Праваслаўе можа быць прыцягальным
Знешне эстонскае праваслаўе мала чым адрозніваецца ад маскоўскага, хіба што асноўнай мовай набажэнстваў. Аднак тут яно нечакана падалося мне чымсці цікавым і нават прывабным.
Жанчыны-сету і праваслаўныя святары. Крайні злева — мітрапаліт Стэфан
Я хрысціўся ў прыстасаваным пад храм брызентавым вайсковым намёце ў Мінску, на вуліцы Прытыцкага. У тым намёце з скрыпучым драўляным насцілам і печкай-буржуйкай было нешта ад духу першых
хрысціянскіх цэркваў. І не толькі ў ім, уся праваслаўная царква здавалася жывой і свежай. Тады мне зусім не сорамна было прызнацца, што я праваслаўны, бо гэта азначала толькі прыняцце мной Хрыстовага
дабравесця.
Дык вы верыце ў Бога? — Не, я праваслаўны
Даўно няма таго намёту, а я цяпер хаваю сваю прыналежнасць да праваслаўнай царквы, хаця па-ранейшаму лічу сябе хрысціянінам.
«Беззаконны кіраўнік, уладалюбівы архірэй, фанатычны прыхільнік даўніны» — гэтых трох называў калісці праціўнікамі Хрыста ў сваім крэда а. Аляксандр Мень.
Засцерагаючы, што яны належаць не толькі евангельскай эпосе, але адраджаюцца ў любы час, у розным выглядзе. Гэтыя трое, як мне падаецца, пачалі вызначаць мірское аблічча праваслаўя. Засланяючы сабой
увесь рэлігійны змест і ўсю яго прыгажосць.
Сюды яшчэ можна дадаць «дух сектанцтва», пра які пісаў архіяпіскап Іаан Сан-Францыскі (Шахоўскі):
У пэўны момант я пачаў думаць, што праблема ў самім праваслаўі. Маўляў, яно заганнае па сваёй прыродзе, рэакцыянерства закладзена ў яго генах, іначай і быць не можа.
Можа быць іначай, прычым тут і цяпер.
У другарадным — свабода
Я пераканаўся ў тым на ўласныя вочы, калі выпадкова трапіў на мерапрыемства, прысвечанае 90-годдзю аўтаноміі Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы. Гэта быў традыцыйны злёт праваслаўнай
моладзі Ortofest, што праходзіў у эстонскім пасёлку Вярска — цэнтры Сетумаа, гістарычнай вобласці пражывання народа сету, які вызнае праваслаўе з XVI стагоддзя.
Калісці рускія суседзі называлі сету «паўверкамі» — за наяўнасць у іх культуры шматлікіх язычніцкіх элементаў.
Сету дасюль выбіраюць сабе караля ў першую суботу жніўня — галасуюць за яго, становячыся ў чаргу за прэтэндэнтамі, за кім чарга акажацца даўжэй, той і будзе каралём Сетумаа на цэлы год,
будзе бачыць сны і расказваць пра іх свайму народу. Ён жа адначасова з'яўляецца прадстаўніком... бога Пеко.
Падобна, эстонскім святарам такая логіка не ўласцівая. Яны хутчэй кіруюцца прынцыпам іканаміі — развязвання спрэчных пытанняў з пазіцыі літасці, які дае магчымасць прымаць рашэнне, што
парушае літару царкоўнага канону, але не супярэчыць яго духу. Ці лютэранскім (а Эстонія ўсё-ткі традыцыйна лютэранская краіна) прынцыпам адыяфоры — пад якой маецца на ўвазе тое, што не
істотна для веры і выратавання, аднак можа быць дазволена хрысціянам.
Я не магу выступаць у ролі эксперта па такіх пытаннях, але мне здаецца, што спакойнае стаўленне да пэўных элементаў фальклору, народных звычаяў — пазіцыя больш разважлівая і
вытрыманая.
У праграму мерапрыемства ўваходзілі народныя танцы сету на паляне пад канцэрціну (мініяцюрны гармонік). Не тое каб у нас танцы забараняліся праваслаўнай царквой, але дасюль можна сустрэць
дыскусіі на тэму — грэх ці не грэх? А часам і меркаванні асобных святароў, што гэта ўсё-ткі «згубны» занятак. Звыклы да таго, што праваслаўныя дэманстратыўна цураюцца
свецкіх забаваў, я быў троху здзіўлены лёгкасцю і нязмушанасцю, з якой танчылі ўдзельнікі злёту на вачах у мітрапаліта.
Удзельнікі сустрэчы з Беларусі прадставілі Купальскія спевы і зладзілі даволі складаны карагод
Зрэшты, сам мітрапаліт Стэфан здзівіў мяне яшчэ болей. І не толькі тым, што быў лёгка даступны для размовы, чым я і скарыстаўся. Увечары, калі ўдзельнікі сустрэчы ад розных краінаў прадстаўлялі
які-небудзь нацыяльны музычны нумар, ён навучыў прысутных спяваць французскую дзіцячую песню «Le coq est mort» («Пеўнік памёр») з такім прыпевам:
«Il ne dira plus co-co-di, co-co-da» («Ён больш не праспявае ку-ка-рэ-ку»). Французскую, бо мітрапаліт, грэк-кіпрыёт з паходжання, нарадзіўся ў Бельгійскім Конга,
потым сорак гадоў жыў у Францыі.
Мітрапаліт Стэфан развучае з праваслаўнай моладдзю песню «Le coq est mort»
Я спрабаваў крыху патроліць мітрапаліта і яго памочніка, запытаўшыся ў іх, ці не здаецца ім сур'ёзнай пагрозай тое, што эстонцы пастаянна чартыхаюцца. У літаральным сэнсе, некаторыя праз
слова дадаюць — «kurat» (чорт, эст.).
Яны доўга не маглі зразумець, чаго я ад іх хачу. Памочнік з усмешкай прыгадаў, што «сам у маладосці часта ўжываў гэтае слова для запаўнення паўзаў». Але ў цэлым узнятая мной
праблема падалася ім цалкам другараднай і не вартай увагі. Хай сабе чартыхаюцца, абы людзьмі былі добрымі.
У баку ад шырокага шляху
Вышэй я казаў, што некалі пачаў бачыць праблему ў самім праваслаўі. Убранне царквы, літургічныя асаблівасці, знешні выгляд святароў, манера хрысціцца і станавіцца на калені — усё
адштурхоўвала, здавалася матэрыяльным носьбітам заганнага рэакцыянерства.
Я знайшоў пацвярджэнне таму, што гэта не толькі маё мімалётнае ўражанне. Пакуль Лютэранская царква, традыцыйная ў гэтым рэгіёне канфесія, губляе прыхаджанаў, колькасць праваслаўных расце. Не
толькі ў Эстоніі, але і ў Фінляндыі, напрыклад.
У чым жа прыцягальнасць праваслаўнай царквы па-за межамі яе традыцыйнага панавання? Пэўна ж, ачышчаная ад статусу «традыцыйнай», яна мае прыкметы «вузкага
шляху». Больш падрабязны адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў бакалаўрскай працы, прысвечанай катэхізацыі, фінскай праваслаўнай
верніцы Р.-Х. Кэмппі.
Прычыны пераходу ў праваслаўе, якія называюць празеліты, часам выглядаюць прадказальнымі. Яны скардзяцца на рэлігійнасць «без пахаў, колераў і смаку», слабасць і зменлівасць
традыцый у лютэранстве, залішнюю пагоню за модай, тады як у праваслаўі яны знаходзяць «крэпасць, на якую можна абаперціся і пабудаваць хрысціянскае жыццё». Кагосці прываблівае
большая містычнасць — як супрацьлегласць лютэранскаму рацыяналізму, што «імкнецца патлумачыць усё да канца», не пакідаючы месца для таямніцы. Багатае богаслужбовае жыццё,
урачыстасць, прыгажосць, цеплыня — гэта не здзіўляе.
Міжволі думаеш: неяк яно... не па-праваслаўнаму гучыць.
Прамаскоўская арыентацыя і адсутнасць «усяленскай свядомасці»
Андрэйс Крускоп, латыш, чые продкі былі лютэранамі з 16 стагоддзя, ажаніўся на грузінцы і перайшоў у праваслаўе. Паводле яго словаў, «у выпадку змешаных шлюбаў з каталікамі або
праваслаўнымі, лютэране амаль заўсёды прымаюць дэнамінацыю жонкі/мужа, бо ім усё роўна, а каталікам ці праваслаўным — не ўсё роўна».
У Латвіі, кажа Андрэйс, адток з лютэранства мае масавы характар. І тут справа не толькі ў змешаных шлюбах.
«Калі лютэранін не слабее ў веры і сур'ёзна паглыбляецца ў хрысціянскае веравучэнне, то ён рана ці позна не можа не сутыкнуцца з пытаннем таінстваў, іх дзеяння, іх законнасці
(скажам, калі гаворка ідзе пра Еўхарыстыю, то непазбежна ўзнікае пытанне, а па якім праве пастар яе здзяйсняе — гэта значыць, пытанне аб неабходнасці таінства пасвячэння). Узнікае патрэба ў
сакральным, чаго лютэранін у сваёй царкве, калі не лічыць выпадкаў самаўнушэння, не знаходзіць», — разважае мой суразмоўца.
Аднак, нягледзячы на тое, што Андрэйс «паставіўся сур'ёзна» да пераходу ў праваслаўе і «актыўна практыкаваў», урэшце ён перайшоў у каталіцтва. Бо
сутыкнуўся ў праваслаўнай царкве з трыма праблемамі:
Таму Андрэйс, знайшоўшы каталіцкую суполку, дзе панаваў «мірны дух сярод людзей розных нацыянальнасцяў», прыняў каталіцтва.
Заўважу, што падобныя праблемы не ўзнікаюць у аўтаномных цэрквах Фінляндыі і Эстоніі, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату.
Калісці мае знаёмыя праваслаўныя з БПЦ (МП) бэсцілі маю схільнасць да аўтакефаліі або ўніяцтва як патуранне нейкім другарадным эмоцыям, засяроджанасць на вонкавым і залішнюю палітызаванасць. Не
разумеючы, што для чалавека, як сацыяльнай істоты, можа быць невыносным знаходжанне ў чужароднай абалонцы.
Дык, можа, з абалонкай нешта не тое, а не з тымі, хто ад яе вызваляецца?