СМІ: Мінабароны Грузіі магло перадаць Расіі інфармацыю пра грузінскіх добраахвотнікаў ва Украіне
Грузінскі апазіцыйны тэлеканал «Мтавары архі» («Галоўны канал») у панядзелак увечары выпусціў расследаванне, у якім сцвярджае, што Міністэрства абароны Грузіі магло даць Расіі інфармацыю пра былых вайскоўцаў, якія цяпер ваююць ва Украіне супраць расійскай арміі.
У сюжэце «Мтавары архі» сцвярджаецца, што асабістыя справы грузінскіх вайскоўцаў патрапілі ў рукі так званай «народнай пракуратуры ЛНР», якая публікавала фота нібыта з былой трэніровачнай базы ўкраінскіх вайскоўцаў пад Лісічанскам, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра грузінскага афіцэра Міхеіла Камхадзэ, які служыць у шэрагах Узброеных Сіл Украіны яшчэ з 2017 года. У ЛНР апублікавалі дакументы з поўнай інфармацыяй пра яго і яго сямейнікаў — у тым ліку іх адрасы і месцы працы.
Сам Камхадзэ сцвярджае, што ніколі не быў у Лісічанску, а тэчку з ягонай асабістай справай мог прадаць Расіі хто-небудзь з архіўнага дэпартамента Міністэрства абароны Грузіі.
Яшчэ адным грузінам, чыя асабістая справа ёсць у РФ — Надым Хмаладзэ. Ён сцвярджае, што яго справу разам са звесткамі пра ягоную сям'ю апублікавалі на адным з прарасійскіх Telegram-каналаў яшчэ ў сакавіку, але ён не ведае, адкуль узялася інфармацыя.
Пасля выхаду расследавання «Мтавары архі» грузінская апазіцыя адразу раскрытыкавала ўлады, абвінаваціла іх у «здрадзе і калабарацыянізме», а таксама заявіла пра расійскі ўплыў у Міністэрстве абароны Грузіі.
Да гэтага часу ні ведамства, ні прадстаўнікі грузінскіх уладаў гэтыя абвінавачванні ніяк не каментавалі.
Дакладна невядома, колькі добраахвотнікаў з Грузіі ваюе ва Украіне супраць Расіі, але іх колькасць ацэньваецца ў сотні. У прыватнасці, яны ваююць у «Грузінскім легіёне», батальёне «Азоў», Інтэрнацыянальным легіёне.