Рэйкавыя партызаны ў Расіі спынілі Транссібірскую чыгунку

Расійскія рэйкавыя партызаны спынілі рух цягнікоў і ваенных эшалонаў каля расійскага Краснаярска.

fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__3__1_logo.jpg

У ноч на 4 студзеня ў Расіі партызаны ў чарговы раз спынілі рух грамадзянскіх цягнікоў і ваенных эшалонаў на ўчастку Транссібірскай чыгункі ў раёне Краснаярска, пра гэта паведамляе украінская РБК са спасылкай на Галоўнае ўпраўленне ўкраінскай выведкі.

«У новым 2023 годзе гэта ўжо, па меншай меры, шосты выпадак знішчэння блокаў сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі на чыгунцы ў розных рэгіёнах Расіі, што прыводзіць да парушэнняў у графіках руху ваенных эшалонаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Ва ўкраінскай выведцы адзначылі, што ў мінулым 2022 годзе было зафіксавана каля 40 такіх выпадкаў, а таксама выпадкі знішчэння чыгуначных трансфарматараў і лакаматываў.

«Істотная актывізацыя рэйкавых партызан у Расіі адбылася пасля абвяшчэння пуцінскага рэжыму частковай мабілізацыі», — тлумачаць у ГУР.

Раней невядомыя партызаны ў Растоўскай вобласці ўзарвалі чыгуначныя шляхі, па якіх ішлі эшалоны расійскай ваеннай тэхнікі.


У Беларусі ж злоўленым рэйкавым партызанам выносяць прысуды з аграмаднымі тэрмінамі зняволення. Так, трох жыхароў Светлагорска нядаўна асудзілі да больш чым 20 гадоў калоніі кожнага. «Партызанаў» абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага — на чацвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Дзмітрыя Равіча — да 22 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Дзяніса Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 года. Таксама палітвязняў аштрафавалі на 150 базавых велічыняў кожнага (4800 рублёў), а ўсе каштоўныя рэчы, вынятыя падчас ператрусаў у іх дома, канфіскавалі.

На такі сталінскі прысуд нават адгукнуўся дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч »Як чалавек, на якога крымінальную справу ў Беларусі завялі, я перадаю гарачае прывітанне гэтым людзям. І калі ўсё гэта скончыцца, а скончыцца яно нашмат хутчэй, чым падаецца тым, хто іх пасадзіў, і калі мы будзем саджаць тых, хто іх пасадзіў, я асабіста пастараюся прыехаць у Беларусь і паціснуць кожнаму з гэтых людзей руку».