Іран пагражае Зяленскаму

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Ірана Насер Канаані раскрытыкаваў заявы Уладзіміра Зяленскага аб ваеннай падтрымцы Тэгеранам Масквы ў вайне супраць Украіны. Як паведамляе «Еўрапейская праўда», каментар Канаані быў апублікаваны на сайце іранскага МЗС.

de6c92d_319177050_567642004812180_8456783965744819728_n.png

У каментары сцвярджаецца, што Іран «не пастаўляў ніякай вайсковай тэхнікі ніводнаму боку для выкарыстання ў вайне ва Украіне» і заўсёды паважаў тэрытарыяльную цэласнасць усіх краін, уключаючы Украіну.

«Зяленскаму варта было б ведаць, што стратэгічнае цярпенне Ірана ў дачыненні да такіх беспадстаўных абвінавачванняў не з'яўляецца бязмежным», — заявіў прадстаўнік іранскага МЗС.

Таксама Канаані параіў украінскаму прэзідэнту «атрымаць урок з лёсу некаторых іншых палітычных лідараў, якія здавольваліся падтрымкай ЗША».

Нагадаем, у прамове перад абедзвюма палатамі Кангрэса прэзідэнт Украіны ў чарговы раз заявіў аб ваеннай падтрымцы Іранам Расіі.

«Калі Расія не дастае да нашых гарадоў артылерыяй, яна спрабуе знішчыць іх ракетамі. Больш за тое, Расія знайшла саўдзельніка ў гэтай генацыднай палітыцы — Іран. Іранскія забойныя дроны, якія ідуць у Расію сотнямі, сталі пагрозай для нашай крытычнай інфраструктуры. Так адзін тэрарыст знаходзіць іншага. Пытанне часу, калі яны ўдараць па іншых вашых хаўрусніках, калі мы не спынім іх цяпер», — сказаў Зяленскі.

Як вядома, Расія апошнія некалькі месяцаў актыўна выкарыстоўвала іранскія беспілотнікі-камікадзэ «Shahed», выдаючы іх за расійскія дроны «Герань», а таксама вяла перамовы з Тэгеранам аб пастаўках дадатковай зброі, перш за ўсё ракет. Акрамя таго, паводле некаторых даных, у акупаванай Украіне былі іранскія інструктары, якія дапамагалі расійскім сілам.

ЗША, Еўрапейскі Саюз і Канада ўжо ўвялі санкцыі супраць Ірана за ваенную дапамогу Расіі, а Украіна абмяркоўвае магчымасць разрыву дыпламатычных адносін з Іранам. Афіцыйна Масква і Тэгеран адмаўляюць абвінавачванні Захаду.