«Расія не хоча часовага перамір'я» — памочнік Пуціна
Прапанова аб часовым перамір'і — не што іншае як часовая перадышка для ўкраінскіх вайскоўцаў, крокі, якія імітуюць мірныя дзеянні, нікому не патрэбныя, заявіў памочнік Пуціна Юрый Ушакоў у эфіры тэлеканала «Расія-1». Ён адзначыў, што падчас размовы з дарадцам па нацбяспецы ЗША Майклам Уолцэрам выклаў пазіцыю РФ на гэты конт. Ідзе 1114-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны, развязанай пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Юрый Ушакоў. Фота: РІА Новости
Еўрапейская выведка атрымала дакумент з найбольш максімалісцкімі патрабаваннямі Расіі на магчымых мірных перамовах. Сярод іх — змена ўлады ва Украіне, прызнанне акупаваных Расіяй тэрыторый і дэмілітарызаваная зона, піша The Washington Post.
Дакумент, здабыты выведкай неназванай еўрапейскай краіны, падрыхтаваў для Крамля аналітычны цэнтр, які шчыльна працуе з пятай службай ФСБ, што займаецца аперацыямі ва Украіне, за тыдзень да перамоваў паміж Расеяй і ЗША ў Эр-Рыядзе 18 лютага.
Планы Трампа дасягнуць міру за 100 дзён там называюць нерэалістычнымі, а мірнае развязванне крызісу ва Украіне немагчымым да 2026 года.
У дакуменце гаворыцца аб працы па паслабленні перамоўнай пазіцыі ЗША па Украіне, правакаванні напружанасці ў адносінах паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і іншымі краінамі.
Дакумент настойвае на прызнанні суверэнітэту Расіі над захопленымі ёю ўкраінскімі тэрыторыямі. На думку аўтараў, без прызнання акупаваных тэрыторый расійскімі вайна можа пачацца зноў, напрыклад, пры наступнай адміністрацыі ЗША.
Дакумент таксама падкрэслівае стварэнне буфернай зоны на паўночным усходзе Украіны на мяжы з Бранскай і Белгародскай абласцямі, а таксама дэмілітарызаванай зоны ў паўднёвых украінскіх рэгіёнах побач з Крымам. Гэтая зона ўключае Адэскую вобласць.
Магчымыя саступкі Украіны, напрыклад, адмова ад сяброўства ў NATO і правядзенне выбараў, у якіх могуць удзельнічаць прарасейскія партыі, адмаўляюцца як недастатковыя, цытуе рэкамендацыі Washington Post.
Атрыманы дакумент таксама настойвае на поўнай замене ўкраінскай улады.
«На самай справе цяперашні кіеўскі рэжым немагчыма змяніць знутры краіны. Патрэбны яго поўны дэмантаж», — цытуе дакумент Washington Post.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў выданню, што яму «невядома пра такія рэкамендацыі» і што Крэмль «працуе з больш прадуманымі варыянтамі».
*****
Аналітыкі ISW пішуць, што апублікаваныя 12 сакавіка геалакацыйныя кадры паказваюць на тое, што войска РФ нядаўна захапіла Суджу і прасунулася на паўночны захад ад горада.
Расійскія ваенныя блогеры прыпісваюць захоп горада падраздзяленням 11-й паветрана-дэсантнай брыгады, 22-га мотастралковага палка (72-й мотастралковай дывізіі 44-га армейскага корпуса Ленінградскай ваеннай акругі) і 2-й брыгады спецназа (Галоўнага ўпраўлення ваеннай разведкі Генштаба ВС РФ). Са слоў блогераў, расійскія войскі праводзяць «зачысткі» ў населеным пункце.
Не выключана, што расіяне паспрабуюць стварыць буферную зону паблізу расейска-ўкраінскай мяжы. Пра гэта гаворыцца ў свежым справаздачы Інстытута вывучэння вайны.
12 сакавіка Уладзімір Пуцін наведаў вайсковы камандны пункт у Курскай вобласці і заслухаў даклад начальніка расейскага Генштаба Валерыя Герасімава. Гэта адбылося ўпершыню пасля ўзяцця пад кантроль Украінай часткі Курскай вобласці ў жніўні 2024 года.
Падчас наведвання Пуцін прызнаў, што войскі РФ яшчэ не цалкам выціснулі ўкраінскія сілы з Курскай вобласці, і заявіў, што яны павінны захапіць усю Курскую вобласць «у самыя кароткія тэрміны».
«Гэты візіт дэманструе жаданне Пуціна выкарыстоўваць захоп Расіяй Суджы для дэманстрацыі вайсковага поспеху і сілы на фоне прапановы Украіны і ЗША аб часовым спыненні агню», — гаворыцца ў справаздачы.
*****
Французскі парламент прыняў рэзалюцыю ў падтрымку Украіны з заклікам арыштаваць расійскія актывы.
Дакумент ухвалілі 288 галасамі. Супраць прагаласавалі 54 дэпутаты.
Рэзалюцыя заклікае ЕС, НАТА, а таксама краіны-саюзніцы працягваць і павялічваць палітычную, эканамічную і ваенную падтрымку Украіны, выбудаваць для ЕС «незалежную еўрапейскую абарону» і пачаць арышт расійскіх актываў для фінансавання ваеннай падтрымку Украіны.
Таксама ў дакуменце ўтрымліваецца заклік да французскага ўраду і еўрапейскіх партнёраў вывучыць магчымасць размяшчэння еўрапейскіх міратворчых сілаў ва Украіне.
Хоць дакумент носіць і сімвалічны характар, ён усё ж можа паўплываць на лінію ўрада, якая выступае супраць арышту актываў РФ.
*****
Фінляндыя абвясціла аб новым пакеце ваеннай дапамогі Украіне на 200 млн еўра.
Новы пакет павінен быць ухвалены ўрадам і прэзідэнтам краіны.
Хоць дэталі пакета не раскрываюцца, вядома, што ён уключае артылерыйскія боепрыпасы, у якіх цяпер ёсць значная патрэба, заявіў міністр абароны Фінляндыі Анці Хяккянена пасля сустрэчы з украінскім калегам Рустэмам Умеравым.
У час сустрэчы быў таксама падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне абароннага супрацоўніцтва, які прадугледжвае паглыбленне супрацоўніцтва ў пытаннях абаронных матэрыялаў, абмену інфармацыяй, даследаванняў, інавацый і вытворчасці боепрыпасаў.
*****
У сеціве з'явілася відэа, дзе расіяне зноў расстралялі бяззбройных украінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон
Паведамлялася, што забітыя былі прынамсі 5 вайскоўцаў у вёсцы Казачая Локня Курскай вобласці.
Амбудсмэн Дзмітрый Лубянец заявіў, што ў сувязі з інцыдэнтам накіраваў лісты ў ААН і МКЧК для фіксацыі ваеннага злачынства.
«Мы ў чарговы раз бачым цынічнае грэбаванне да міжнароднага гуманітарнага права з боку арміі РФ. Тыя, хто аддае загады і выконвае гэтыя зверствы, павінны панесці строгую адказнасць», — сказаў ён.
*****
Дроны ГУР атакавалі прадпрыемства па вытворчасці дронаў пад Калугай. Атака адбылася ўвечары 12 сакавіка ў пасёлку Абухава Дзяржынскага раёна Калужскай вобласці. Паводле звестак ГУР, лініі для зборкі беспілотнікаў былі размешчаны ў цэхах завода «Калужскі газабетон».
Праз атаку дронаў у аэрапорце Калугі быў уведзены план «Дыван» — адмененыя ўсе рэйсы з 21:00 12 сакавіка да 06:00 13 сакавіка.
Раніцай 13 сакавіка губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша пацвердзіў начную атаку дронаў і заявіў аб трапленні ў прамысловае прадпрыемства, інфраструктурны аб'ект сувязі і энергетыкі.
Уначы БПЛА атакавалі іншыя вобласці РФ.
У Варонежскай вобласці пад ударам апынуліся 2 аб'екта, а мясцовыя паблікі пішуць, што ў выніку атакі гарэла газавая інфраструктура.
У Растоўскай вобласці паведамляюць пра пажар на тэрыторыі прамаб'екта ў выніку падзення БПЛА. Некалькі пажараў таксама зафіксавана і на Кубані.
У Саратаўскай вобласці РФ зафіксаваная атака невядомых дронаў, паведаміў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі (ЦПД) пры РНБА Украіны Андрэй Каваленка.
«Саратаўская вобласць з'яўляецца адным з ключавых рэгіёнаў у газатранспартнай сістэме Расіі», — дадаў Каваленка ў паведамленні ў Telegram.
Таксама ў раёне атакі размешчаны Саратаўскі НПЗ з магутнасцю перапрацоўкі каля 7 млн тон нафты ў год.
«Ён вырабляе авіяцыйнае паліва, дызель і змазачныя матэрыялы, якія забяспечваюць вайсковую тэхніку», — адзначыў Каваленка.
*****
Ва Украіны скончыліся дальнабойныя ракеты ATACMS. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Associated Press, спасылаючыся на неназванага амерыканскага чыноўніка і ўкраінскага дэпутата з абароннага камітэта.
Амерыканскі суразмоўца журналістаў распавёў, што ЗША далі Украіне менш за 40 ракет ATACMS і яны скончыліся ў канцы студзеня 2025 года.
Высокапастаўленыя кіраўнікі са сферы абароны ЗША, уключаючы папярэдняга кіраўніка Пентагона Лойда Осціна, заяўлялі, што Украіне будзе пастаўлена абмежаваная колькасць ATACMS і што ЗША і іх саюзнікі ў NATO лічаць больш каштоўнай у баі іншую зброю.
*****
Войскі РФ атакавалі беспілотнікамі аб'екты інфраструктуры ў шэрагу рэгіёнаў Украіны. Сілы СПА збілі 74 з 117 БпЛА. Яшчэ 38 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя.
Днепрапятроўская вобласць
Начальнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак паведаміў пра атаку дронаў на аб'екты крытычнай інфраструктуры ў некалькіх гарадах рэгіёну, у прыватнасці ў Дняпры. У Дняпры пацярпелі тры чалавекі — жанчыны ва ўзросце 52, 56 і 82 гадоў. Усе шпіталізаваныя, іх стан ацэньваюць як сярэдняй цяжкасці.
Інфраструктура пашкоджаная і ў Самараўскім раёне. Там пашкоджаныя аўто, шматкватэрны дом, адмінбудынак, гаспадарчыя пабудовы.
«Укрзалізныця» паведаміла, што расейцы атакавалі на Днепрапятроўшчыне энергааб'екты чыгункі. Праз гэта магчымыя змены ў руху некалькіх цягнікоў.
Херсонская вобласць
Пасля расійскіх абстрэлаў Херсоншчыны электразабеспячэнне знікла ў Карабельным і Цэнтральным раёнах, а таксама населеных пунктах Маладзёжнае, Наддняпранскае, Інжынернае, часткова — у Зялёнаўцы.
У Херсоне ў выніку артабстрэлу 42-гадовая жанчына атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыццём.
Таксама пацярпеў 60-гадовы херсонец у Дняпроўскім раёне. На момант нападу дронам ён быў у машыне. Мужчына атрымаў асколачныя раненні спіны і ніжніх канечнасцяў.
Запарожская вобласць
На Запарожжы расейцы пад раніцу атакавалі абласны цэнтр «шахедамі». Паводле папярэдніх звестак, людзі не пацярпелі. У выніку атакі пашкоджаны прыватны дом і адмінбудынак.
*****
Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 13.03.25 арыенціровачна склалі:
асабістага складу — каля 890250 (+1200) чалавек,
танкаў — 10307 (+1) адз,
баявых браніраваных машын — 21432 (+2) адз,
артылерыйскіх сістэм — 24409 (+19) адз,
РСЗА — 1314 (+0) АДЗ,
сродкі СПА — 1103 (+0) адз,
самалётаў — 370 (+0) адз,
верталётаў — 331 (+0) адз,
БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 28983 (+71),
крылатыя ракеты — 3121 (+0),
караблі / катэры — 28 (+0) адз,
падводныя лодкі — 1 (+0) адз,
аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 40355 (+81) адз,
спецыяльная тэхніка — 3777 ‒ + 0).