Святары УПЦ пішуць патрыярху Кірылу пра выхад з Маскоўскага патрыярхату
Шэраг святароў Украінскай Праваслаўнай Царквы запісалі зварот да патрыярха Кірыла і мітрапаліта Ануфрыя, у якім просяць падняць пытанне аб выхадзе царквы з Маскоўскага патрыярхату з-за замоўчвання яго кіраўніцтвам вайны ва Украіне і папушчальніцтва расійскім уладам.
«Мы лічылі вас айцом, а вы аказаліся горшым за айчыма. Бог вам суддзя. Я звяртаюся да свайго пробашча благаслаўлёнага Мітрапаліта Ануфрыя з просьбай ініцыяваць скліканне Памеснага сабора УПЦ — на якім падняць пытанне аб недарэчнасці знаходжання ў складзе Маскоўскага патрыярхату і змене кананічнага статусу нашай Царквы», — заявіў Пятро Семашчук, настаяцель храма Феадора Асвячонага, паведамляе hromadske.ua.
Святары таксама заявілі, што не будуць згадваць імя Патрыярха Кірыла падчас набажэнстваў, а некаторыя адзначылі, што не хочуць мець з ім увогуле нічога супольнага.
«Вось ужо некалькі дзён, як я перастаў на набажэнствах памінаць Патрыярха Кірыла, які сваім злачынным маўчаннем дабраслаўляе ўвесь той жах, што адбываецца ў маёй Украіне. Ён дабраслаўляе сваім маўчаннем пуцінскую расійскую агрэсію супраць маёй краіны», — сказаў Аляксандр Сарокін, клірык Кіеўскай епархіі Святатраецкага храма Кіева.