Сакавік можа стаць рэкордным па колькасці забітых ва Украіне расіян
Дынаміка паражэння расійскіх войскаў на фронце сведчыць пра тое, што дзякуючы ўкраінскім Сілам абароны страты арміі РФ перавысяць 30 тысяч цяжкапараненымі і забітымі за месяц. Як паведаміў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў, сакавік можа стаць рэкордным па колькасці знішчаных расіян. Ідуць 1496-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 147 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 30 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 штурм расіян у раёнах Біліцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Грышына, Удачнага, Тарэцкага, Пакроўску, Новамікалаеўкі, Маладзецкага, Дачнага, Філія і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 26 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Сцяпанаўкі, Русінага Яра, Навапаўлаўкі і Сафіеўкі.
На Купянскім кірунку армія РФ 12 разоў атакавала у раёнах Новаасінава, Петрапаўлаўкі, Новай Круглякоўкі, Багуслаўкі, Бароўскай Андрэеўкі.
На Аляксандраўскім Гуляйпольскім кірунках зафіксавана па дзесяць атак на кожным.
* * *
У ноч на 30 сакавіка па ўсёй Украіне двойчы абвяшчалі паветраную трывогу праз ракетную небяспеку. Былі зафіксаваныя ўзлёты МіГ-31К у Расіі. Гэты самалёт нясе ракеты «Кінжал».
У нядзелю ўвечары расійскія войскі нанеслі ўдар па аб'екце крытычнай інфраструктуры ў Чарнігаве.
У Таганрогу Растоўскай вобласці РФ заяўляюць пра атаку ўкраінскіх БпЛА, разбурэнні і эвакуацыю людзей, сацсеткі пішуць пра магутныя выбухі.
Губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар заявіў пра загінулага і параненага ў выніку атакі, а таксама пра разбурэнні і эвакуацыю людзей. «Ёсць узгаранні і разбурэнні на зямлі. Людзі эвакуіраваныя. Даныя ўдакладняюцца. На тэрыторыі Растоўскай вобласці абвешчаная беспілотная небяспека», – напісаў ён.
Таксама пра атаку БпЛА паведамляюць у Краснадары. Там адзін з дронаў нібыта ўрэзаўся ў шматпавярховік.
У Тальяці Самарскай вобласці РФ дроны атакавалі буйное прадпрыемства хімічнай прамысловасці «КуйбышаўАзот». Гэта ўжо другая атака за месяц на гэты хімзавод у Тальяці — папярэдні налёт беспілотнікаў на прадпрыемства прыпаў на 11 сакавіка.
* * *

* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю для NBC News заявіў, што ЗША цяпер у асноўным клапоцяцца пра сваю краіну. Пры гэтым ён спадзяецца, што прэзідэнту Дональду Трампу ўсё ж не абыякавая будучыня Украіны.
Падчас размовы прэзідэнту Украіны задалі пытанне, ці лічыць ён, што Трампа хвалюе будучыня Украіны. Зяленскі на імгненне замаўчаў, а потым сказаў наступнае: «Спадзяюся, што так. Вы ведаеце палітыку ЗША сёння. Яны больш клапоцяцца пра Злучаныя Штаты. Гэта, дарэчы, зразумела. Мы гэта разумеем, і я думаю, што амерыканская каманда вельмі адкрыта пра гэта кажа».
Днямі Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў яго з Дональдам Трампам склаліся «рабочыя адносіны», бо яны абодва хочуць пакласці канец вайне Расіі супраць Украіны.
* * *
Папа Рымскі Леў XIV заявіў у нядзелю, што Бог адхіляе малітвы лідараў, якія пачынаюць войны і маюць «рукі, поўныя крыві». Гэта незвычайна жорсткая заява для Пантыфіка.
Звяртаючыся да дзясяткаў тысяч людзей на плошчы Святога Пятра падчас Вербнай нядзелі — свята, якое адкрывае Страсны тыдзень перад Вялікаднем для 1,4 млрд каталікоў — Пантыфік назваў канфлікт «жахлівым» і заявіў, што Ісуса нельга выкарыстоўваць для апраўдання вайны.
«Гэта наш Бог: Ісус, Цар міру, які адхіляе вайну, якога ніхто не можа выкарыстоўваць, каб апраўдаць вайну», — сказаў Леў XIV.
Ён дадаў, спасылаючыся на Біблію, што Ісус «не слухае малітвы тых, хто вядзе вайну, а адхіляе іх». «Хоць вы і ўзносіце шмат малітваў, Я не буду слухаць — вашы рукі поўныя крыві», — працытаваў Леў XIV Святое Пісанне.
* * *
Дынаміка паражэння расійскіх войскаў на фронце сведчыць пра тое, што дзякуючы ўкраінскім Сілам абароны страты арміі РФ перавысяць 30 тысяч цяжкапараненымі і забітымі за месяц. Як паведаміў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў, сакавік можа стаць рэкордным па колькасці знішчаных расіян.
Дасягненне паказчыка ў 50 тысяч знішчаных расійскай салдат у месяц будзе мець для арміі РФ катастрафічныя наступствы, лічаць ва УСУ.