенса на музыку Ёзефа Гайдна так і не прайшоў працэдуру дэмакратычнай легітымізацыі. Парламент за яго не галасаваў. Для праціўнікаў
«Deutschlandlied» гэта салідны аргумент, каб, як мінімум, патрабаваць дэбатаў наконт гімна.
На гэта аматары «Песні немцаў» просяць узгадаць час, калі было прынята рашэнне пра новы гімн. Пра працэдуры легітымізацыі інстытутаў у створнай у 1919 годзе Веймарскай рэспубліцы
тады не надта думалі. У Германіі ўздымала галаву правая рэакцыя. У 1920 годзе путчысты генерала Капа ледзь не зрынулі рэспубліканскі лад. Каб як мага хутчэй разарваць з мінулым, рэспубліканскі ўрад
імкліва ствараў пакет сімвалаў новай дзяржавы. Тое ж тычылася і дзяржаўных сімвалаў. У пошуках варыянту гімна Фрыдрых Эберт спыніўся на творы «Песня немцаў». Выбар на карыць гэтай
мелодыі быў тонкім палітычным разлікам.
Песня, напісаная ў 1841-м, была вельмі папулярнай у розных кутках раздробленай Германіі. Пасля стварэння ў 1871 годзе Германскай імперыі ў якасці імператарскага гімна стаў выкарыстоўвацца гімн караля
Прусіі «Heil dir im Siegerkranz». Аднак у 1890 годзе «Deutschlandlied» упершыню прагучала ў прысутнасці кайзера, пасля чаго яе сталі выконваць на ўсіх афіцыйных
мерапрыемствах. Падчас вайны песня набыла новую афарбоўку. Яна стала сімвалам нямецкай арміі. Быў распаўсюджаны міф, што жаўнеры ідуць у атаку на траншэі Антанты і спяваюць: «Германія,
Германія. Вышэй за ўсё», — такімі словамі пачынаецца першы куплет песні.
Эберт хацеў выкарыстаць у якасці піяру Веймара папулярную мелодыю. У гістарычнай перспектыве, як бачым, ідэя сварыць мяккі нямецкі нацыяналізм аказалася правальнай. Веймарская дэмакратыя дапамагла
рэакцыянерам вярнуцца да ўлады і развязаць новую вайну. Памылка была відавочная ўжо ў 1922 годзе. Выданне «Vossische Zeitung», згадваючы пра тое, што ў час путчу Капа
«Deutschlandlied» была песняй путчыстаў, адзначала: «Наданне гэтай песні статусу дзяржаўнага гімна ўзмацніла правыя сілы». Орган сацыял-дэмакратаў
«Vorwаrts» у тым жа 1922-м прагназаваў, што «дэмакраты і сацыялісты ніколі не змогуць адаптавацца да «Deutschlandlied», паколькі гэта песня цалкам
скампраметаваная».
Таму не дзіўна, што, крытыкуючы інстытуты Веймара, Гітлер ніколі не чапаў афіцыйны гімн рэспублікі. Пасля прыходу нацыстаў гімн пакінулі. Хаця трошкі падкарэктавалі. Выконваўся толькі першы куплет
песні пра тое, што «Германія вышэй за ўсё». Пасля трэба было спяваць нацысцкі партыйны гімн «Хорст Весель». Сама песня Хофмана фон Фаллерслебенса стала нейкім
саўндтрэкам да нацысцкай праграмы пра неабходнасць падпарадкаваць увесь свет. У тым, што гімн пачынаецца са згаданай фразы, прапагандысты Гебельса бачылі нейкі сакральны мэсідж, хаця гісторыкі
вызнаюць, што сам аўтар песні быў далёкі ад дактрыны сусветнага нямецкага дамінавання.
Пасля капітуляцыі Германіі і пачатку дзяржаўнага будаўніцтва ГДР і ФРГ тэма гімна зноў стала актуальнай. На Усходзе ўсё было проста. Твор Хофмана быў асуджаны камуністамі як адзін з элементаў
ідэалогіі нямецкага агрэсіўнага нацыяналізму, што, дарэчы, недалёка ад праўды. У песні згадваюцца прыродныя межы Германіі, якія абсалютна не адпавядаюць цяперашнім дзяржаўным межам. Так, па Хофману,
усходняя мяжа Германіі праходзіць па Нёману.
Дзяржаўнай мелодыяй заснаванай у 1949 годзе ГДР была песня «Адроджаная з руінаў». Музыку напісаў Ханс Эйслер, а тэкст — Ёганес Бехер. Праўда, у выніку песня аказалася
крамольнай. З 1970 па 1989 год гімн выконваўся без слоў, паколькі арыгінальны тэкст утрымліваў згадванні пра «адзіную Германію», заклікі да стварэння якой лічыліся ў ГДР варожай
прапагандай.
На Захадзе, дзе стваралася ФРГ, варыянт вяртання да «Deutschlandlied» спачатку таксама не разглядаўся. Была нават думка абвясціць конкурс. Аднак у «Песні немцаў»
знайшоўся моцны лабіст — канцлер Конрад Адэнаўэр. У выніку ён пераканаў прэзідэнта Хойса прыняць у якасці гімна трэці куплет «Песні немцаў». Прэм’ера новага
старога гімна ў берлінскім палацы «Titania» закончылася скандалам. Прысутныя ў зале сацыял-дэмакраты дружна пакінулі памяшканне. Сацыял-дэмакратычная прэса назвала выкананне
«нацыяналістычнай выхадкай». А вядомы пісьменнік Генрых Бёль напісаў пародыю на «Песню немцаў», якую назваў «Дзіцячы гімн».
Прэзідэнт Тэадор Хойс у надзеі на тое, што з’явіцца нейкі варыянт, заявіў, што «спяваць трэці куплет — не значыць спяваць нацыянальны гімн». І тут у справу
ўмяшаўся футбол. Пасля перамогі нямецкай футбольнай зборнай на чэмпіянаце свету ў Швейцарыі гледачы і спартсмены ад прыліву патрыятычных пачуццяў пачалі спяваць «Deutschlandlied».
Было відавочна, што падчас іх трыумфальнага вяртання без спеваў гэтай песні таксама не абыдзецца. У выніку гарант пагадзіўся на выкананне трэцяга куплета падчас афіцыйных мерапрыемстваў. Пры гэтым ён
загадаў, каб выкананне першага куплета было забаронена.
Аднак фармальнай забароны так і не было. Тым больш, што падчас «халоднай вайны» правыя кансерватары, якія заклікалі да вяртання межаў 1939 года, самі ахвотна спявалі палітычна
некарэктны фрагмент. У працэсе аб’яднання Германіі ўзнікла ідэя прыняцця новага гімна. Асабліва падабалася гэта ідэя эсдэкам і зялёным. Аднак Гельмут Коль, маючы большасць у парламенце, не
дапусціў змены аднаго з нацыянальных сімвалаў ФРГ.
Цяпер праціўнікі «Deutschlandlied», карыстаючыся дэбатамі наконт юбілею гімна і адсутнасці факту яго легітымізацыі, зноў ажывіліся. Праўда, пакуль іх заклікі не знаходзяць
падтрымкі. У часы крызісу праблема прыняцця новага гімна падаецца бюргерам вельмі смешнай. Агульную думку выказаў часопіс «Cicero»: «Гімн нельга мяняць, як кашулю, нават
калі яна вельмі брудная».
Аднак наўрад ці ў гісторыі нямецкага гімна пастаўленая кропка. І не толькі таму, што немцы з-за росту эміграцыі становяцца мультыкультурнай і шматэтнічнай нацыяй. Справа ў тым, што арыгінал
манускрыпта «Песні немцаў» да фіналу Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Польшчы і разам з іншымі нямецкімі творамі мастацтва патрапіў у польскія рукі. Нягледзячы на абавязак
паводле Гаагскіх канвенцый вярнуць трафеі на радзіму, польскі бок пакуль упарта адмаўляецца аддаць арыгінал тэксту нямецкага гімна. Правая нямецкая прэса ў сваю чаргу называе той манускрыпт
«апошнім палонным Другой сусветнай вайны».