Школьны альбом выпускнікоў Чарнігава. Кранальныя фота

У многіх украінскіх школьнікаў у гэтым годзе вайна адабрала галоўнае свята юнацтва — выпускны баль. Паветраныя трывогі замест апошняга званка, разваліны школы замест урачыстай залы. Зрэшты, памяць аб гэтым выпуску можна захаваць у асаблівай фотасесіі.


Фатограф з Івана-Франкоўска Станіслаў Сенік арганізаваў здымку для выпускнікоў з Чарнігава на фоне разбураных гарадскіх пабудоў.


«Я хацеў распавесці свету пра тое, што адбываецца ва Украіне, здымаў рэпартажы для сусветных СМІ, а потым нарадзілася ідэя школьнай фотасесіі на руінах», — распавядае фатограф BBC.


Ён кажа, што школьныя фотаальбомы заўсёды робіць з думкай аб тым, што праз 5-10 гадоў цяперашнія падзеі будуць успрымацца інакш. Таму вельмі важна захаваць іх у моманце.


Сенік распавядае, што не ўсе згаджаліся на такую здымку, лічачы, што гэта недарэчна, але праз некаторы час ён знайшоў выпускнікоў з трох школ Чарнігава.

Кожны клас прапанаваў сваю лакацыю для здымкаў — месцы ў Чарнігаве, найбольш пацярпелыя ад абстрэлаў. «Тое, што дзеці паказалі так шмат розных лакацый, кажа пра тое, як моцна разбураны іх горад», — дадае Сенік.


«Гэта было эмацыйна няпроста, але мы хацелі паказаць, што мы так жывем — кажа выпускніца школы №12 Вольга. — Мы дзеці, якія 24 лютага тварам да твару сустрэліся з вайной і рэзка сталі дарослымі».


На думку фатографа, здымка стала для дзяцей пераломным момантам. «Мяне ўразіла, што яны распавядалі з гумарам аб тым, што перажылі. Мне падалося, што яны сталі мацней», — кажа Станіслаў Сенік.


Чарнігаў з канца лютага да канца сакавіка знаходзіўся практычна ў асяроддзі расійскай арміі і падвяргаўся сталым моцным абстрэлам. Размешчаны на шляху ад мяжы да Кіева горад узяў на сябе частку ўдару расійскіх войскаў і дапамог стрымаць наступ на сталіцу Украіны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: