Рускія ў Херсоне «ствараюць ілюзію таго, што ўсё прапала». Навошта?
Кіраўнік вайсковай выведкі Украіны назваў заявы аб «эвакуацыі» Херсона інфармацыйнай аперацыяй.

Расійскія войскі рыхтуюць глебу для таго, каб пры неабходнасці хутка пакінуць анексаваны Херсон. Аднак зараз яны яшчэ не сыходзяць з горада, а, наадварот, рыхтуюцца да яго абароны. Пра гэта заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны Украіны Кірыла Буданаў у інтэрв'ю «Украінскай праўдзе».
— У многіх аспектах гэта інфармацыйная аперацыя і маніпуляцыя. Ёсць некаторыя факты. Да прыкладу, выводзяць «Промсвязьбанк», іншыя фінансавыя структуры... цяжка параненых вывозяць, імкнуцца як мага хутчэй выпісваць з бальніц тых, хто можа хадзіць, і праводзяць гэтую вар'яцкую інфармацыйную кампанію, што «мы клапоцімся пра людзей» і да таго падобнае.

Гэта значыць, ствараюць ілюзію таго, што ўсё прапала. Разам з тым яны, наадварот, заводзяць туды новыя вайсковыя падраздзяленні і рыхтуюць вуліцы горада да абароны. Яны разумеюць, што, калі мы возьмем кантроль хаця б над Кахоўскай дамбай,.. ім трэба прымаць вельмі хутка рашэнне.
Або вельмі-вельмі хутка пакідаць горад і выходзіць, іначай яны рызыкуюць аказацца ў той сітуацыі, у якой раней аказаліся нашы падраздзяленні ў Марыупалі. .. І вось, разумеючы гэта ўсё, яны рыхтуюць глебу, каб, калі спатрэбіцца, вельмі хутка адтуль выйсці. Аднак яны не рыхтуюцца да выхаду зараз, яны рыхтуюцца да абароны.

Кірыла Буданаў таксама пракаментаваў здагадкі аб тым, што расійскія войскі плануюць падарваць дамбу Кахоўскай ГЭС, каб прыкрыць сваё адступленне. Са слоў Буданава, дамба часткова замініравана яшчэ з вясны, але для яе поўнага разбурэння закладзенай выбухоўкі недастаткова. Акрамя таго, поўнае разбурэнне дамбы нявыгадна Расіі, дадаў кіраўнік ГУВ.
На пытанне пра тое, што адбылося з Крымскім мостам, Буданаў адмовіўся адказваць прама: «Давайце лепш у іншы час пра гэта пагаворым». Пры гэтым ён назваў «правільнымі» словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб тым, што выбух на мосце мог стаць следствам унутранага канфлікту паміж расійскімі вайскоўцамі і супрацоўнікамі спецслужбаў.

Паводле «Украінская праўда», meduza.io