РФ абстрэльвае Украіну ракетамі, якія Кіеў аддаў Маскве ў 1990-х?
Расійскае войска абстрэльвае Украіну ракетамі, якія ў канцы 1990-х гадоў Кіеў перадаў Маскве ў кошт выплаты запазычанасці за газ, паведамляе праект «Схемы».
Журналісты пішуць,
што знайшлі ва ўкраінскім архіве пагадненне 1999 года паміж урадам Украіны
(якое тады ўзначальваў прэм'ер-міністр Валерый Пуставойценка) і расійскім
кабінетам на чале з Уладзімірам Пуціным.
У публікацыі сказана, што дамова, падпісаная ў Ялце, прадугледжвала перадачу Расіі васьмі цяжкіх бамбавікоў Ту-160, трох Ту-95МС, а таксама 575 крылатых ракет Х-55.
За гэта Масква даравала Кіеву доўг за спажыты газ, нагадвае выданне.
Журналісты «Схем» пішуць, што атрымалі таксама спіс перададзеных Расіі ракет з усімі нумарамі і супаставілі іх з нумарамі Х-55, якія выкарыстоўваліся падчас поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.
У выніку высветлілася, што больш за дзесяць расійскіх ракет, якія трапілі па цэлях ва Украіне, былі першапачаткова перададзеныя Маскве Кіевам.
«Схемы» публікуюць фатаграфіі ракет з нумарамі, выяўленых на месцы падзення, і спіс зброі, які ўтрымліваўся ў дамове 1999 года.
Паводле звестак выдання, у тым ліку ў спісе апынуліся ракеты, якія былі збітыя над Кіевам і вобласцю ў студзені, траўні і красавіку 2023 года. Яшчэ адна Х-55 у канцы 2022-га трапіла ў шматкватэрны жылы дом у Кіеве, а яшчэ адна — у дом у Кіеўскай вобласці, пішуць «Схемы».
Крылатыя ракеты Х-55 былі распрацаваны ў 1970-х гадах і пастаўленыя на ўзбраенне Савецкай Арміі ў пачатку 1980-х гадоў. Яны запускаюцца са стратэгічных бамбавікоў і здольныя несці ядзерную зброю.
Пасля распаду СССР Украіна валодала трэцім па велічыні ў свеце ядзерным патэнцыялам, але пагадзілася аддаць сваю ядзерную зброю ў абмен на гарантыі бяспекі з боку найбуйнейшых ядзерных дзяржаў — Расіі, ЗША і Вялікабрытаніі (гэты дакумент, падпісаны ў 1994 годзе, вядомы як «Будапешцкі мемарандум»).
Разам з тым, як адзначаюць «Схемы» са спасылкай на былых украінскіх дыпламатаў, ракеты Х-55 і бамбавікі не падпадалі пад дзеянне абавязацельстваў Украіны аб адмове ад ядзернай зброі.
Зяленскі: Расія запусціла па Украіне амаль 2 тысячы «Шахедаў»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў у сваім вячэрнім звароце, што за час вайны расійскае войска запусціла па Украіне прынамсі 1961 іранскі беспілотнік тыпу «Шахед».
Са слоў Зяленскага, «значную частку ўдалося збіць».
«На жаль, не ўсе. Мы працуем, каб збіваць больш, каб максімум збіваць. Працуем, каб было больш сістэм СПА», — адзначыў пры гэтым кіраўнік Украіны.
Ён таксама коратка распавёў пра сітуацыю на фронце, дзе ўкраінскае войска працягвае контрнаступленне.
«Баі цяжкія. Акупанты ўсімі сіламі спрабуюць спыніць нашых хлопцаў. Штурмы і вельмі жорсткія — Купянск, Ліманскі, Бахмуцкі, Мар’інскі, Аўдзееўскі кірункі. Паўднёвыя кірункі. Усюды няпроста, але што б ні рабіў вораг, менавіта ўкраінская сіла дамінуе», — заявіў Зяленскі.
Нагадаем, Расія пачала ўжываць супраць Украіны Іранскія беспілотнікі-камікадзэ восенню 2022 года.