Аляксей Арастовіч пра рэйкавых партызан: Я пастараюся прыехаць у Беларусь і паціснуць кожнаму руку

На гэтым тыдні вынеслі жорсткія прысуды светлагорскім «рэйкавым партызанам» — ад 21 да 23 год калоніі. Дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у эфіры «Фейгін Live» пракаментаваў учынак хлопцаў.

ielzphrcgjak1n1sf30ms1t8fbgjyehl07dgwgcf.jpeg


«Як чалавек, на якога крымінальную справу ў Беларусі завялі, я перадаю гарачае прывітанне гэтым людзям. І калі ўсё гэта скончыцца, а скончыцца яно нашмат хутчэй, чым падаецца тым, хто іх пасадзіў, і калі мы будзем саджаць тых, хто іх пасадзіў, я асабіста пастараюся прыехаць у Беларусь і паціснуць кожнаму з гэтых людзей руку. Таму што мінімум на тыдзень яны стварылі праблему для перакідкі расійскіх вайсковых грузаў падчас пяцітыднёвай спробы расійскіх войскаў акружыць і ўзяць Кіеў.

Цяпер вельмі цяжка сказаць, які ўнёсак быў — ён мог быць вельмі значным. Заўважце, гэта было ў сакавіку — у час, калі ніхто не ведаў, пераможам мы ці не. І ўся вата верыла ў тое, што мы прайграем. Гэта дарога ў адзін канец, калі людзі ішлі на такое», — выказаўся Арастовіч.

Хлопцаў абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі Жэрдзь — Астанкавічы 28 лютага, на чацвёрты дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве» і рэгістрацыю ў плане «П*рамога» ды сувязь з B*POL.


Дзмітрыю Равічу далі 22 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Дзянісу Дзікуну — 23 гады, Алегу Малчанаву — 21 год.

У лютым і сакавіку ў Беларусі былі здзейснены не менш за дванаццаць акцый сабатажу на чыгунцы і дзве вялікія кібератакі.

Паводле НН