Намер Абдулая Вада, цяперашняга прэзідэнта Сенегала, перадаць уладу свайму сыну выклікаў пратэсты ў краіне. Карым — сын 85-гадовага прэзідэнта, які кіруе краінай з 2000 года. У пачатку лета Карым атрымаў пасаду суперміністра, што ў вачах грамадства значыла пачатак запуску аперацыі “пераемнік. Статус суперміністра дазваляе Ваду-малодшаму кіраваць адразу пяццю міністэрствамі, у тым ліку МЗС. Апазіцыя адразу абвясціла пра пачатак кампаніі супраць перадачы ўлады ад бацькі да сына. Кампанія атрымала падтрымку насельніцтва. У ліпені па краіне пракацілася хваля пратэстаў, апагеем якіх стаў пагром Міністэрства энергетыкі (ім таксама зараз кіруе сын гаранта). Самае прыкрае для сям’і Вада заключаецца ў тым, што пратэсты адбываюцца на фоне афіцыйнай істэрыкі вакол эвакуацыі з краіны французскіх войскаў. Французскія вайскоўцы знаходзіліся ў Сенегале амаль 200 гадоў. Дзіўным чынам вывад войскаў садзейнічаў росту антыўрадавых настрояў, паколькі напярэдадні суперміністр заклікаў французскі корпус абараняць сенегальскія дзяржаўныя інстытуты, якія ў тым ліку “прадстаўляюць французскія інтарэсы. Прэзідэнцкія выбары ў Сенегале прызначаныя на люты 2012 года.
Па матэрыялах “Jungle World (Германія)