РФ рыхтавалася захапіць усю Украіну: на Сумшчыне знайшлі дакументы з планамі расійскіх вайскоўцаў
Следчыя Дзяржаўнага бюро расследаванняў у разбураным Трасцянцы знайшлі дакументы з планамі расійскіх вайскоўцаў
У Трасцянцы на Сумшчыне следчыя ўкраінскага Дзяржаўнага бюро расследаванняў знайшлі важныя дакументы вайскоўцаў УС РФ, якія сведчаць, што Расія рыхтавалася захапіць усю тэрыторыю Украіны, паведамляе УНІАН.
Таксама следчыя ў Трасцянцы правялі эксгумацыю целаў 23 загінулых, у тым ліку двух дзяцей. Пра гэта паведаміў дырэктар Дзяржаўнага бюро расследаванняў (ДБР) Аляксей Сухачоў.
Адзначаецца, што следчыя ДБР агледзелі больш за 2 тысячы гектараў фактычна разбуранага захопнікамі горада. Усталяваныя месцы размяшчэння баявых частак рускіх войскаў і агнявыя пазіцыі, з якіх вяліся абстрэлы. Канфіскаваныя дакументы і асабістыя рэчы расійскіх вайскоўцаў.
Падчас даследавання наступстваў артылерыйскіх і мінамётных абстрэлаў інфраструктуры горада УС РФ, выяўленыя наўмысна пашкоджаныя 322 жылыя дамы і грамадзянскія аб'екты Трасцянца.
"Следчыя ДБР знайшлі важныя дакументы вайскоўцаў УС РФ, якія даюць выразнае разуменне, што Расія рыхтавалася захапіць усю тэрыторыю Украіны. Уся гэтая інфармацыя будзе вывучана і далучана да матэрыялаў справы", — падкрэсліў Сухачоў.
Таксама ў ДБР паведамілі, што ў ходзе следчых дзеянняў устаноўлены месцы, дзе акупанты катавалі цывільных людзей. Зафіксавана па меншай меры 34 факты незаконнага пазбаўлення волі і катаванняў цывільных асоб. На месцы злачынстваў выяўленыя дубінкі, кайданкі, металічныя абцугі і адзенне пацярпелых са слядамі крыві.