Рускія акупанты масава выкрадаюць украінскіх дзяцей?

Дзярждума РФ распрацоўвае закон, які павінен спрасціць працэдуру «ўсынаўлення» дзяцей з Украіны расіянамі.

Ілюстрацыйнае фота. UNICEF

Ілюстрацыйнае фота. UNICEF

Польскі партал niezalezna.pl піша пра вусцішныя маштабы прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Расію. Спасылаючыся на паведамленне ў Twitter Міністэрства абароны Украіны, партал паведамляе, што Дзярждума распрацоўвае закон, які павінен спрасціць працэдуру «ўсынаўлення» дзяцей з Украіны расіянамі.
Тым часам у чацвер, 7 красавіка, Служба бяспекі Украіны апублікавала перахопленую размову салдата «ДНР» з яго стрыечнай сястрой, якая жыве на акупаваных расійскімі войскамі тэрыторыях Запарожскай вобласці. У запісе гаворка ідзе ў прыватнасці пра згвалтаванні, якія павінны здзяйсняць захопнікі. «Сярожа, ідзі і сам паглядзі, што тут адбываецца. Я заўсёды давярала табе. Я верыла, калі ты тлумачыў мне, хто такія "бандэраўцы", і ненавідзела іх. А цяпер каго я павінна ненавідзець?» — пытаецца суразмоўца салдата, украінка з вёскі Тарасаўка цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці на поўдні краіны. «Я не ведаю, як мне абараніць сваіх унучак ад гэтых "вызваліцеляў". Дзяўчынкам 10 і 14 гадоў. Мы частуем іх ежай, а яны ўрываюцца ў дамы і гвалцяць, не шкадуюць нават дзяцей, страляюць у ногі. Што мне рабіць? Яны ходзяць па вёсцы, распытваюць пра маладых дзяўчат і прапануюць у абмен за іх дызельнае паліва», — распавядае жанчына па тэлефоне.
Па стане на чацвер, 7 красавіка, з пачатку вайны Расіі супраць Украіну загінулі 167 дзяцей, 297 атрымалі раненні. Украінская ўпаўнаважаная па правах чалавека Людміла Дзянісава адзначае, што прыведзеныя ёю даныя не з'яўляюцца канчатковымі, бо немагчыма праверыць фактычную колькасць забітых дзяцей на тэрыторыях, на якіх вядуцца ваенныя дзеянні, у прыватнасці ў Марыупалі, пісалі на партале niezalezna.pl.
«Польскае радыё»