ISW: Расія пачынае адступаць з захаду Херсоншчыны
«Інстытут даследавання вайны» заяўляе, што расійская армія выводзіць сваіх салдат з заходняй часткі акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці.

Аналітыкі ISW спасылаюцца на паведамленні ўкраінскай арміі, якая напярэдадні заявіла, што расійскія сілы «досыць актыўна» перакідваюць боепрыпасы, тэхніку і некаторыя падраздзяленні з заходняга берага Дняпра на ўсходні і накіравалі каля дзвюх тысяч мабілізаваных на ўтрыманне лініі фронту — верагодна, каб прыкрыць адвод войскаў.
У той жа час, адзначаецца ў зводцы ISW, атрад, які ўтрымлівае абарону і прыкрывае адвод іншых сіл, павінен быць навучаным і прафесійным. «Малаверагодна, што дрэнна навучаныя, нядаўна мабілізаваныя расійскія рэзервісты выстаяць і будуць супраціўляцца ўкраінскай контратацы, калі ўкраінскія сілы вырашаць атакаваць іх і пераследаваць сілы, якія адыходзяць», — піша ISW.
Акрамя таго, Інстытут вывучэння вайны паўтарыў прагноз аб тым, што Расія, імаверна, збіраецца падарваць дамбу Кахоўскай ГЭС у Херсонскай вобласці, каб прыкрыць сваё адступленне і не даць украінскім войскам пераследаваць расійскія сілы ўглыб Херсонскай вобласці. Адказнасць за пашкоджанне дамбы РФ збіраецца ўскласці на Украіну. Тое самае заяўляюць і ва ўкраінскім Генштабе.

«Украіна не мае матэрыяльнай зацікаўленасці ў выбуху плаціны, якая можа затапіць 80 украінскіх гарадоў і прывесці да перамяшчэння соцень тысяч людзей, а таксама нанясе шкоду і без таго слабому энергазабеспячэнню Украіны», — адзначае ISW.
Выведка ЗША лічыць, што ва ўкраінскіх вайскоўцаў ёсць шэсць тыдняў, на працягу якіх яны могуць дамагчыся поспехаў у барацьбе з расійскімі войскамі, калі працягнуць наступ на поўдні і паўночным усходзе да таго, як умовы надвор'я прымусяць абодва бакі зрабіць паўзу і перагрупавацца. На думку амерыканцаў, імавернасць маштабнага правалу расійскіх сіл, які дазволіў бы Украіне вярнуць значную частку тэрыторыі, як гэта было ў верасні, невялікая, у той жа час асобныя расійскія падраздзяленні могуць здаць пазіцыі пад націскам украінскіх войскаў, што дазволіць Кіеву працягнуць адваяванне гарадоў Данецкай і Луганскай абласцей і, магчыма, вярнуць Херсон.