Поспехі маладой свабоды
Вядучая праварадыкальная газета Германіі адсвяткавала 20-ю гадавіну свайго існавання.
Есці сасіскі пад піва, балець за Баварыю і чытаць жоўты «Bild». Гэта не ўсё, што вымагае кодэкс сапраўднага нямецкага бюргера. Апошні павінен таксама стабільна галасаваць за партыю
Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU) — вядучую правацэнтрысцкую партыю ФРГ. Аднак сёння з партыйнымі сімпатыямі ў бюргераў узніклі складанасці.
Вядучая праварадыкальная газета Германіі адсвяткавала 20-ю гадавіну свайго існавання.
Есці сасіскі пад піва, балець за Баварыю і чытаць жоўты «Bild». Гэта не ўсё, што вымагае кодэкс сапраўднага нямецкага бюргера. Апошні павінен таксама стабільна галасаваць за партыю
Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU) — вядучую правацэнтрысцкую партыю ФРГ. Аднак сёння з партыйнымі сімпатыямі ў бюргераў узніклі складанасці.
Фрустрацыя кансерватыўных выбаршчыкаў — следства правалаў кабінета Ангелы Меркель — справакавала падзенне даверу да CDU і запыт на новых правых. Адпаведна апытанням, каля 18
працэнтаў прыхільнікаў CDU гатовыя галасаваць за партыю, якая стаіць на больш правых пазіцыях, чым хадэкі.
Адсюль такі вялікі інтарэс да правакацыйных ксенафобскіх заяў Ціла Сарацына пра тое, што турэцкія эмігранты — гэта машыны для вытворчасці дзяўчат у хустках, да з’яўлення шэрагу
правых партыйных праектаў кшталту Партыі Свабоды або блоку «За Берлін». Не супраць пагуляць на гэтым полі, дарэчы, і Ангела Меркель. Можна згадаць яе нядаўні спіч пра неабходнасць
рэвізіі прынцыпаў міграцыйнай палітыкі.
Цяперашні правы паварот у Германіі наўрад ці быў бы магчымы без газеты «Die Junge Freiheit» (JF), што ў перакладзе значыць «маладая свабода». На днях
«Маладая свабода» адсвяткавала свой дваццаты юбілей.
Газету заснаваў Дзітэр Штэйн, які дасюль выконвае функцыі яе галоўнага рэдактара. «Die Junge Freiheit» нарадзілася як школьная газета прыхільнікаў моладзевай секцыі кансерватыўнай
Свабоднай народнай партыі (FVP) у Фрайбургу. Штэйн быў, безумоўна, журналістам ад Бога. Інакш яго прадукцыя не аказалася б больш папулярнай за партыю, органам якой яна фармальна была. Хутка наклад
аматарскага выдання вырас. У гэты момант яе аўтары вырашылі пакінуць FVP і заснаваць свой выдавецкі праект. Восенню 1990 года дзевяць маладых журналістаў зарэгістравалі акцыянернае таварыства
«Junge Freiheit Verlag».
Далейшую гісторыю JF можна параўнаць з эвалюцыяй «Tageszeitung» (вядучае левае выданне Германіі, заснаванае ў 1980 годзе). У вытокаў «Tageszeitung» стаяў таксама
калектыў, сябры якога інтуітыўна зразумелі, што ў час постмадэрнізму газета — не проста крыніца інфармацыі, а форма палітычнай ангажаванасці. Партыйны білет замяніла падпіска на газету,
якая, з аднаго боку, мае выразны ідэйны палітычны профіль, з другога — прыносіць задавальненне.
Прыкладна такім жа шляхам прайшла «Die Junge Freiheit». Праўда, гэта было ўжо праз пэўны час пасля заснавання. Спачатку яе выдаўцам было цяжка. Каб стварыць сталую аўдыторыю, ім
давялося выдаць некалькі нумароў за свой кошт. Газеты распаўсюджваліся ў розных універсітэтах ФРГ, пакуль нарэшце не ўзнікла кола падпісчыкаў. Другім донарам рэдакцыі сталі кансерватыўныя палітыкі,
якія хутка звярнулі ўвагу на актыўнасць Штэйна і яго кампаніі.
З 1993 года газета пачала выходзіць раз на тыдзень. Яшчэ праз год памер выдання павялічыўся з 20 да 28 старонак. Узнікла традыцыя праводзіць штогод летнюю акадэмію для чытачоў. Нарэшце, у 1995 годзе
JF змяніла форму ўласнасці: стала выдавецкім холдынгам. У 2000 годзе на базе выдання ўзнікла аналітычная суполка Інстытут дзяржаўнай палітыкі. Паралельна пачала выходзіць свая кніжная серыя.
У чым незвычайнасць і сакрэт поспеху «Маладой Свабоды»?
Відавочна, што газета знайшла сваю аўдыторыю. Гэта той самы бюргер, які незадаволены наплывам эмігрантаў і хацеў бы больш рашучай палітыкі ўраду ў гэтай галіне. Пры гэтым, аднак, ён не хацеў бы, каб
яго лічылі нацыстам.
Перш за ўсё рэдакцыя «Маладой Свабоды» парушыла канон праварадыкальнай прэсы, які базаваўся на кульце Трэцяга Рэйху. «Die Junge Freiheit» адмовілася ад традыцыі.
Наадварот, у кніжнай серыі JF можна пабачыць выданне «Забытыя героі нацыі», прысвечаную ўдзельнікам змовы супраць Гітлера ў ліпені 1944-га.
Аднак антыфашызм — гэта толькі фасад. Патрабуючы свабоды публіцыстыкі, газета ў сваіх матэрыялах уздымае вельмі балючыя і тонкія для нямецкай палітычнай культуры праблемы —
Халакост, адказнасць Германіі за другую сусветную вайну, злачынствы салдат Вермахту. Даецца шмат трактовак тых з’яваў, у тым ліку і правых. Усхваляецца адначасова прускі мілітарызм і працы
кансерватыўных філосафаў 1920-х гадоў, на ідэйным фундаменце якіх узнікла канцэпцыя Трэцяга Рэйху. Рэдакцыя таксама не хавае свайго крытычнага стаўлення да вопыту Веймарскай рэспублікі.
Каньком журналістаў ёсць правакацыі на гістарычную тэматыку, якія для не вельмі адукаванага чалавека падаюцца праўдзівымі. Напрыклад, вялікі чытацкі рэзананс меў нядаўні артыкул пра тое, што напад
Германіі на Польшчу ў 1939 годзе быў прэвентыўным ударам. Быццам напярэдадні Варшава ў рамках агульнай мабілізацыі прызвала 2 мільёна чалавек, і беднаму Гітлеру нічога не заставалася, як аддаць загад
Вермахту перайсці мяжу.
Газета ахвотна дае пляцоўку для выказванняў правых радыкальных палітыкаў кшталту Уда Фойгта, лідэра нацыянал-дэмакратаў. Побач з падобнымі матэрыяламі можна пабачыць цалкам палітычна карэктны
каментар якога-небудзь сацыял-дэмакрата або кансерватара. Гэта стварае ілюзію таго, што неанацызм — гэта нешта цалкам нармальнае.
Пад соусам заклікаў «трымаць годнасць нямецкай духоўнай і культурнай традыцыі», «абараняць палітычную эмансіпацыю Германіі і Еўропы на аснове іх ідэнтыфікацыі і волі
народаў» грамадству навязваюцца тэмы нацыяналізму і культурнага расізму. «Разбурыць гегемонію дыскусіі — наша доўгатэрміновая задача», — сказаў яшчэ ў
1995 годзе Дзітэр Штэйн.
Нельга сказаць, што нямецкае грамадства не сочыць за паўзучым наступам ультраправых.
У сярэдзіне 1990-х гадоў некалькі разоў рэдакцыя атрымлівала папярэджанні ад дзяржаўных структур, якія займаюцца барацьбой з правым экстрэмізмам.
У жніўні 1994 года, пасля публікацыі ў газеце супярэчлівага артыкулу пра Халакост, невядомыя зрабілі падпал у друкарні, якая працавала з JF. Адказнасць за акцыю ўзяла на сябе «Група
рэвалюцыйных лесбіянак». Цікава, што левыя партыі, напрыклад Зялёныя, асудзілі атаку на «Die Junge Freiheit», пабачыўшы тут «атаку на свабоду
прэсы».
У 2004 годзе Цэнтральны савет габрэяў ФРГ заклікаў палітыкаў не даваць інтэрв’ю журналістам JF. У 2005-м партыйны сход берлінскіх сацыял-дэмакратаў прыняў такую ж рэзалюцыю. У 2008 годзе
пайшоў у адстаўку адзін з лідэраў хрысціянскіх дэмакратаў Цюрынгіі, паколькі, як стала вядома грамадскасці, быў сталым аўтарам «Маладой Свабоды».
Нягледзячы на ўсё гэта, 20-ю гадавіну свайго існавання рэдакцыя сустракае ў стане эйфарыі. У Штэйна напалеонаўскія планы — узняць наклад выдання да 40 тысяч асобнікаў і стаць такім чынам
другой нацыянальнай палітычнай штотыднёвай газетай.
Аднак гэта не ўсё. Штэйн не хавае, што хацеў бы дапамагчы стварыць «партыю Сарацына» — больш правую за CDU структуру, якая, па яго словах, магла б «перафарматаваць
партыйны спектр ФРГ».
Як ні парадаксальна гучыць, лёс гэтых пражэктаў зараз залежыць ад лідэраў CDU. Калі кансерватары адмовяцца даваць Штэйну каментары і запрашаць яго на свае кактэйлі, выданне хутка стане
маргінальным.
Аднак у атмасферы хаосу на правым флангу і папулярнасці сярод кансерватараў антыэмігранцкіх лозунгаў, такі варыянт пакуль не прадбачыцца.